«У Берасьці Марадону не дадуць сумаваць»

Дыега Марадона падпісвае кантракт з «Дынама-Берасьце»

На якія спартовыя вяршыні можа вывесьці Марадона «Дынама-Берасьце»? Навошта ўладальнікі клюбу купілі зорку першай велічыні? Ці ня стане Марадона новым лордам Бэлам?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць берасьцейскі журналіст Эдуард Белемук, аглядальнік «Прэсболу» Сяргей Шчурко і карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Серж Харытонаў.

Навошта берасьцейскаму «Дынама» Марадона?

Дракахруст: Да нас едзе Марадона. Легенда сусьветнага футболу пагадзіўся стаць старшынём праўленьня футбольнага клюбу «Дынама Берасьце». Я прапаную пагаварыць пра розныя аспэкты гэтай сусьветнай сэнсацыі.

Найперш — пра наступствы для беларускага футболу і для «Дынама Берасьце» у прыватнасьці. «Дынама-Берасьце» — ня тое каб зусім ужо мізэрная велічыня ў футболе, але і ня зорка першай вялічыні.

Зь іншага боку, адмыслоўцы кажуць, што Марадона — адзін з самых вялікіх, калі ня самы вялікі футбаліст. Але яго посьпехі як менавіта трэнэра, мэнэджара, былі значна больш сьціплыя, мякка кажучы, чым яго слава футбаліста.

Чаго можа дасягнуць «Дынама-Берасьце», дзякуючы Марадону? Ці ёсьць у каманды патэнцыял, які можа раскрыцца?

Ці ведаеце вы, які, так бы мовіць, гарызонт менавіта спартовых плянаў (ці мараў) уладальнікаў клюбу?

Бо калі ў выніку, скажам, «Дынама-Берасьце» стане бясспрэчна першым у Беларусі — хіба гэта мэта, сувымерная з такім казырным тузам? А калі мэта іншая, то якая?

Эдуард Белемук

Белемук: Гэтай навіной цікавяцца ў Берасьці ўсе — ад зацятых заўзятараў футболу да хатніх гаспадыняў. Што да пэрпэктываў, то калі б мы хацелі запрасіць добрага адмыслоўца, то варта было б запрашаць некага кшталту Зінэдзіна Зідана. А што тычыцца запрашэньня Марадоны, то мне здаецца, што тут больш жаданьня прыцягнуць увагу да каманды, да гораду, да Беларусі.

Мне падаецца, што гэта збольшага піяр-ход. Ён запрошаны сюды зіц-старшынём клюбу.

Задача, якую паставіла прэсавая служба — сабраць на стадыёне 10 тысячаў, зараз цалкам дасягальная. Я мяркую, што патэнцыял каманды, а ён яшчэ не раскрыты, раскрыецца пры дапамозе Марадоны, і яна дасягне новых вяршыняў. Зараз яна прабілася ў Лігу Эўропы, заўтра яна гуляе ў фінале кубку Беларусі з БАТЭ. Сёлета яна яшчэ павінна паспрачацца за пазыцыі лідэра з гэтай камандай. Праўда, ужо вельмі шмат страчана ў чэмпіянаце.

Шчурко: Каб стаць чэмпіёнам, запрашэньня Марадоны будзе мала. Гэта справа 3-4 сэзонаў, як паказвае гісторыя таго ж БАТЭ. Месца «Дынама-Берасьце» — гэта вясёлая каманда. Ніхто дагэтуль ня ведае, хто ў іх гаспадары. Там піяр робяць таленавітыя людзі зь Менску, той жа Віктар Радзькоў. У іх ёсьць офіс у Менску і сталічныя журналісты маюць магчымасьць зь імі рэгулярна камунікаваць.

