«Тамарына сядзіба». Першы сямейны музэй зьявіўся ў Аршанскім раёне

Юры Нагорны і партрэт жонкі

Актывіст ТБМ Юры Нагорны зь мястэчка Барань выканаў абяцаньне, дадзенае над магілай жонкі, і стварыў музэй свайго роду.

На Аршаншчыне адкрыўся першы прыватны сямейны музэй. Яго стваральнік, былы дырэктар школы, колішні старшыня Баранскага гарвыканкаму і актывіст Таварыства беларускай мовы Юры Нагорны прысьвяціў экспазыцыю сваёй жонцы — гэта яна марыла зафіксаваць у экспанатах гісторыю свайго роду, але не пасьпела зрабіць гэта пры жыцьці.

Звычайнае лецішча стала сядзібай, а летняя кухня — музэем

Больш ні ў кога ў вёсцы Селішча няма такой брамы. На ёй намаляваныя хлеб-соль на вышываным ручніку, а зьверху надпіс — «Тамарына сядзіба». Неабазнаны мінак можа падумаць, што гэта нейкі аб’ект агратурызму. Але мясцовыя ведаюць: за плотам — лецішча Нагорных, настаўнікаў-пэнсіянэраў з Барані, мястэчка пад Воршай.

Паўтара года таму тут застаўся адзін гаспадар, Юры Аляксандравіч. Ягоная жонка Тамара Іванаўна, пайшла ў лепшы сьвет у студзені 2017-га, пакінуўшы па сабе ўспаміны шматлікіх вучняў дзьвюх баранскіх школ, дзе яна працавала настаўніцай беларускай мовы.

Юры Нагорны каля брамы

Юры Нагорны сустракае гасьцей каля брамы і вядзе па падворку, расказваючы пра жонку і дадзенае ёй абяцаньне.

«Тамара проста „гарэла“ музэйнай справай: сама стварыла ў Барані два музэі. Адзін — „Аршаншчына літаратурная“, у школе № 15, якая месьціцца на вуліцы імя нашага земляка, байкапісца Ўладзімера Корбана. Другі — этнаграфічны, „Баранская сяліба“, у нашай гімназіі. І была ў яе яшчэ думка — стварыць музэй уласнага роду, захаваць памяць пра дзядоў. Але здарыўся няшчасны выпадак, Тамары ня стала. І на памінках я пакляўся, што да яе 70-годзьдзя сам зраблю музэй, пра які яна так марыла!» — прыгадвае спадар Юры.

Музэй месьціцца ў асобнай хатцы — былой летняй кухні

Сямейны музэй Нагорных месьціцца ў летняй кухні — асобнай хатцы на вялікім падворку з градамі і клюмбамі. Клюмбаў болей: Тамара Іванаўна вельмі любіла кветкі і шмат імі займалася. Летняя кухня таксама была збудавана на яе просьбу. Таму і музэй разьмясьціўся менавіта тут.

Музэй як прызнаньне ў каханьні

Звонку наведнікі бачаць некалькі этнаграфічных экспанатаў, звыклых сялянскіх прыладаў. На двух цьвічках паабапал дзьвярэй — бел-чырвона-белая стужка. Яна засталася з адкрыцьця музэю, якое прайшло дакладна тады, калі паабяцаў на пахаваньні жонкі Юры Аляксандравіч, — 9 траўня, у дзень яе народзінаў. Кожнаму зь сяброў сям’і, якія прыехалі на адкрыцьцё, спадар Нагорны абяцае адрэзаць кавалачак стужкі на памяць.

Этнаграфічныя экспанаты

Сярод тых, хто чакае памятнага сувэніру, — паэт Кастусь Севярынец, які калісьці быў галоўным рэдактарам газэты «Красный Октябрь» — «шматтыражкі» аднайменнага прадпрыемства ў Барані. Тут з Нагорнымі пазнаёмілася і Тацяна Севярынец, а іхныя трое дзяцей вучыліся ў сярэдняй школе № 15, дзе працавала Тамара Іванаўна, а Юры Аляксандравіч быў дырэктарам. Быў ён і старшынём Баранскага гарсавету. Але зацятым «функцыянэрам» ня стаў, заўсёды заставаўся таварыскім, «сваім», а таму і музэй атрымаўся вельмі «чалавечны», лічыць Кастусь Севярынец.

«Чым адметны музэй? Тым, што гэта не „ўстанова“, а прызнаньне ў каханьні. Нагорныя заўжды былі добрай сям’ёй, шанавалі адно аднаго. І музэй атрымаўся камэрны. У ім ёсьць чалавечнасьць, якой так бракуе нашай культуры. Лукашэнка абвясьціў Год малой радзімы, але ў нас падобныя заклікі наскрозь прасякнутыя афіцыёзам. А тут відаць, што людзі ўклалі ў гэтую сядзібу сваю душу», — кажа спадар Кастусь.

Кастусь Севярынец чытае верш падчас адкрыцьця сямейнага музэю:

Усё пачалося са словаў Арлова

Юры Нагорны прызнаецца, што ідэя сямейнага музэю нарадзілася пасьля сустрэчы зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым. Уразілі ягоныя словы наконт таго, што многія беларусы ня ведаюць свой род хаця б да трэцяга калена, а найлепш было б ведаць і да пятага, дадае Юры Аляксандравіч.

