74 гады таму паводле рашэньня Дзяржаўнага камітэту абароны СССР, створанага на час вайны, крымскататарскае насельніцтва было выселена з Крыму ва Ўзбэкістан, Таджыкістан ды іншыя рэгіёны Савецкага Саюзу.
Афіцыйна гэтую дэпартацыю матывавалі тым, што крымскія татары ў Другой усясьветнай вайне нібыта змагаліся на баку нацысцкай Нямеччыны.
Толькі за два гады да развалу СССР крымскіх татараў рэабілітавалі, зьнялі ўсе абмежаваньні і прызналі іхную дэпартацыю злачыннай. На пачатку 90-х крымскія татары масава пачалі вяртацца на бацькаўшчыну. Але цалкам уладкавацца не пасьпелі — іхныя землі былі занятыя, а новыя ўлады ня надта сьпяшаліся вырашаць зямельныя пытаньні. Цяпер большасьць крымскіх татараў разам зь лідэрамі іх Мэджлісу не прызнаюць Крым расейскім і працягваюць змагацца за вяртаньне ва Ўкраіну.
Ва Ўкраіне — дзень памяці ахвяраў генацыду крымскіх татараў
Сёньня ва Ўкраіне пачынаюцца афіцыйныя імпрэзы, прымеркаваныя да чарговай гадавіны дэпартацыі крымскіх татараў. На Сафійскай плошчы, у цэнтры Кіева, адбудзецца мітынг-рэквіем з удзелам кіраўніцтва дзяржавы і лідэраў крымскататарскага народу, а на плошчы Незалежнасьці будзе працаваць тэматычная фотавыстава. Увечары таксама заплянаваны вулічны паказ мастацкага фільму «Хайтарма», зьнятага паводле рэальных падзей рэжысэрам Ахтэмам Сэйтаблаевым, крымскім татарынам з паходжаньня.
Забаронены ў Расеі, прызнаны ва Ўкраіне
Ва ўмовах анэксіі Расеяй Крыму чарговая дата гістарычных падзей набывае асаблівы сэнс і дадатковую магчымасьць нагадаць пра сытуацыю, у якой апынуліся крымскія татары цяпер — іхны прадстаўнічы орган Мэджліс ня можа паўнавартасна функцыянаваць у анэксаваным Крыме, бо прызнаны Расеяю экстрэмісцкаю арганізацыяю.
Найбольш актыўных прадстаўнікоў крымскататарскага народу перасьледуюць — летась расейскія праваахоўныя органы Крыму арыштавалі 42, аштрафавалі 99, затрымалі 248 крымскіх татараў. Сёлета з пачатку году ў крымскататарскіх актывістаў правялі больш як 20 ператрусаў, пасьля якіх было затрымана яшчэ амаль 30 асобаў. Паводле дадзеных Мэджлісу, з часу захопу Расеяй паўвострава прапалі бязь вестак 16 грамадзян, у тым ліку 12 крымскіх татараў, а 13 загінулі. Яшчэ 20 тысяч пад ціскам і страхам вымушаныя былі выехаць з Крыму.
Сьвет патрабуе вярнуць Крым Украіне
За чатыры гады ніводная ўплывовая дзяржава сьвету не прызнала Крым расейскім, хоць фактычна ён выйшаў з-пад юрысдыкцыі Ўкраіны. Сусьветныя лідэры пэрыядычна заклікаюць Расею вярнуць Крым Украіне, а ўкраінскія ўлады максымум што могуць зрабіць — не прызнаць вынікі расейскіх парлямэнцкіх ці прэзыдэнцкіх выбараў на паўвостраве.
«Я думаю, мы абавязкова вызвалім Крым — ня толькі Крым, але ўсе тэрыторыі, акупаваныя Расеяй і тымі фармаваньнямі, якія яна стварае на ўсходзе нашай краіны. Але пытаньне аб тэрмінах залежыць ня толькі ад самой Украіны — мы, вядома, будзем прыкладаць усе намаганьні — але і ад сусьветнай супольнасьці, ад дзеяньняў вядучых краінаў», — перакананы лідар крымскататарскага народу Мустафа Джэмілеў.
Мустафа Джэмілеў: Пакуль у Беларусі аўтарытарны рэжым, сказаць, што яна ў бясьпецы, яе сувэрэнітэт у бясьпецы, цяжка
Міністэрства замежных спраў Беларусі раней тлумачыла, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту», дагэтуль так і не сказаўшы, чый Крым. Украіна ня раз крытыкавала Беларусь за падтрымку Расеі ў «крымскім пытаньні» на міжнароднай арэне.