Мішэль і Барак Абамы заснавалі ўласную прадусарскую кампанію

Былая прэзыдэнцкая пара ЗША, Мішэль і Барак Абамы, зарэгістравалі ўласную прадусарскую фірму Higher Ground Productions і падпісалі шматгадовы кантракт з найбуйнейшым у сьвеце стрымінгавым сэрвісам Netflix.

Абамы будуць здымаць і прадаваць уласныя тэлесэрыялы, дакумэнтальныя фільмы і reality show. Вядома, што ў тэлепрадукцыі Абамаў ня будзе закранацца бягучая палітычная сытуацыя ў ЗША. Не прадугледжваюцца і матэрыялы з крытыкай Дональда Трампа.

«Прэзыдэнт і спадарыня Абама заўсёды верылі ў натхняльную сілу гісторыі. Яны часта намагаліся распавядаць гісторыі людзей, дзякуючы якім сьвет зьмяняецца ў лепшы бок. Падаецца, што праца ў СМІ будзе выдатным месцам для таго, каб гэта працягваць», — распавёў дарадца экс-прэзыдэнта Эрык Шульц.

Калі на Netflix зьявіцца першая тэлепрадукацыя кампаніі Абамаў пакуль не паведамляецца. На новую прадукцыю Netflix прызначыць сёлета 8 млрд даляраў. Ва ўсім сьвеце паслугамі сэрвісу карыстаецца 125 млн чалавек.