У Беларусі больш за 19 тысяч чалавек жывуць зь ВІЧ

У Беларусі больш за 19 тысяч чалавек жывуць зь вірусам імунадэфіцыту чалавека. У 2017 годзе эпідэміёлягі паведамлялі пра 18 тысячаў носьбітаў ВІЧ-інфэкцыі.

Такія зьвесткі прыводзіць Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя напярэдадні Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, што адзначаюць ва ўсім сьвеце ў трэцюю нядзелю траўня.

Паводле статыстыкі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на плянэце жыве больш за 36 мільёнаў чалавек, інфікаваных вірусам імунадэфіцыту чалавека. Каля 35 тысяч памерлі ад спадарожных СНІДу хвароб.

У Беларусі сёньня часьцей за ўсё ВІЧ-інфэкцыю выяўляюць ва ўзроставай групе 30 — 34 гады (22%), 35 — 39 гадоў (22%) і 40 — 44 гады (14,5%). У асноўным інфікаваньне адбываецца полавым шляхам. За чатыры месяцы 2018 года больш за 80% усіх новых выпадкаў, выяўленых у краіне, прыпадае на долю полавага шляху перадачы ВІЧ.

Сёньня важным чыньнікам прафілякіыкі і лячэньня зьяўляецца своечасовае тэставаньне і раньняе выяўленьне віруса. З гэтай мэтай у краіне актыўна праводзіцца кампанія па прыцягненьні да тэставаньня і саматэставаньне на ВІЧ.

Тэма мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню памяці, у 2018 годзе: «Разважаючы пра нашае мінулае, рыхтуемся да нашай будучыні».

Адным з знакаў памяці і салідарнасці з людзьмі, закранутымі праблемай ВІЧ/СНІД, зьяўляецца чырвоная стужка.

Помнік ахвярам СНІДу ў Кіеве

​Традыцыйна ў Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, праводзяць тэматычныя акцыі, флэшмобы, дабрачынныя, мерапрыемствы, у храмах праходзяць памінальныя набажэнствы, паведамляе БелаПАН.