Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман. Ён распавядае, як удалося запрасіць на форум «Менскага дыялёгу» Аляксандра Лукашэнку, тлумачыць, у чым прычына паўзы ў адносінах паміж Беларусьсю і Захадам, і заяўляе, што застаецца незалежным аналітыкам, нягледзячы на тое, што ягоная думка часта супадае з афіцыйнай.
«Мы на экспэртным узроўні хацелі б выпрацоўваць тут ідэі і замацоўваць за Менскам статус нэўтральнай пляцоўкі»
— Што такое «Менскі дыялёг», якія задачы ставяць перад сабой арганізатары форуму, які пройдзе ў беларускай сталіцы 23–25 траўня?
— Гэта экспэртная пляцоўка, якая працуе ўжо больш за тры гады. І мэты такія ж самыя, як і мэты форуму, які мы будзем ладзіць 23–25 траўня.
Першая мэта — рэгіянальная. Сама ідэя Менскага дыялёгу паўстала, калі сталіца Беларусі напрыканцы жніўня 2014 году ўпершыню прымала перамовы па Ўкраіне. І тады экспэртнай супольнасьці было відавочна, што, акрамя афіцыйнага фармату, павінен быць «другі трэк» дыпляматыі, які ў першую чаргу зьбірае не афіцыйных асобаў, а былых дыпляматаў, экспэртаў. Бо яны больш гнуткія, больш крэатыўныя ў параўнаньні з афіцыйнымі прадстаўнікамі бакоў.
Другая мэта тычыцца непасрэдна Беларусі і беларускай бясьпекі ў рэгіянальнай сытуацыі. Калі пачынаюцца нейкія канфлікты паміж вялікімі геапалітычнымі гульцамі, то малыя краіны паміж імі ў пэўны момант могуць быць уцягнутыя ў такія канфлікты паводле прынцыпу, што ніхто ў іх не запытае. Гэта не азначае, што нехта хутка захоча атакаваць такую краіну, але пытаньне сувэрэнітэту можа стаць настолькі актуальным, што сама краіна можа ня мець ніякіх рэсурсаў, каб сувэрэнітэт забясьпечваць.
Таму яна можа ці быць уцягнутай у гэты канфлікт, ці намагацца заставацца па-за канфліктам і пашыраць сваё поле для замежнапалітычнага манэўру. Падаецца, што ў нацыянальных інтарэсах Беларусі прытрымлівацца менавіта гэтай, другой лініі. Мы на экспэртным узроўні хацелі б дапамагаць выпрацоўваць тут ідэі і замацоўваць за Менскам статус нэўтральнай пляцоўкі.
— Было абвешчана, што на форуме выступіць Аляксандар Лукашэнка. Як вам, арганізатарам, удалося гэтага дабіцца? Ці стане гэта традыцыяй для «Менскага дыялёгу»?
— Нам увогуле хацелася б, каб традыцыяй штогадовага форуму стала выступленьне на ім ня толькі экспэртаў, але і галоўных палітыкаў. Дзеля таго, каб дадаць гэтай пляцоўцы і палітычнай вагі, — хацелася б, каб тут выступала як мага больш дзейных палітыкаў, кіраўнікоў дзяржаў і структураў.
Як нам удалося гэтага дабіцца? Мяркую, за тры гады працы мы прадэманстравалі ўсім, што хочам і можам выбудоўваць прафэсійную сур’ёзную пляцоўку. Да таго ж паўтара года таму «была размова з прэзыдэнтам» у жывым тэлеэфіры, дзе я публічна гэтае пытаньне паставіў. Лукашэнка тады даў станоўчы адказ, і цяперашні ягоны заплянаваны выступ можна разглядаць як працяг таго абяцаньня, якое было дадзена паўтара года таму.
— Хто выступае галоўным фінансавым спонсарам гэтага форуму, які, відавочна, патрабуе даволі шмат матэрыяльных выдаткаў?
— У нас агулам 13, калі не памыляюся, партнэраў. Але галоўны спонсар, і мы можам пра гэта зь вялікай удзячнасьцю казаць, — гэта нямецкі Фонд Адэнаўэра.
«Калі мая думка супадае з пазыцыяй МЗС Беларусі, — гэта ня значыць, што я стаў менш незалежным»
— Прадстаўнікі беларускай улады апошнім часам вылучаюць ініцыятыву «новага Хэльсынкі», згодна зь якой Беларусь можа стаць цэнтрам перамоўнага працэсу, які можа ў выніку прывесьці да вялікіх міжнародных дамоваў. Але шматлікія экспэрты ставяцца да гэтага з скептыцызмам, заяўляючы, што для такой ролі Беларусі ў сілу шмат якіх аб’ектыўных прычынаў сёньня няма ніякіх падставаў.
— Я асабіста і мы ў «Менскім дыялёгу» да гэтага ставімся вельмі практычна. Ёсьць разуменьне, што для Беларусі з улікам нарастаньня канфлікту паміж Захадам і Расеяй ёсьць дзьве мадальнасьці далейшага міжнароднага жыцьця.
Першая — стаць часткай гэтага канфлікту. І тут зразумела. што мы маем канкрэтныя вайскова-палітычныя абавязаньні перад Расеяй. І калі мы становімся часткай гэтага канфлікту, то проста выконваем гэтыя абавязаньні. І тады пачынаюцца працэсы кшталту таго, што Расея разьмяшчае тут свае базы, а краіны НАТО дадаткова нацэльваюць сваю зброю на тэрыторыю Беларусі, і гэтак далей.
