Ляўрэатам прэстыжнай літаратурнай Букераўскай прэміі (MAN Booker International Prize) сёлета стала Вольга Такарчук. Польская пісьменьніца ўганараваная за кнігу «Biegunі». Па-ангельску яна выйшла летась пад назвай «Flights».
Польская назва кнігі азначае стараабрадцаў, «бегуноў» або «бежанцаў», якія верылі, што сьвет прасякнуты злом і што адзінай магчымасьцю ўцячы ад гэтага зла — быць у пастаянным руху. Галоўная тэма раману — экзыстэнцыяльная сытуацыя чалавека, які падарожнічае. Biegunі — гэта мэтафара сучасных вандроўнікаў. Над кнігаю аўтарка працавала тры гады і пісала яе пераважна ў дарозе.
Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася ў аўторак увечары ў Музэі Вікторыі і Альбэрта ў заходнім Лёндане. Прэмія MAN Booker International Prize уручаецца з 2005 году за кнігі, перакладзеныя на ангельскую мову. Ляўрэат і перакладчык атрымліваюць узнагароду — 50 тысяч фунтаў. Раней прэмію MAN Booker International атрымлівалі Эліс Мунро і Філіп Рот. Летась яе ляўрэатам стаў ізраільскі пісьменьнік Давід Гросман.
Вольга Такарчук стала першай у гісторыі жанчынай-ляўрэаткай гэтай прэстыжнай прэміі з Усходняй Эўропы.