У іх цяпер прэсавы сакратар, мяркую, самы вядомы сярод прэсавых сакратароў любых спартовых камандаў і міністэрстваў Беларусі — гэта Вольга Хіжанкова. Яны далі новае дыханьне конкурсу «Міс Беларусь». Яна за ўчорашні дзень дала больш інтэрвію, чым, напэўна, за ўсё сваё жыцьцё.

У іх і раней было жаданьне ўмацаваць каманду цікавымі асобамі, часам неадназначнымі. Я не зьдзіўлюся, калі яны прыцягнуць Аляксандра Глеба. Гэта было б крута. Улічваючы і тое, што там ёсьць і самы таленавіты гулец беларускага футболу Павал Савіцкі. Ёсьць такія, як Павал Няхайчык і Аляксандар Гутар. Да апошняга часу заўсёды «парушальнікам спакою» была БАТЭ. Але зараз берасьцейскае «Дынама» пасунула іх з гэтай пазыцыі. Засталося, каб гэта знайшло адлюстраваньне ў турнірнай табліцы. Прынамсі, будзе весела глядзець гэты чэмпіянат.

Дракахруст: Ці вядома нешта пра пляны пакупкі клюбам нейкіх таленавітых дзейных футбалістаў? Можа пад новага трэнэра будзе сфармаваная і фактычна новая каманда?

Шчурко: Я, па шчырасьці, ня думаю, што Марадона будзе займацца гэтым праектам. Ён чалавек сьвету, яму ўсё цікава. Сёньня ён у Вэнэсуэле са сьцягам танчыць, заўтра будзе прасоўваць нешта ў Расеі, пасьлязаўтра — у Альбаніі ці недзе яшчэ.

Ён выкарыстоўвае нас, мы выкарыстоўваем яго. Яму заплацілі. Думаю, што лічба ў 20 мільёнаў даляраў, якая была неафіцыйна агучаная, гэта неадэкватная лічба. Беларускія прадпрымальнікі — ня тыя людзі, якія будуць плаціць такія шалёныя грошы невядома за што.

Харытонаў: Мне падаецца, што гэта не футбольная гісторыя, а перш за ўсё гэта піяр. Хаця ў беларускім футбольным рэйтынгу берасьцейская каманда — не на першым месцы, але ў сэнсе піяру яны бясспрэчныя лідэры. Яны выдатна працуюць у сацыяльных сетках. Быў нядаўна скандал зь іх відэа пра іх кібэрдэпартамэнт, якое сабрала 300 тысячаў праглядаў.

Сёньня футбол — гэта найперш бізнэс. Там трэба зарабляць грошы. Відавочна, што ў бліжэйшы час «Дынама-Берасьце» будзе зоркаю інтэрнэту. Людзі, якія ведаюць Марадону, будуць яшчэ доўга шукаць яго ў акаўнтах каманды ў сацсетках.

Што тычыцца таго, што Марадона будзе прасоўваць імідж Беларусі ў сьвеце, то я гэтым цешуся. У Беларусі жыве ня толькі ўлада, але і людзі. Мне хочацца, каб людзі ў сьвеце даведваліся добрыя навіны пра Беларусь, а ня толькі пра «радыёактыўную дыктатуру». Тут ёсьць шмат добрых рэчаў, у тым ліку і клюб «Дынама-Берасьце».

Хто стаіць за запрашэньнем Марадоны?

Дракахруст: Яшчэ адно пытаньне — пра ўладальнікаў клюбу. Пішуць, што гэта кампанія Sohra Overseas, зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, якая спэцыялізуецца на продажы беларускай аўтамабільнай тэхнікі. Чыя гэта кампанія — не зусім зразумела. Кажуць, што з «Дынама-Берасьце» шчыльна зьвязаны берасьцейскі прадпрымальнік Аляксандар Зайцаў — адзін з уладальнікаў буйной лягістычнай кампаніі «Брэміна Груп». Ён 69-ы нумар ТОП 100 самых пасьпяховых беларускіх бізнэсаў (паводле «Ежедневника»). Нібыта менавіта Зайцаў лятаў у Эміраты на перамовы з Марадонам.