Фрагмэнт экспазыцыі

«Вось гэта мяне закранула за жывое. Я пачаў шукаць зьвесткі пра свой род і пра род сваёй жонкі. Яе дзявочае прозьвішча Малашэвіч, яна паходзіць з Капыльшчыны. А я з Наваградчыны. Мы вучыліся разам на філфаку ва ўнівэрсытэце, гэта быў «зорны» курс — Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Анатоль Бутэвіч, мой найлепшы сябар Віктар Ярац, Тацяна Шамякіна, Яўген Хвалей, Алена Руцкая... У сям’і жонкі былі толькі сёстры, і таму мой цесьць казаў: «Калі народзіце мне хоць аднаго сына, я буду самы шчасьлівы! А ў нас нарадзіліся два сыны, і ўжо трое ўнукаў», — з гонарам кажа Юры Нагорны.

Юры Нагорны

Фатаздымкі студэнцкіх гадоў, першыя сямейныя, дзе Нагорныя — ужо муж і жонка, граматы за пэдагагічную дзейнасьць, дыплёмы за розныя дасягненьні ад савецкага часу да апошніх гадоў складаюць вялікую частку экспазыцыі музэю. Здымкі з падарожжаў у знакавыя мясьціны — каля помніка Ўладзімеру Караткевічу, у Бычках, на малой радзіме Васіля Быкава, і фатакарткі зь сямейнага альбому, спачатку зь дзецьмі, а потым і з унукамі, — у іх уся гісторыя сям’і Юрыя і Тамары Нагорных.

Экспанаты-ўспаміны

Зрэшты, на ўсе экспанаты ў адным пакоі бракуе месца. Тым больш што сыны гатовыя працягваць «музэйную справу». У абодвух ужо ёсьць уласныя сямейныя біяграфіі. Старэйшы, Сяргей Нагорны, скончыў інстытут замежных моваў, некаторы час працаваў у Міністэрстве культуры, потым пайшоў на дыпляматычную службу, працаваў у амбасадзе Беларусі ў Варшаве, пасьля ў Індыі, цяпер у Вашынгтоне, у прадстаўніцтве Беларусі, дарадцам у эканоміцы і гандлі. Малодшы сын Максім стаў прадпрымальнікам, займаецца аўтаперавозкамі, жыве ў Барані. Паабяцаў бацьку, што збудуе для музэю яшчэ адно памяшканьне, больш прасторнае.​

З «Кнігі ўспамінаў і водгукаў»

Юры Нагорны чакае пасьлядоўнікаў

Пагалоска пра першы сямейны музэй выклікае цікавасьць. Вядома ж, у ім пабывалі многія жыхары Селішча — па сутнасьці, ужо аднавяскоўцы, бо Нагорныя набылі тут лецішча 10 гадоў таму. Прыяжджаюць і наведнікі з Воршы, з Барані.

Ганна Сьвішчова зь пяцігадовай дачкой Настай прыехала з суседняга пасёлку Балбасава. Наступным разам плянуе прыехаць з мужам ды прыхапіць малодшую, двухгадовую, дачку — бо музэй сямейны.

Ганна Сьвішчова з дачкой

Ганна ведала Тамару Іванаўну, сустракалася зь ёй на розных імпрэзах.

«Найперш гэта музэй сям’і, за што дзякуй Юрыю Аляксандравічу. Тут ёсьць што паглядзець людзям рознага ўзросту. Настачка разглядала рэчы на падворку, вучыла беларускія словы „глечык“, „вага“, „кола“. А мне цікавейшыя фатаздымкі, бо на іх шмат тых, каго і я ведаю», — кажа спадарыня Ганна.

Афармленьнем экспазыцыі на запрашэньне Юрыя Нагорнага займаўся аршанскі мастак Алесь Кажамяка.

У плянах Юрыя Нагорнага, апрача пашырэньня музэю, ёсьць і яшчэ адзін пункт.

«З гісторыі вядома, што стварэньнем уласных музэяў займаліся шляхецкія роды, а я роду сялянскага. Але ж гэта для ўсіх важна — каб нас памяталі нашыя ўнукі і праўнукі. Таму думаю: а раптам мой музэй падштурхне да таго ж самага маіх аднавяскоўцаў зь Селішча? Няхай нехта яшчэ пачне зьбіраць экспанаты сваёй сям’і, а суседзі паглядзяць — і таксама падтрымаюць», — кажа Юры Аляксандравіч.

Юры Нагорны

А яшчэ ў яго ёсьць задума арганізаваць сьвята сваёй вёскі. Падобныя падзеі зазвычай ладзяцца ўвосень, але спадар Нагорны мяркуе, што гэта можна зрабіць і ўвесну, бліжэй да 9-га траўня, дня народзінаў Тамары Іванаўны. І правесьці гэтае сьвята тут, каля «Тамарынай сядзібы», у памяць пра ўсіх вяскоўцаў-сваякоў — «дзядоў», як іх прынята называць. Бо «дзяды» зь нябёсаў заўжды спрыяюць беларусам. Так людзі кажуць.