Сёньня Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Нікаляса Мадуру зь пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта Вэнэсуэлы.
Сацыяліст Мадура на выбарах у нядзелю атрымаў перамогу, нягледзячы на жахлівы эканамічны крызіс, да якога ён прывёў краіну за час свайго кіраваньня, нягледзячы на высокі ўзровень злачыннасьці, вулічныя пратэсты мільёнаў незадаволеных, шалёную інфляцыю, масавую эміграцыю насельніцтва і міжнародная санкцыі. Пра асаблівасьці кампаніі і палітычнай сытуацыі ў Вэнэсуэле — у матэрыяле аглядальніка расейскай службы Радыё Свабода Аляксандра Госьцева.
55-гадовы Нікаляс Мадура, былы кіроўца аўтобусу, перакананы сацыяліст, адзін зь лідэраў чавісцкай Адзінай сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы (PSUV), якая кіруе ўжо другое дзесяцігодзьдзе . Ён стаў прэзыдэнтам першы раз у 2013 годзе, пасьля сьмерці свайго патрона Уга Чавэса. Тады ён перамог з адрывам менш чым 1% ад кандыдата ад абʼяднанай вэнэсуэльскай апазыцыі Энрыке Капрылеса, пры агульнай яўцы 80% выбаршчыкаў. Нягледзячы на тысячы сьведчаньняў аб падтасоўцы вынікаў галасаваньня 2013 году на карысьць чавістаў, тыя выбары ва ўсім сьвеце былі прызнаныя рэальнымі і легітымнымі.
Цяпер Мадура атрымаў прыкладна 68%, а яго галоўны супернік Энры Фалькон, былы чавіст і аднапартыец Мадуры, а цяпер кіраўнік апазыцыйнай партыі «Прагрэсіўны авангард» — 21% галасоў. Аднак агульная яўка на ўчасткі не перавысіла 46%. Магчыма, яна была яшчэ меншай — усе асноўныя апазыцыйныя партыі Вэнэсуэлы байкатавалі выбары, назваўшы іх «каранацыяй дыктатара». Большасьць папулярных апазыцыйных лідэраў Вэнэсуэлы, такія, як Энрыке Капрылес, Леапольд Лёпес або Антоніё Ледэсма, не змаглі выставіць свае кандыдатуры праз ужытыя да іх судовыя і адміністрацыйныя санкцыі — адны зь іх застаюцца пад арыштам, іншыя пазбаўленыя правоў ці былі вымушаныя ўцякаць з краіны.
Энры Фалькон яшчэ да абвяшчэньня вынікаў заявіў, што не прызнае вынікі выбараў. Галасаваньне, паводле яго, праходзіла са шматлікімі парушэньнямі: яго прыхільнікі падалі больш за 142 тысячы скаргаў на парушэньні.
Перамога Нікаляса Мадуры, апроч іншага, можа прывесьці да новых амэрыканскіх санкцыяў у дачыненьні да Вэнэсуэлы. У мінулую пятніцу адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пашырыла «чорны сьпіс» вышэйшых вэнэсуэльскіх чыноўнікаў і ўвяла фінансавыя санкцыі супраць ключавога паплечніка Мадура Дыясдада Кабэльё. Вашынгтон абвінаваціў лідэра Адзінай сацыялістычнай партыі Вэнэсуэлы ў кантрабандзе наркотыкаў і крадзяжах.
Пра спосабы, з дапамогай якіх Нікаляс Мадура чапляецца за ўладу ў Вэнэсуэле, і пра сакрэты непатапляльнасьці рэжыму чавістаў у інтэрвію Радыё Свабода распавяла сацыёляг і палітоляг, экспэрт у справах Лацінскай Амэрыкі Тацьцяна Варажэйкіна:
У мінулым годзе, калі вулічныя пратэсты ў Вэнэсуэле дасягнулі максымуму, мне асабіста здавалася, што рэжым у Каракасе не ўтрымаецца. Загінулі больш за сто чалавек. Але сацыялісты засталіся ва ўладзе. Магчыма, таму, што масавыя выступы незадаволеных у вэнэсуэльскіх гарадах доўжыліся вельмі доўга — і безвынікова. Людзі стамляюцца выходзіць на вуліцу, тым больш, калі там забіваюць. Што тычыцца арганізаванай апазыцыі, у мінулым годзе яна сутыкнулася з крызісам. Выбары ў гэтак званую Канстытуцыйную асамблею, якая падмяніла сабой парлямэнт, усё роўна адбыліся, хоць менавіта ў гэтым было галоўная мэта пратэстаў — не дапусьціць гэтыя неканстытуцыйныя выбары, якія пазбавілі апазыцыйны парлямэнт усіх паўнамоцтваў. Пасьля гэтага вэнэсуэльская апазыцыя задалася тым жа пытаньнем, што і апазыцыя ў Расеі: удзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбарах ці іх байкатаваць? Спалучэньне расколу ў шэрагах апазыцыі і стомленасьць абываталя прывялі да цяперашняга выніку.
