«6 дзён на тыдзень ачышчае драты». У Менску прайшла акцыя ў падтрымку Зьмітра Паліенкі. ФОТА

Актывісты сацыяльнай ініцыятывы «Альфа і Амега», маладыя анархісты і валянтэры праваабарончага цэнтру «Вясна» правялі ў менскай прасторы «210metrov» акцыю салідарнасьці з палітвязьнем Зьмітром Паліенкам, які адбывае 2 гады зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі.

Зьміцер Паліенка, архіўнае фота

Праз 5 дзён Зьмітру Паліенку споўніцца 24 гады, за кратамі ён сустрэне ўжо трэці дзень народзінаў. Удзельнікі акцыі падпісалі віншавальныя паштоўкі Зьмітру Паліенку: «Чакаем на волі!», «Дасылаем падарункі», «Ніхто ня можа быць зусім вольны, пакуль ня ўсе на свабодзе».

Два гады таму, 29 красавіка 2016 году Зьміцер Паліенка быў арыштаваны падчас акцыі «Крытычная маса» — роварнага прабегу па вуліцах Менску, які ладзіўся, каб прыцягнуць увагу ўладаў, кіроўцаў і грамадзкасьці да праблемаў роварнага руху. «Мы зьбіраліся кожную апошнюю пятніцу месяца, нас прыяжджала ўсё болей», — згадваюць актывісты.

Прабег 29 красавіка 2016 году быў брутальна спынены міліцыяй, 6 чалавек арыштавалі, у тым ліку і Зьмітра Паліенку, які заступіўся за аднаго з затрыманых удзельнікаў.

Пазьней Паліенку абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта і асудзілі на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Гэтага «выпрабавальнага тэрміну» Зьміцер Паліенка, актывіст дэмакратычнага руху, ня вытрымаў — яго шмат разоў затрымлівалі на акцыях салідарнасьці і ўрэшце судзілі зноў ды замянілі адтэрміноўку на рэальны тэрмін.

Ужо паўтара года Зьміцер Паліенка за кратамі. У калёніі актывіст некалькі разоў трапляў у карцэр, так што ўзьнікла пагроза новага суду — цяпер за шматразовыя парушэньні рэжыму.

Апошнія навіны ад Зьмітра Паліенкі такія: «Піша, што вызвалілі з карцэру, працуе 6 дзён на тыдзень, але перавялі зь вязаньня пальчатак на ачыстку дратоў. Гэта небясьпечная для здароўя праца», — кажа сяброўка Зьмітра Марына.

«Тратуары для пешаходаў»

Адкуль пачалася «Крытычная маса» і чаму яна зьнікла як грамадзкі рух?

Беларуская «Крытычная маса» скапіявала досьвед раварыстаў з Каліфорніі, якія пачалі змаганьне за свае правы яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. Сэнс — дамагчыся роўнасьці з аўтамабілістамі і матацыклістамі.

Вячаслаў Касінераў

ячаслаў Касінераў расказвае, што раварысты зьбіраліся ў адным месцы і ехалі разам па праезнай частцы, бо «тратуары толькі для пешаходаў».

«Цягам двух-трох гадоў да руху далучылася больш за сто чалавек, і тады, у 2016, пачаліся рэпрэсіі, — згадвае Касінераў. — Актывістаў пачалі затрымліваць, у тым ліку яшчэ да акцый».

«На мне ляжалі тры ровары»

Валянтэр Кірыл быў на «Крытычнай масе» 29 красавіка 2016 году як назіральнік «Вясны».

«Толькі пачаў здымаць на камэру затрыманьні, як мяне схапілі і закінулі ў аўтобус. Зьверху закідалі ровары, на мне прынамсі было тры ровары», — кажа валянтэр.

У міліцэйскім пастарунку з назіральнікам абыходзіліся гэтак жа жорстка, як і з затрыманымі раварыстамі.

«У тым ліку сапсавалі мне відэакамэру, якую не магу адрамантаваць дагэтуль», — кажа валянтэр Кірыл.

Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча, разгон прабегу «Крытычная маса» быў самым жорсткім у 2016 годзе, а рэпрэсіі, якія ўлады абрынулі на актывістаў, асабліва на Зьмітра Паліенку, паказалі іх намер «любым чынам спыніць актыўнасьць раварыстаў».

«Але ў тым годзе ўлады не хацелі зьяўленьня палітычных вязьняў, таму не пайшлі на тое, каб садзіць чалавека за краты. Аднак ужо праз год, пасьля хвалі акцый „недармаедаў“, усё зьмянілася. Паліенку зноў забралі і ўжо адправілі за краты. У выніку 14 красавіка 2017 году беларускія праваабаронцы прызналі яго вязьнем сумленьня, і мы патрабуем яго вызваленьня. Да нашай высновы далучылася і „Міжнародная амністыя“, якая ўдзельнічае і ў акцыях салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч

Што да лёсу беларускай ініцыятывы «Крытычная маса», дык, паводле Вячаслава Касінерава, рух зьнік ня толькі з прычыны рэпрэсій.

«Зьявіліся ініцыятывы, нібыта незалежныя, якія пачалі ва ўсім пагаджацца і супрацоўнічаць з гарадзкімі ўладамі. Яны ва ўсім ідуць на саступкі, за што ім дазваляюць раз-два на год праехаць падчас гарадзкіх фэстываляў па вуліцах. Але па сутнасьці ад гэтага нічога не мяняецца. Так, зьніжаюць вышыню бардзюраў на пераходах, але забарона рухацца па праезнай частцы засталася, а ўзровень агрэсіі да раварыстаў не зьмяншаецца як з боку супрацоўнікаў ДАІ, гэтак і шмат каго з аўтамабілістаў», — кажа Вячаслаў Касінераў.

Amnesty International заклікала да глябальнай акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Паліенкам

7 праблем, зь якімі сутыкаюцца сталічныя раварысты