Нашчадкам рэпрэсаваных не дазваляюць ушанаваць памяць расстраляных пад Воршай сваякоў

Помнік-камень на Кабыляцкай гары

«У архівах няма зьвестак пра расстрэлы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій», — пішуць аршанскія чыноўнікі ў адказ на звароты сваякоў пацярпелых.

Адмову з аршанскага райвыканкаму атрымалі дачка і ўнучка Матроны Маркевіч — стваральніцы арнамэнту на дзяржаўным сьцягу — і яшчэ каля дзясятка сем’яў рэпрэсаваных. Яны прасілі вызначыць месца для ўстаноўкі помніка ці памятнага знаку ў вядомых месцах расстрэлаў. Аднак чыноўнікі цьвердзяць, што ў архівах няма зьвестак пра пахаваньні ахвяраў сталінізму.

Тройчы зьвярталіся ў райвыканкам, і толькі на апошні ліст прыйшоў адказ

Дзіна Кацар

Дзіна Кацар, унучка сеньненскай майстрыхі Матроны Маркевіч, якая вышыла арнамэнт, выкарыстаны на дзяржаўным сьцягу, хоча ўшанаваць памяць дзеда. Яе маці, 95-гадовая Зінаіда Аляксееўна, добра памятае бацьку, расстралянага ў 1937-м. Але трапіць на верагоднае месца расстрэлу яна ня здолела, кажа спадарыня Дзіна.

«Нам сказалі, што майго дзеда расстралялі на Кабыляцкай гары пад Воршай. Летась мы туды паехалі, і я была проста ў жаху! Засьмечаны лес, прайсьці вельмі цяжка. Мы езьдзілі ўвесну, было сьлізка, гразка, мая старэнькая мама так і не трапіла на месца расстрэлу свайго бацькі. Тады я першы раз напісала ў Аршанскі райвыканкам, што гэта ганьба. Што сьцяг з арнамэнтам бабулі пабываў у космасе, а дзеда расстралялі, і яго безыменная магіла зарасла хмызамі!» — расказала Дзіна Пракопаўна.

Фрагмэнт першага ліста ў Аршанскі райвыканкам

На ліст пісьмовага адказу не было. Праўда, нехта патэлефанаваў, не назваўшы свайго імя, і сказаў, што Аршанскаму райвыканкаму патрэбна ведаць, ці захаваліся дакумэнты пра расстрэл сваяка. Дзіна Кацар накіравала ў выканкам копіі артыкулаў зь мясцовых газэт пра лёс сваёй славутай бабулі і сямейнай рэліквіі — даведкі пра расстрэл і рэабілітацыю дзеда. Яе атрымаў Аркадзь Аляксеевіч, малодшы сын Матроны Маркевіч. Але ў адказ чыноўнікі прамаўчалі.

Даведка пра рэпрэсаванага мужа Матроны Маркевіч

Як арнамэнт зь сям’і «ворагаў народу» трапіў на дзяржаўны сьцяг

Пісьмовы адказ з выканкаму прыйшоў толькі пасьля трэцяга ліста. Калі Зінаіда Аляксееўна, Дзіна Пракопаўна і яе стрыечная сястра Натальля Аркадзеўна далучыліся да супольнай ініцыятывы нашчадкаў рэпрэсаваных. Сваякі прасілі вызначыць месца для помніка расстраляным, але чыноўнікі напісалі, што для гэтага няма падставаў.

Спадарыні Дзіна і Натальля ўжо ведаюць, які помнік хацелі б паставіць свайму дзеду

Калі дакладнае месца расстрэлу невядомае, помніка ня будзе?

Звароты ў Аршанскі райвыканкам накіравалі ня менш як 15 чалавек, гаворыць Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы». Лісты былі і зь Беларусі, і з замежжа, іх аўтары прапаноўвалі паставіць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій за ўласныя грошы, не спадзеючыся на дапамогу дзяржавы.

Дзіна Кацар падкрэсьлівае, што дазвол ад уладаў — справа для яе прынцыповая. Бо яны зь сястрой Натальляй гатовы паставіць у памяць пра дзеда дарагі і прыгожы помнік, але няма гарантый, што ў лесе на Кабыляцкай гары ён ня стане здабычай вандалаў.

Баба і дзед спадарыні Дзіны

«Мы бачылі камень зь дзіркамі — зь яго скралі мэмарыяльную шыльду. Ніхто не апякуецца гэтай мясцовасьцю, хоць у 1982 годзе было афіцыйна прызнана, што на Кабыляцкай гары ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. У 1990-я тут быў устаноўлены помнік рэпрэсаваным — пра гэта ёсьць артыкулы ў мясцовай газэце. Дык чаму нам пішуць, што «зьвестак няма»? — абураецца Дзіна Пракопаўна.

Савецкі камбінат сьмерці

Ліст з Аршанскага райвыканкаму атрымала і Ларыса Арэшына, сярод яе сваякоў некалькі рэпрэсаваных. Спадарыня Ларыса была ўдзельніцай адкрыцьця помніка ахвярам сталінізму на Кабыляцкай гары, якое адбылося ў 1990 годзе.

