Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект прэзыдэнцкага ўказу «Аб некаторых пытаньнях ажыцьцяўленьня міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў».
«Дакумэнт распрацаваны з мэтай разьвіцьця міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах», — паведамляецца на афіцыйным прававым партале pravo.by.
У праекце ўказу гаворыцца, што юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць выконваць міжгароднія ўнутрыабласныя і міжабласныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах без правядзеньня конкурсу да 31 сьнежня 2018 году.
Гэта адно з асноўных патрабаваньняў прыватных перавозчыкаў, існаваньне якіх апынулася пад пагрозай пасьля ўступленьня ў сілу абноўленага заканадаўства ў студзені-лютым.
«У такой форме ўказ ня вырашыць праблему»
Дырэктарка Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Жанна Тарасевіч, якая кіравала працоўнай групай дзеля складаньня прапаноў аб урэгуляваньні пытаньня зь перавозкамі, сказала карэспандэнту Свабоды, што гэта пакуль толькі ініцыятыва Міністэрства транспарту.
«Бо ініцыятыва працоўнай групы была іншая — каб конкурсы наагул адмяніць. І па выніках аднаго-двух гадоў наагул разгледзець, ці яны патрэбныя. Таму пакуль мы ідзем двума паралельнымі шляхамі. То бок Мінтранс рыхтаваў свой праект указу і спрабуе такім чынам вырашыць праблему. Але гэта толькі адцягваньне праблемы яшчэ на адзін год», — сказала яна.
Працоўная група прапанавала два сцэнары вырашэньня крызісу з маршруткамі ў Беларусі
Паводле Жанны Тарасевіч, вяртаньне конкурсаў прывядзе да абмежаваньня ўваходу на рынак.
«Бо адным мы дамо пэўныя ўмовы: выйграў конкурс — і можна працаваць спакойна. Калі няма парушэньняў, яшчэ на пяць гадоў могуць працягнуць дамову. А калі нехта ў гэты час можа прыйсьці зь лепшымі ўмовамі, то ён ужо ня мае права», — сказала Жанна Тарасевіч.
Паводле Жанны Тарасевіч, пра гэты праект маюць выказацца перавозчыкі, бізнэс-саюзы і Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва.
«Хутчэй за ўсё, пазыцыя будзе такая, што ў такой форме ўказ ня вырашыць праблему», — сказала дырэктарка Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага.
Гісторыя пытаньня
23 студзеня 2018 году набыў сілу закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а 26 лютага — прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», якія істотна зьмянілі сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.
Аналіз працоўнай групы паказаў, што да ўступленьня ў сілу новага заканадаўства на рынку міжгародніх перавозак працавала больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх толькі 8–10 тысяч ад рэгулярных (у асноўным дзяржаўных) перавозчыкаў. Нерэгулярныя маршруткі рабілі ў 3–20 разоў болей рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі, чым рэгулярныя.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі, а значыць, ня мусілі выконваць цэлы шэраг умоваў ды патрабаваньняў.
Многія прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу. У некаторых гарадох Беларусі былі перабоі ў міжгароднім злучэньні, дзяржава пусьціла дадатковыя рэйсы.
«Мінтранс і рэгулярныя маршрутчыкі хочуць заблякаваць нерэгулярных»
Працоўная група прыйшла да наступных высноў:
- Праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
- У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даводзіла сваю нежыцьцяздольнасьць.
- Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія за 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.
- Закон «ня даў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў.
- Міністэрства транспарту і камунікацый спрабавала «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовае да рэалізацыі закону.
Тысячы беларусаў выказаліся ў падтрымку прыватных маршрутак
Маршрутачны крызіс выклікаў абурэньне многіх жыхароў Беларусі.
Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках». Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 11 тысяч чалавек.
Па выніках сходу ўладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак 29 сакавіка ў Менску яго ўдзельнікі аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта 81 тысячу подпісаў беларусаў з патрабаваньнем пакінуць для прыватных маршрутак ранейшыя ўмовы працы.