У Грозным забітыя баевікі, што хацелі захапіць праваслаўных вернікаў

Сьледчы камітэт Расеі пацьвердзіў гібель двух паліцыянтаў у выніку нападу меркаваных баевікоў на царкву ў Чачні. «Чацьвёра баевікоў зьнішчаныя. У іх былі нажы і гладкаствольная стрэльба», — адзначылі ў ведамстве.

Раней кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў паведаміў, што ў Грозным забітыя чацьвёра баевікоў, якія спрабавалі захапіць прыхаджанаў у праваслаўнай царкве Архангела Міхаіла, паведаміў «Інтэрфаксу» .

У ходзе спэцапэрацыі загінулі двое паліцыянтаў, адзін зь вернікаў паранены.

«Маецца апэратыўная інфармацыя, што загад баевікі атрымалі з адной з Заходніх краінаў», — заявіў Кадыраў.

«Кавказ.Реалии» са спасылкай на мясцовых жыхароў піша, што ў раёне царквы 19 траўня адбылася страляніна. Відавочцы паведамілі, што бачылі чалавека на даху аточанага паліцыяй дома. Бліжэйшыя вуліцы былі перакрытыя.