Аргентынскі друк піша пра тое, што цана трохгадовага кантракту з Марадонам склала 20 мільёнаў даляраў, пра што ўжо прыгадаў Сяргей. Sohra Overseas ці спадар Зайцаў такія багатыя на такую рызыкоўную інвэстыцыю? Ці яна насамрэч надзейная, але зусім не ў спартовым сэнсе?

Сяргей Шчурко

Шчурко: 20 мільёнаў — гэта сума, узятая са столі. Сядзелі два нейкія аргентынскія журналісты і памеркавалі, што іх зямляк мусіць каштаваць вельмі дорага. Я чуў, што апошні кантракт у яго быў гадоў 6 таму з клюбам з Эміратаў на 3.5 мільёны. І ён гэтыя грошы не адпрацаваў і блізка. І меркаваць, што беларусы прапануюць яму ў 6 разоў болей... Ня ведаю, што яму вядома пра Эўропу. Мне здаецца, што ён вельмі вясёлы мужык. Цікава будзе паразмаўляць зь ім у Беларусі.

Белемук: Грошы любяць цішыню. І клюб прытрымліваецца гэтай максымы ўвесь час. Калі вы думаеце, што мне тут, у Берасьці, больш вядома пра клюб, то гэта ня так. «Дынама-Берасьце» — гэта ўжо выключна «лэйба», а рэальна кіраваньне знаходзіцца ў зусім іншых месцах. Думаю, што ў Менску больш вядома, чым мне тут у Берасьці.

Мільгае тут на мерапрыемствах Аляксандар Зайцаў, лічыцца, што ён — галоўны твар каманды. Хто замежныя інвэстары гэтага праекту — гэта таямніца. Тут, у Берасьці, на віду асобы, якія зьяўляюцца выканаўцамі. А хто прымае рашэньні — я ня ведаю.

Мяне зацікавіла інфармацыя, што Марадона атрымаў пакет у 20% акцыяў клюбу. Але клюб — гэта ТАА, і, як такіх, акцыяў ён не эмітуе. Так што я мяркую, што там кантракт на пару мільёнаў, напэўна, там прапісана, што ён час ад часу будзе прыяжджаць у Берасьце. І ня больш таго.

Дракахруст: Серж, некалі адзін дасьціпны чалавек сказаў: «Інфармацыя — гэта тое, што хочуць схаваць. Усё астатняе — гэта рэкляма». У вас ёсьць інфармацыя пра гэты клюб і пра гэтую зьдзелку?

Харытонаў: Я рабіў інтэрвію з галоўным мэнэджарам каманды Валдасам Іванаўскасам. Ён сказаў, што канкрэтныя ўмовы кантракту агучвацца ня будуць. Але, паводле Іванаўскаса, бралася пад увагу тое, што Марадона і так даволі багаты чалавек. І пытаньне грошай, па словах майго суразмоўцы, не было прынцыповым. Іванаўскас патлумачыў, што Марадона даўно шукаў нейкі эўрапейскі клюб, бо ён ніколі тут не працаваў. Некаторыя называюць Марадону «зьбітым лётчыкам». Ён апошні час кіраваў клюбамі, якія цяжка назваць колькі-небудзь пасьпяховымі. З двух апошніх клюбаў ён сышоў са скандалам.

Марадона як новы лорд Бэл

Дракахруст: Нарэшце, яшчэ адзін аспэкт сэнсацыі з Марадонам. А ці ня можа быць мэтай гэтага кантракту ня посьпехі «Дынама-Берасьце», а скажам, прасоўваньне брэнду, іміджу Беларусі, пра што вы ўсе ўжо казалі? Наведвалі ж Беларусь такія зоркі, як Стывэн Сігал і Жэрар Дэпардз’ё, якіх Аляксандар Лукашэнка вучыў сельскай гаспадарцы. Актораў сьвет ведае, любіць, але Марадона — яго, напэўна, сьвет ведае, як нікога.