Другая мадальнасьць — Беларусь намагаецца з усіх сілаў заставацца перамоўнай пляцоўкай, заставацца па-за межамі канфлікту. Мне падаецца, што гэтая другая опцыя нашмат больш прыемная, у большай ступені адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам. І праз нашую экспэртную пляцоўку мы таксама хацелі б дапамагчы таму, каб другая мадальнасьць разьвівалася.
— Вас традыцыйна ў эфірах Радыё Свабода прадстаўлялі як незалежнага экспэрта. Але ці не адчуваеце вы, што за апошнія гады, з улікам працы ў «Менскім дыялёгу», ваша экспэртная думка ўсё часьцей супадае з думкай афіцыйных беларускіх уладаў, з думкай Міністэрства замежных спраў? Сярод калегаў часам ужо гучыць іронія — «Навошта пытацца ў МЗС, можна спытацца ў Мельянцова ці Прэйгермана, у іх пазыцыя звычайна тая самая».
— Я не жыву ў чорна-белым сьвеце. У мяне ёсьць разуменьне таго, што зьяўляецца інтарэсамі Беларусі, і калі гэта супадае з пазыцыяй беларускага МЗС — гэта ня ёсьць нейкім індыкатарам таго, што я ці Дзяніс Мельянцоў у нечым сталі менш незалежнымі. Калі я скажу тое, што думаю, і гэтаксама думае МЗС — гэта азначае, што ў нас фармуецца экспэртна-дыпляматычны кансэнсус.
І калі мы зьвернем увагу агулам на дыскусію, якая ў грамадзтве разгортваецца апошнія гады, то, мне падаецца, гэты кансэнсус выходзіць далёка за межы беларускага МЗС. І большасьць экспэртаў, калі прафэсійна ставяцца да гэтага пытаньня, будуць больш-менш мець тыя ж пазыцыі, што і мы.
«Вельмі важна ў гэтых адносінах не чакаць ніякіх цудаў»
— У 2015 годзе беларускае кіраўніцтва пачало палітыку нармалізацыі адносінаў з Захадам. Рабіліся даволі актыўныя і прыкметныя крокі насустрач. Але цяпер і ў беларускіх палітыкаў, і ў замежных дыпляматаў ёсьць адчуваньне нейкага ступару, адчуваньне, што ў апошнія месяцы няма ніякага істотнага прагрэсу. Здаецца, абодва бакі ўперліся ў нейкі мур, які больш трывалы, чым уяўлялася. Бо ёсьць пэўныя разыходжаньні ў прынцыпах, палітычных сыстэмах, якія ніхто не зьбіраецца мяняць.
— Я трошкі па-іншаму апісаў бы тое, што адбываецца апошнія месяцы ў адносінах Беларусі і Эўразьвязу. З аднаго боку, мы назіраем вельмі добрую дынаміку па супрацоўніцтве ў розных тэматычных праектах, галіновых дыялёгах, — гэта ўсё разьвіваецца як ніколі раней.
Зь іншага боку, мы сапраўды ўперліся ў пэўны мур, калі справа тычыцца вялікіх знакавых рашэньняў і пагадненьняў. У першую чаргу размова ідзе пра прыярытэты партнэрства, дакумэнт, які меўся б працягнуць працу Каардынацыйнай Рады паміж Беларусьсю і ЭЗ. Вось ужо недзе год гэты дакумэнт ніяк не падпісваецца. Але прычына гэтага — ня ў розных каштоўнасьцях ці палітычных сыстэмах. Прычына вельмі простая — Літва заняла жорсткую пазыцыю: не дапускаць падпісаньня гэтага дакумэнту, пакуль Беларусь ня зробіць саступак па АЭС. І пакуль невядома, як гэта ўвогуле можна вырашыць.
Іншая праблема тычыцца пагадненьня па візавай тэматыцы, спрашчэньня візавага рэжыму, рэадмісіі і гэтак далей. Там таксама ёсьць тэхнічныя прычыны, але сур’ёзнага кшталту, прынцыповыя для бакоў.
Я мяркую, што няма ніякага іншага выйсьця, акрамя як працяг перамоваў, працяг дынамікі, што тычыцца праектаў. Натуральна, нікуды не падзелася рознае ўспрыманьне палітычных каштоўнасьцяў. Гэта заўсёды было паміж Менскам і Брусэлем, і за адзін дзень гэта нікуды ня дзенецца.
Вельмі важна ў гэтых адносінах не чакаць ніякіх цудаў. Бо цудаў не бывае. Нельга чакаць, што Эўразьвяз нешта такое прапануе, што зробіць Беларусь новай краінай. І цудаў ня будзе ў тым сэнсе, што беларускі бок раптам пачне саступаць па ўсіх пазыцыях, якія лічыць для сябе важнымі.
Больш за тое, хуткая дынаміка пераменаў можа нават прынесьці нечаканыя праблемы — з тае прычыны, што Беларусь у такім цяжкім геапалітычным становішчы. Калі б можна было забясьпечыць стабільны, але, можа, і ня вельмі хуткі рух наперад — то гэта было б добра для ўсіх бакоў.