Пра гэтае рашэньне было абвешчана пасьля сустрэчы лідэраў ЭЗ у Баўгарыі.
Эўрапейская камісія мае намер ініцыяваць захады, якія забараняюць эўрапейскім кампаніям прытрымлівацца санкцыяў ЗША супраць Ірану.
Мяркуецца, што гэты крок будзе спрыяць захаваньню дзеючага ядзернага пагадненьня з Тэгеранам і дазволіць абараніць інтарэсы эўрапейскіх карпарацыяў.
«Нам неабходна абараніць эўрапейскія кампаніі, — сказаў старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер пасьля сустрэчы лідэраў Эўразьвязу, якая адбылася ў Сафіі. — Цяпер нам трэба дзейнічаць, і менавіта таму мы запускаем гэты працэс».
Паводле Юнкера, камісія пачне працэс актывізацыі так званага нарматыўнага акту аб блякаваньні. Гэты акт забароніць кампаніям ЭЗ выконваць санкцыі і любыя судовыя рашэньні, якія будуць прадугледжвацца амэрыканскімі санкцыямі ў дачыненьні да Ірану.