Н,у і будзе распавядаць сьвету пра Беларусь, пра Лукашэнку, здымецца зь ім. Для рэклямы Беларусі ў сьвеце адзін Марадона можа зрабіць больш, чым цэлае міністэрства замежных справаў. Дык, можа за гэта 20 мільёнаў і заплачаныя? У свой час наймалі лорда Бэла, таксама не за 5 капеек. Можа, гэта праект такога ж кшталту? А футбол — ну, як атрымаецца.

Серж Харытонаў

Харытонаў: Марадона — гэта легендарны чалавек, пры ўсёй яго супярэчлівасьці. Любая навіна з гэтым чалавекам трапляе на першую старонку любой газэты. «Дынама-Берасьце» — клюб зь вельмі прафэсійнымі топ-мэнэджарамі, у тым ліку ў сфэры піяру, можна прыгадаць толькі аднаго Віктара Радзькова, які раней быў рэдактарам часопісаў «Сапиенс», «Я» і «Большой». Чуткі ходзяць розныя. Сёньня я пачуў чутку, што каманда належыць сямʼі прэзыдэнта. Але гэта толькі чуткі.

Можна сказаць, што ў Беларусі ўсё палітыка. Але можна сказаць, што гэта — ідэальны кейз рэклямы. І для краіны, для беларускіх заўзятараў гэта добрая нагода распавесьці пра сябе ўсяму сьвету.

Шчурко: Мяне абнадзейвае тое, што ўсімі гэтымі праектамі з Сігалам і Дэпардзьё, якія таксама ў пэўным сэнсе «зьбітыя лётчыкі», займалася нашая родная дзяржава, а яна нічога прыстойна рабіць ня ўмее, і піяршчыкі ў яе шэрыя і панылыя і проста не знайшлі сабе працу ў іншых месцах. Калі там наагул ёсьць піяршчыкі. Я думаю, што ў іх там проста спэцыялісты па ідэалёгіі кшталту Замяталіна.

Дракахруст: Ну, здаецца, прынамсі адзін піяршчык там ёсьць — гэта Лукашэнка.

Шчурко: Ну, у прынцыпе так. Але калі мы маем справу з людзьмі, якія сябе зарэкамэндавалі ў гэтай сфэры, як Віктар Радзькоў, то можна быць упэўненым, што яны пастараюцца, каб Марадона адпрацаваў гэтыя тры гады напоўніцу.

Белемук: Шмат цяпер кансьпіралягічных вэрсіяў, чаму Марадона зьявіўся, як яго будуць выкарыстоўваць. Хіжанкова паведаміла, што можа адбыцца сустрэча Марадоны з Лукашэнкам.

Дракахруст: А ў вас ёсьць у гэтым сумневы?

Белемук: Сумневы ёсьць заўсёды.

Я б адзначыў, што піяр з Марадонам — гэта двусечны клінок. Ён можа так сябе адпіярыць, што потым ня будзеш ведаць, куды бегчы ад такога піяру. Зь іншага боку, як той казаў, не бывае кепскага піяру.

Але мне хацелася б, каб Берасьце загучала, зь якой бы мэтай Марадону сюды ні запрасілі.

Вось уяўляеце: вы ідзяце па Савецкай вуліцы, гэта галоўная вуліца гораду, і бачыце, што сядзіць Марадона зь вялікай сыгарай і папівае піўцо. Я ўяўляю, колькі людзей будзе ў гэтым кафэ ў гэты час. Мне б хацелася, каб за час яго ўдзелу ў гэтым праекце ў Берасьці адкрыліся кафэ «У Дыега», стадыён яго імя, каб паадкрываў кучу футбольных пляцовак у горадзе.

Марадона яшчэ ня ведае, куды ён трапіў. А трапіў ён у вельмі цікавае месца, дзе яму таксама не дадуць сумаваць.