Міністэрства адукацыі не адказала беларускамоўным бацькам. Яны рыхтуюць скаргу

Подпісы за беларусізацыю, перададзеныя ў Міністэрства адукацыі

Бацькі, якія падпісалі калектыўную пэтыцыю супраць дыскрымінацыі дзяцей паводле моўнай прыкметы, раней атрымалі адказ з камітэту адукацыі Менгарвыканкаму, аднак міністэрства маўчыць ужо больш за месяц, адведзены законам.

Цяпер рыхтуецца скарга, каб, у адпаведнасьці з артыкулам 9.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, прыцягнуць асобных супрацоўнікаў адукацыйнага ведамства да адказнасьці.

Пэтыцыю «Пераможам дыскрымінацыю дзетак па моўнай прыкмеце!» сабрала 3095 галасоў. 12 красавіка зварот быў накіраваны у Міністэрства адукацыі. Да сёньня ніякай рэакцыі адтуль няма, што зьяўляецца парушэньнем артыкулу 17 закону «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў».

Сэнс ліста, які прыйшоў з камітэту адукацыі Менгарвыканкаму, зводзіцца да наступнага: «Групы (садкi) зь беларускай мовай навучаньня адкрываюцца па жаданьні большасьцi бацькоў. Навучальны працэс у iх праходзiць на беларускай мове».

Беларускамоўныя бацькі на прыёме ў Мінадукацыі

Сёлета ў красавіку актывістка за правы беларускамоўных бацькоў Аляксандра Баярына апублікавала адмоўны адказ адміністрацыі Першамайскага раёну Менску на просьбу стварыць рознаўзроставую групу ў дзіцячым садку зь беларускай мовай навучаньня — спасылаючыся на Канстытуцыю, бацькі прасілі стварыць групы «паводле прыярытэту не тэрытарыяльнага прынцыпу, а наяўнасьці цьвёрдага жаданьня выхоўваць дзіця па-беларуску». Цяпер у Менску няма ніводнай групы ў садках, дзе дзеці былі б сабраныя паводле моўнай прыкметы.

Адмову ўлады абгрунтавалі тым, што ў Першамайскім раёне ўжо ёсьць 54 групы «зь беларускай мовай навучаньня». Аднак Аляксандра Баярына сьцьвярджае, што ў такіх групах беларуская мова практычна не гучыць. Бацькі праверылі больш як сотню менскіх садкоў. Паводле аднаго з водгукаў, толькі ў 314-м садку склалася адна група, дзе ўсе дзеці зь беларускамоўных сем’яў. У астатніх толькі частка дзяцей і частка выхавальніц размаўляюць па-беларуску.

За апошнія месяцы бацькоўскія дэлегацыі некалькі разоў былі на прыёмах у кіраўнікоў Міністэрства адукацыі, але плёну ў вырашэньні моўнага пытаньня пакуль няма.