Фільм ураджэнца Беларусі атрымаў узнагароду ў Канах

Сяргей Лазьніца

Украінскі фільм рэжысэра беларускага паходжаньня Сяргея Лазьніцы «Данбас» атрымаў узнагароду на Канскім кінафэстывалі.

Cтужка Сяргея Лазьніцы атрымала прыз за лепшую рэжысуру ў другой паводле важнасьці праграме ў францускіх Канах — «Асаблівы погляд».

Гэта сусьветная прэм’ера фільма «Данбас». Выхад стужкі ва ўкраінскі пракат заплянаваны на 2018 год.

Фільм «Данбас» ствараўся ў супрацоўніцтве з кінэматаграфістамі Нямеччыны, Украіны, Нідэрляндаў, Францыі і Румыніі.

Сцэнар фільма заснаваны на дакумэнтальных матэрыялах. У ім распавядаецца пра падзеі, якія адбываліся на ўсходзе Ўкраіны. У цэнтры ўвагі — «людзі, вымушаныя прыстасоўвацца да жыцьця ва ўмовах, калі распадаюцца інстытуты ўлады, сямейныя і прафэсійныя сувязі, калі рэчы перастаюць называцца сваімі імёнамі».

Здымалі «Данбас» у Крывым Рогу, над карцінай працавала вялікая міжнародная каманда, у тым ліку расейцы.



Cьмешнае пекла Наваросіі — у Канах паказалі фільм Сяргея Лазьніцы «Данбас»


Рэжысэр Сяргей Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах, пасля чаго сям’я амаль адразу ж перабралася ў Кіеў.

У 2012 годзе Сяргей Лазьніца зьняў фільм «У тумане» паводле аповесьці Васіля Быкава Дзеяньні фільму адбываюцца ў 1942 годзе ў акупаванай Беларусі. Фільм «У тумане» быў названы найлепшым фільмам XIV Міжнароднага кінафэстывалю ў Трыесьце, атрымаў прэстыжны прыз журы Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м Міжнародным кінафэстывалі ў Канах, Гран-пры VI Міжнароднага кінафэстывалю імя Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», прыз «Залаты абрыкос» на IX Міжнародным кінафэстывалі ў Ерэване і ўзнагароду Адэскага міжнароднага фэстывалю.