У Міністэрстве ўнутраных справаў шкадуюць аб тым, што 17 траўня над пасольствам Вялікай Брытаніі ў Менску быў вывешаны вясёлкавы сьцяг — сымбаль гомасэксуалаў. Пра гэта гаворыцца на сайце МУС.
17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску залунаў вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці.
«Мы вывешваем вясёлкавы сьцяг, таму што сёння адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй. Гэтым мы садзейнічаем прасоўваньню правоў ЛГБТ-супольнасьці і зьвяртаем увагу грамадзкасьці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, зь якой яны сутыкаюцца», — заявіла Свабодзе амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб.
У МУС лічаць, што «пераважная большасьць беларусаў прытрымліваецца традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў, у тым ліку хрысьціянскіх».
«На працягу ўсёй чалавечай гісторыі саюз мужчыны і жанчыны быў адзіным натуральным спосабам працягу роду. Гэты саюз заўсёды стаіць на чале сьветапарадку. Толькі так — мужчына і жанчына, і ніяк інакш», — гаворыцца ў звароце. — Як ні круці, але аднаполыя адносіны — гэта падробка. А сутнасьць падробкі заўсёды аднолькавая — абясцэньваньне ісьціны. ЛГБТ-супольнасьць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасьці — усяго толькі падробка!"
Свой зварот МУС заканчвае словамі: «Мы — за сапраўднае, яны ня пройдуць!».
Беларусь — адна з самых гамафобных краінаў Эўропы
Беларусь апынулася на 42-м месцы з 49 краінаў Эўропы па ўзроўні гамафобіі. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe. Сярод краінаў Эўропы горш, чым у Беларусі, сытуацыя выглядае толькі ў Малдове, Сан-Марына, Расеі, Манака, Турэччыне, Армэніі і Азэрбайджане.