Інфляцыя ў Вэнэсуэле, толькі паводле афіцыйных дадзеных самога рэжыму — 2,700%. А паводле дадзеных МВФ — 13,000% у мінулым годзе. Гэта зусім невыноснае для большасьці насельніцтва жыцьцё. Таму гэтыя выбары нельга лічыць перамогай Мадуры ў поўным сэнсе. Бо заклік да байкоту апынуўся пасьпяховым: паводле афіцыйных дадзеных яўка на ўчасткі склала 46%, а паводле неафіцыйных — усяго 32%. Гэта значыць 68% вэнэсуэльцаў падтрымалі байкот. Тым ня менш, як мы зноў ведаем па вопыту Расеі, байкот — рэч небясьпечная для ўсіх бакоў. Калі асноўная частка апазыцыйна настроеных грамадзянаў прытрымліваецца ідэі байкоту, то пры агульнай нізкай яўцы рэжым можа рабіць, што яму ўздумаецца.
Але, зь іншага боку, што магла зрабіць апазыцыя? Яе асноўныя рэальныя лідэры апынуліся за бортам выбарчай кампаніі: Леапольда Лёпес знаходзіцца пад хатнім арыштам, Энрыке Капрылес абмежаваны ў правах, ён фактычна на 15 гадоў у мінулым годзе быў пазбаўлены магчымасьці абірацца на якія-небудзь пасады.
Яшчэ адзін важны фактар - гэта, вядома, пазыцыя Нацыянальнай гвардыі і вайскоўцаў, большая частка якіх усё яшчэ падтрымлівае Мадуру і чавізм. У мінулым годзе многія вэнэсуэльцы спадзяваліся, што армія спыніць нарэшце ўсё гэта бязладзьдзе, і можна было са зьдзіўленьнем назіраць, наколькі пляны дэмакратычных сілаў былі зьвязаныя з нейкай надзеяй на вайсковы пераварот! Гэтага таксама не адбылося.
Цяпер цяжка прадказаць, як будуць далей разьвівацца падзеі ўнутры Вэнэсуэлы. Але, магчыма, крыху лягчэй цяпер рабіць прагнозы з нагоды будучага курсу Каракасу ў вонкавай палітыцы? Мадура і яго асяродзьдзе працягнуць сябраваць з Кубай, з Расеяй, азірацца на іх? Усе антыамэрыканскія і антыімпэрыялістычныя лёзунгі застануцца такімі ж? Ці патрэба прымусіць быць больш гнуткімі?
Практычна ўсе лацінаамэрыканскія краіны адмовіліся прызнаць легітымнасьць апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле. Такую ж пазыцыю занялі ЭЗ, ЗША і Канада. Адзіныя лацінаамэрыканскія краіны, якія выказалі падтрымку гэтым выбарам, гэта Балівія, Куба, Нікарагуа і Эквадор, дзе ва ўладзе таксама знаходзяцца аўтарытарныя або наўпрост дыктатарскія папулісцка-сацыялістычныя рэжымы. Нікалясу Мадуру прыйдзецца з гэтым сутыкнуцца. Можа быць, і ёсьць у яго жаданьне зьмякчыць супрацьстаяньне са сьветам у вонкавай палітыцы, але тут шмат будзе залежаць ад пазыцыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Магчыма, што амэрыканскі прэзыдэнт таксама захочацца атрымаць Вэнэсуэлу ў якасьці яшчэ адной сваёй зьнешнепалітычнай перамогі. Але ў цэлым пакуль што я не бачу магчымасьцяў для Мадуры рэзка зьмяніць зьнешнюю палітыку Каракасу. Таму што Масква — гэта яго галоўны эканамічны донар. Таму што менавіта «Раснафта» валодае велізарнымі пакетамі вэнэсуэльскіх нафтавых актываў. І чым горшай будзе эканамічная сытуацыя ў Вэнэсуэле, тым больш будзе надзеі ў чавістаў на сьпісаньне даўгоў Расеяй. Гэта, відаць, ужо вырашанае пытаньне, таму што Вэнэсуэле іх няма з чаго плаціць — мяркуе Тацьцяна Варажэйкіна.