Мастачка з Бабруйску рысуе палітыкаў, каб «дадаць у творчасьць пярчынку»

Юлія Кравец

Прыхільнікі Гілары Клінтан не даравалі ёй партрэта Дональда Трампа, а расейскія сябры — Барака Абамы. Партрэт Аляксандра Лукашэнкі выклікаў хвалю незадаволенасьці мастачкай і галоўным героем сюжэту.

Самавучка з Бабруйску Юлія Кравец рысуе кіраўнікоў дзяржаў алоўкам і выкладае іх у сацыяльныя сеткі. У яе галерэі — каралева Вялікай Брытаніі, прэзыдэнты ЗША, манархі краінаў Блізкага Ўсходу ды шмат хто яшчэ.

Рысункі выклікаюць «жывую рэакцыю»

Рысаваць палітычных лідэраў Юлія пачала колькі гадоў таму. Яна кажа, кіраўнікі дзяржаў заўжды выклікаюць «жывую рэакцыю публікі». Водгукі для мастака, цьвердзіць Юлія, важныя, паколькі дапамагаюць разьвіваць творчасьць.

Беларусь Юліі Кравец

«Неістотна нават, нэгатыўныя ці пазытыўныя яны. Галоўнае, каб пра рысунак гаварылі. Акрамя таго, часам у творчасьць хочацца дадаць пярчынку, і малюнкі палітыкаў — сама тое», — падкрэсьлівае мастачка.

«Я не імкнуся выведаць таямніцы асабістага жыцьця маіх герояў, — кажа яна далей. — Мне яны цікавыя манерай трымацца, уменьнем падаваць сябе і тым, як ім удаецца весьці за сабой грамадзтва і заставацца для яго лідэрам».

Намалявала Трампа, каб «прывабіць пэўную аўдыторыю»

Мастачка падкрэсьлівае, што імкнецца быць па-за палітыкай, калі малюе кіраўніка дзяржавы. Так яна малявала партрэт Дональда Трампа. Гэтая праца пасварыла яе зь сябрамі ў сацыяльных сетках. Ад яе адпісаліся прыхільнікі Гілары Клінтан.

«Я намалявала Трампа з тых жа прычынаў, што і Лукашэнку: каб прывабіць пэўную аўдыторыю да сваёй творчасьці. Але такой рэакцыі не чакала», — прызналася Юлія.

Адзін з рысункаў з Дональдам Трампам, які пасварыў мастачку з прыхільнікамі Клінтан

«Трамп пасьпяховы бізнэсовец. Відаць, у яго палітыцы зашмат папулізму, але ён да яе падыходзіць, як падыходзіў бы да новага для сябе бізнэсу. Ён гаворыць тое, што падабаецца публіцы, хоць робіць гэта даволі рэзка, — разважае мастачка. — Гілары Клінтан, як мне здаецца, больш гаворыць пра абстрактныя для чалавека рэчы, а Трамп — пра канкрэтныя. Прыкладна так падае сябе: хочаце працоўных месцаў — будуць».

Рысунак сям’і Барака Абамы стаўся прычынаю таго, што ад бабруйскай мастачкі адпісаліся сябры з Расеі. Гэта быў час, згадала яна, першых санкцыяў, у адказ на падзеі ва Ўкраіне.

«Тады я шмат зрабіла рысункаў пра Ўкраіну. Была ў мяне работа і з патрыятычным украінскім танкам. Таму ўкраінскія матывы наклаліся на сям’ю Барака Абамы, і як вынік у мяне паменшала расейскіх сяброў. Балазе, іх было няшмат», — усьміхаючыся, прыгадала суразмоўца.

Сям’я Абамы пасварыла мастачку з расейскімі знаёмымі

На яе думку, сям’я Абамы «дэманстравала адкрытасьць сьвету». Яны ўсьміхаліся і валодалі майстэрствам самаіроніі, адзначыла яна.

«Маё жыцьцё фармавалася пры Лукашэнку»

Апошнія тры месяцы Юлія жыве ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — Абу-Дабі. Кажа, што паехала ў гэтую далёкую краіну па натхненьне. Там у яе шмат сяброў.

У Эміратах Юлія намалявала Аляксандра Лукашэнку. Яна зьвярнула ўвагу, што на яго ў сацыяльных сетках «больш карыкатур, чым нармальных партрэтаў», і ёй закарцела «выправіць гэты хіб». Камэнтары да партрэта Лукашэнкі, прызналася мастачка, былі ў асноўным нэгатыўныя і зьняважлівыя.

Адзін з партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі, які выклікаў крытыку мастачкі сябрамі з сацыяльных сетак

Калі працавала над малюнкам, адзначыла яна, то старалася дыстанцыявацца ад яго палітыкі і мэтадаў кіраўніцтва.