Ларыса Арэшына

«Я памятаю, было вялікае шэсьце, людзі ішлі пехам на гарадзкую ўскраіну. За загінулых маліліся сьвятары, праваслаўныя і каталіцкія — я памятаю, што яны былі ўрачыста апранутыя. Было і прадстаўнікі кіраўніцтва, яны выступалі з узьнёслымі прамовамі... Тады нават ня думалася, што гісторыю можна павярнуць у зваротным кірунку! Аказваецца, можна. Помнік рэпрэсаваным паставілі згодна з рашэньнем яшчэ тых, савецкага часу кіраўнікоў. А цяпер іхныя наступнікі нібыта й не ведаюць, што такое было!» — абураецца Ларыса Арэшына.

Падчас адкрыцьця помніка на Кабыляцкай гары. 1990 год (Фота з архіву Віктара Андрэева)

Яна зьбіраецца пайсьці на прыём да намесьніка старшыні райвыканкаму Алега Сьмірноўскага, з подпісам якога яна атрымала ліст з адмовай. Ёй не зразумела, чаму чыноўнік піша пра адсутнасьць зьвестак пра канкрэтныя месца пахаваньня асобных людзей, калі вядзецца пра агульны помнік усім расстраляным пад Воршай.

Адказы нашчадкам рэпрэсаваных прыходзілі з подпісам і яшчэ аднаго чыноўніка — Міхаіла Дудко, які цяпер выконвае абавязкі намесьніка старшыні райвыканкаму. Аднак падчас «прамой лініі» 19 траўня ён адказаў праз тэлефон, што «ўпершыню чуе пра гэтую праблему».

У архівах няма зьвестак пра месцы расстрэлу, але людзі іх ведаюць

Месца самаробнага мэмарыялу не добраўпарадкаванае

​«Прыборкай і добраўпарадкаваньнем там займаецца КУП „Аршанскі спэцкамбінат“. Я зьвярну ўвагу на тое, што на Кабыляцкай гары няма парадку», — паабяцаў чыноўнік удзельнікам ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы».

Яны тэлефанавалі, каб зьвярнуць увагу прадстаўніка райвыканкаму на парадаксальную акалічнасьць: савецкія папярэднікі цяперашніх уладаў парупіліся, каб помнік рэпрэсаваным у горадзе быў, але іх наступнікі з 1994 году «забыліся» пра яго існаваньне. І ў адказ на звароты спасылаюцца на тое, што «ў архівах няма зьвестак», хоць іх наяўнасьць немагчыма аспрэчыць. Захаваліся і тагачасныя пастановы гарвыканкаму, і артыкулы ў мясцовай газэце, і нават акт адмысловай камісіі, якая пацьвердзіла: на Кабыляцкай гары пахаваныя расстраляныя ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Парэшткі знайшлі падчас будаўніцтва чыгункі. Цяпер ёй не карыстаюцца

Чалавечыя парэшткі былі знойдзены ў 1982 годзе падчас будаўніцтва чыгуначнай веткі да станцыі Ворша-Паўночная. Першыя помнікі ў гэтых мясьцінах былі сымбалічныя: тыповая савецкая «тумбачка» і 5-мэтровы драўляны крыж. Потым гарвыканкам абвясьціў конкурс праектаў сапраўднага помніка, успамінае аршанскі актывіст Віктар Андрэеў, укладальнік кнігі «Аршанская кроніка 1986–2001».

«У 1989 годзе мы ўпершыню ўсклалі кеткі на Кабыляцкай гары — проста да каменя на адхоне каля рэек. Потым краязнаўца Юры Копцік прапанаваў паставіць адмысловы помнік-валун, знойдзены ім за горадам. Паколькі ў першыя гады беларускай незалежнасьці эканоміка была слабая, ніводзін з прапанаваных праектаў не змаглі ўвасобіць, і прапанова ўстанавіць валун была вельмі дарэчы. Гарвыканкам яе падтрымаў, камень прывезьлі. Спачатку на ім была шыльда-барэльеф з радкамі Ганны Ахматавай „Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать“. Але яе скралі вандалы. Наступную шыльду — таксама», — прыгадвае спадар Андрэеў.

Часовы помнік на Кабыляцкай гары, устаноўлены ў 1990 г. ( фота з архіву Віктара Андрэева)

Аршанцы ведаюць, што Кабыляцкая гара не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў. Сваякі рэпрэсаваных прапануюць паставіць помнікі і ў іншых мясьцінах — у Харкаўскім лесе і каля турмы, дзе людзей трымалі да расстрэлу.

Харкаўскі лес на ўскраіне гораду

Удзельнікі ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», незадаволеныя адпіскамі з райвыканкаму, плянуюць наступныя дзеяньні: запісацца на прыём да кіраўніка раёну, зьвярнуцца ў Віцебскі аблвыканкам, стварыць пэтыцыю наконт помніка рэпрэсаваным.