У актуальнай праграме праскага тэатру «Кампа» (Divadlo Kampa) знаходзіцца спэктакль «Ганна Карэніна», пастаўлены дырэктаркай і рэжысэркай тэатру Івэтай Душкавай на падставе вядомага раману Льва Талстога.
«Мінімалістычная», абмежаваная да пяцёркі актораў, адаптацыя Івэты Душкавай разьвівае сюжэтныя лініі Ганны Карэнінай/Аляксея Ўронскага ды Кіты Шчарбацкай/Канстанціна Левіна, пакідаючы «па-за кадрам» пэрыпэтыі Долі і Сьцяпана Аблонскіх.
Спэктакль, прэм’ера якога адбылася ў красавіку 2017, ідзе пры запоўненай глядацкай залі, выклікаючы і сьлёзы, і сьмех зачараванай публікі. Асабліва бліскуча выконваюць свае ролі Агата Душкава (Кіты) і Марэк Мэншык (Левін).
Your browser doesn’t support HTML5
Неспадзяванкай для беларускага гледача спэктаклю будзе беларуская калыханка, якая гучыць як музычнае суправаджэньне сцэны разьвітаньня Ганны Карэнінай з сынам. Калыханку выконвае Вэсна Касэрэс, сьпявачка, якая нарадзілася ў Харватыі ў чэска-славенскай сям’і.
«Я ня ведаю расейскіх калыханак, а таму не магла засьпяваць па-расейску, калі Івэта мяне папрасіла. Я засьпявала па-беларуску, і ўсе сказалі — во як здорава! Для чэскага вуха беларуская калыханка гучыць даволі падобна да расейскай. У кожным разе — ніхто да гэтага часу не сарыентаваўся, што ў чэскай адаптацыі сусьветна вядомага расейскага клясыка гучыць беларуская песьня. А нават калі і сарыентаваўся, то ніхто мяне не папракнуў за гэта», — з хітраватай усьмешкай патлумачыла Свабодзе Вэсна Касэрэс.
Я была ў стэрыльным і халодным беларускім горадзе
Вэсна Касэрэс (Vesna Cáceres) ― сьпявачка, акардэаністка, кампазытарка. Выдала тузін альбомаў з джазавай музыкай, далматынскімі песьнямі ды бразыльскай самбай і боса-новай. Жыве ў Празе.
Наступны паказ «Ганны Карэніна» на сцэне тэатру «Кампа» адбудзецца 13 чэрвеня а 19.30.