У эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч пракамэнтаваў зьбіцьцё эканаміста Сяргея Чалага ў Менску.
«Сьпяшаюся расчараваць усіх тых, хто спрабаваў падвесьці падаплёку пад шараговае злачынства, у тым ліку і самога пацярпелага», — адзначыў Шуневіч.
Міністар дадаў, што Чалы пацярпеў у выніку п'янай бойкі. Ён ня выключыў, што крымінальная справа скончыцца судом. Сьледзтва, на ягоную думку, установіць ініцыятараў. У распараджэньне сьледчых запісы відэаназіраньня.
«Факт застаецца фактам — банальная пʼяная бойка дзьвюх кампаній. Таму нажаль і ох. Але нічога іншага пракамэнтаваць і сказаць не магу», — сказаў Шуневіч.
Сяргея Чалага зьбілі пяцёра невядомых у ноч на 19 траўня ў двары дома па вуліцы Леніна ў Менску, за ГУМам. Ён знаходзіцца знаходзіцца ў шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа.
Паводле міліцыі, напад «дакладна ня быў сплянаваны». Па выніках апытаньня падазраваных выяўлена, што эканаміст Сяргей Чалы зь сябрамі і кампанія зь пяці чалавек «расьпівалі сьпіртныя напоі ў двары».
На сайце міліцыі паведамляецца пра чатырох мужчынаў, затрыманых і зьмешчаных у Цэнтральны РУУС Менску. Пакуль ім ня выстаўленае абвінавачаньне.
Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова сьцьвярджае, што затрыманая таксама яшчэ адна жанчына, якая «ня брала актыўнага ўдзелу ў канфлікце», цяпер ідзе допыт (далейшае затрманьне жанчыны ў якасьці падазраванай «не плянуецца»). Ганчарова заяўляе, што «колькасьць журналістаў, якія патэлефанавалі па зьбіцьці Чалага, нуль», на тэлефанаваньні Свабоды сама яна не адказвае.