«Для мяне на гэты момант неаспрэчным фактам застаецца тое, што ён кіраўнік дзяржавы і лідэр для немалой колькасьці беларусаў, — патлумачыла Юлія. — Маё жыцьцё фармавалася пры ягонай уладзе. Вядома ж, я магу ўявіць сваё жыцьцё безь яго, але мне думаецца, што гэты кіраўнік дзяржавы зьменіцца, калі зьменяцца самі беларусы. Ці гатовыя яны да гэтага — іншае пытаньне».

Рысункі эмірацкіх шэйхаў выклікалі найбольш пазытыву

Пра Юліну творчасьць ужо пасьпелі напісаць газэты ў Эміратах. Нагодай сталі яе партрэты мясцовых манархаў.

«У мяне пыталіся, чаму я нарысавала партрэт іхнага эміра. Адказ просты: мне спадабалася, як нязвыкла для мяне, эўрапейкі, ён выглядае. Нібы казачны кароль», — тлумачыць мастачка.

Палітык з Усходу

«У Эміратах, як я заўважыла, дужа любяць сваіх манархаў, — працягнула яна. — Іх партрэты на машынах, на сьценах, паўсюдна. У нас я не ўяўляю, каб нехта намаляваў Лукашэнку гэтак жа. Незадаволеных палітыкай караля я тут не сустракала. Можа, таму, што вельмі добра працуе цэнзура».

Рысункі эмірацкіх манархаў выклікалі найбольш пазытыву, адзначыла Юлія. Для Беларусі рысунак Лукашэнкі, кажа яна, хутчэй разглядаўся б як правакацыя.

У каралевы Лізаветы ІІ выхаванасьць, узгадаваная пакаленьнямі брытанскіх манархаў

Першай жа з кіраўнікоў дзяржаў Юлія наважылася нарысаваць каралеву Вялікай Брытаніі Лізавету ІІ. У каранаванай асобе ёй спадабалася «шляхетнасьць паводзінаў ды стрыманасьць у выказваньнях».

Адзін з партрэтаў каралевы Вялікай Брытаніі

«У яе шчырая ўсьмешка, тонкае пачуцьцё гумару. Яна трымаецца на публіцы сьціпла і не дазваляе сабе рэзкіх выпадаў. Адчуваецца выхаванасьць, узгадаваная не адным пакаленьнем брытанскіх манархаў», — тлумачыць суразмоўца.

Каралева Вялікай Брытаніі нагадвае Юліі жаночыя пэрсанажы зь беларускай гісторыі. Яна прызнаецца, што хоча намаляваць Барбару Радзівіл, у якой, на яе думку, ёсьць падабенства зь Лізаветай ІІ.

Зь беларускіх жанчын, якія маглі б папоўніць галерэю, Юлія бачыць Саламею Рэгіну Русецкую. Аўтарка прыгодніцкага раману «Авантуры майго жыцьця», кажа Юлія, як вынікае зь яе мэмуараў, мела не ўласьцівы для жанчыны свайго часу характар. Імпануе мастачцы, што Русецкая была першай жанчынай-лекаркай у Рэчы Паспалітай.

«Я наагул у захапленьні ад лекараў. Яны для мяне, як для кагосьці зоркі кіно ці музыкі», — кажа дзяўчына.

Партрэт прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона

У калекцыі бабруйскай мастачкі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і жонка брытанскага прынца Ўільяма Кейт Мідлтан.

Пачала з герояў міталёгіі...

Юлія ня мае спэцыяльнай мастацкай адукацыі. Яна скончыла Гомельскі ўнівэрсытэт замежных моваў ды вывучала эканоміку і мэнэджмэнт у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Першыя рысункі былі зьвязаныя зь міталёгіяй. Я малявала індзейцаў, герояў скандынаўскіх сагаў, а таксама нашых беларускіх мітычных пэрсанажаў — лесуна, вадзяніка. Сюжэты тады ўдаваліся ня дужа радасныя», — прыгадвае дзяўчына.

Непалітычны рысунак Юліі Кравец. Індзейцы

Юлія прызнаецца: часам яе папікаюць, што без мастацкай адукацыі «далёка ня пойдзе і прагрэсу ня будзе».

«Я навучылася ўсяму сама і не магу сказаць, што малюю дрэнна, — пераказвае сваю рэакцыю на такія кпіны суразмоўца. — Зразумела, хібы ёсьць, але мне хапае пакуль упартасьці і задаткаў, каб удасканальвацца. Нядаўна прапанавалі намаляваць першую лэдзі Кітаю. Гэтым цяпер займаюся».

Юлія Кравец, акрамя беларускай мовы, якую яна ў далёкіх краях называе роднай, валодае расейскай, ангельскай ды нямецкай. Сваёй пасьпяховасьцю ў навучаньні ўсяму новаму, прызналася мастачка, яна абавязаная бацькам, якія падтрымліваюць яе ўва ўсім.

На радзіме ў Юліі былі дзьве пэрсанальныя выставы, але не выяваў палітыкаў. Мастачка рысуе архітэктуру, жывёлаў, птушак і людзей. Кажа, што ёй падабаюцца жывыя і манатонныя сюжэты.