Памежнікі Жытомірскага атраду супольна з прадстаўнікамі Нацыянальнай паліцыі вобласьці затрымалі чатырох грамадзян, якія незаконна трапілі ў чарнобыльскую зону.
Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, двое з затрыманых экстрэмальных турыстаў выявіліся грамадзянамі Беларусі, яшчэ двое — Украіны.
На іх склалі пратаколы аб парушэньні патрабаваньняў рэжыму радыяцыйнай бясьпекі ў мясцовасьцях, якія пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і прызнаныя зонамі адчужэньня ды адсяленьня.
Згодна з артыкулам 46-1 Кодэксу Ўкраіны аб адміністратыўных правапарушэньнях з усіх турыстаў спагнаны штраф у памеры ад 425 да 510 грыўняў (прыкладна 20 даляраў у эквіваленце).
Летась у лістападзе ў чарнобыльскай зоне загінуў беларускі турыст-экстрэмал, 33-гадовы жыхар Жодзіна. Ён нелегальна трапіў у Чарнобыль-2 разам зь іншымі «сталкерамі» — яшчэ адным беларусам і расейкаю.
Сёлета ў сакавіку Дзяржаўнае агенцтва Ўкраіны ў справе кіраваньня зонай адчужэньня спрасьціла для турыстаў парадак наведваньня Чарнобыльскай АЭС. Зарэгістраваўшыся папярэдне, турысты могуць азнаёміцца з закрытымі раней для наведваньня аб’ектамі станцыі. Кошт экскурсійнага туру для замежных грамадзян — 500 грыўняў. Гэта менш, чым штраф за несанкцыянаванае наведваньне чарнобыльскай зоны.