Чытач Бахарэвіч: Часам здаецца, што жыцьцё пасьля дзяцінства — толькі рэха прачытаных кніг

Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Як заўжды, я чытаю адразу некалькі кніг. Бяруся за адну зь іх у залежнасьці ад настрою і самаадчуваньня, нават пара дня і надвор’е часам уплываюць на тое, якую кнігу ўзяць з паліцы. Першая: «Дзёньнік» Вітальда Гамбровіча. Кніга, якая загойвае раны і вяртае веру ў творчасьць. Раней такім гаючым тэкстам для мяне было эсэ Набокава «Літаратура і здаровы сэнс», але Гамбровіч цяпер бліжэйшы, хоць чытаю я ягоны «Дзёньнік» вельмі павольна і часта вяртаюся да некаторых старонак.

Другая кніга: грандыёзны раман нарвэскага пісьменьніка Карла Увэ Кнаўсгара «Мая барацьба». Яго я чытаю ў польскім перакладзе і пакуль што адолеў толькі першы том.

Трэцяя — кніга пад правакатыўнай назвай «Чытаць ня трэба!» Дубраўкі Ўгрэшыч, а чацьвёртая і пятая — гэта нон-фікшн: «Шаўковы шлях» Пітэра Франкапана і «Вагіна. Новая гісторыя жаночай сэксуальнасьці» Наомі Вулф.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Я даўно вяду паляваньне на выдатныя кнігі і, здаецца, ужо трохі навучыўся гэта рабіць. Назаву тры. Усе яны належаць да «непрыдуманай літаратуры»: «Забыты фашызм» Аляксандры Ленэль-Лявастын, прысьвечаная «цёмнаму мінуламу» Чарана, Ёнэско і Эліядэ, а яшчэ архіўны раман «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы і ім жа адрэдагаваныя ўспаміны Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць», да якіх я ўрэшце дабраўся. Але не, трэба было б назваць і неверагодна цікавую «Sapiens. Кароткая гісторыя чалавецтва» Юваля Ноа Харары (праўда, знаёмства зь ёй адбылося ўжо даўнавата, але яна дагэтуль не адпускае). І выбранае Чарлза Букоўскі ў беларускім перакладзе. І кнігу Караліны Эмке «Супраць нянавісьці», якую я прачытаў па-нямецку летась і якую раіў бы ўсім суайчыньнікам… І Бадлера ў перакладзе Хадановіча. І «Веру» Стэйсі Шыф — біяграфію жонкі Набокава…

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Кнігі, адзначаныя прэміямі, часьцей за ўсё расчароўваюць, таму я рэдка кіруюся такім крытэрам у сваім выбары. Што да рэцэнзій, дык у Беларусі рэдка калі можна прачытаць варты ўвагі тэкст ад сапраўды добра абазнанага ў літаратуры чалавека. Парады сяброў — так, яны маюць значэньне… Такім чынам я, напрыклад, адкрыў для сябе некалі Міленку Ергавіча, Рабэрта Баланьё, Мацея Вішнэка, Эдрыен Рыч. Але часьцей за ўсё я імкнуся сам сачыць за тым, што незвычайнага зьяўляецца на Захадзе і Ўсходзе.

Мой сьвет літаратурацэнтрычны. Большасьць размоваў — пра літаратуру, большасьць падарожжаў — дзякуючы літаратуры, увесь мой час збольшага прысьвечаны ёй, большасьць маіх знаёмых — літаратары, выдаўцы, перакладчыкі, якія ўсе і самі — апантаныя чытачы. Напрыклад, Ергавіча для мяне, як і для большасьці беларусаў, адкрыў Сяргей Шупа. Карлам Увэ Кнаўсгарам я ўсур’ёз зацікавіўся, дзякуючы «нарвэскаму нумару» часопіса «ПрайдзіСьвет». Сачу за тым, што раіць пачытаць расейская крытык і кніжная аглядальніца Галіна Юзэфовіч. Чытаю інтэрвію добрых заходніх пісьменьнікаў — і калі ў іх пытаюцца пра ўлюбёных аўтараў, лаўлю незнаёмыя імёны і назвы… Далей працуе гугл.

«Маё мастацтва пабудаванае на выкліку»

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Кнігі поўныя цікавых рэчаў, як сярэднявечныя рэкі былі поўныя рыбай. Я б нават сказаў, што абсалютная большасьць цікавых рэчаў хаваюцца менавіта ў кнігах, і таму з жахам думаю пра тых, хто чытае мала або наогул кінуў гэты занятак. Гэтым людзям бракуе жыцьцёва неабходнага вітаміну. Сьвет чалавека бяз кніг уяўляецца мне настолькі шэрым, стэрыльным і агрэсіўна-нудным, што я баюся людзей, абыякавых да літаратуры, і імкнуся трымацца ад іх чым далей. Кнігі даюць нам свабоду, кнігі — чароўны падман, але менавіта яны абараняюць нас ад надзеленых уладай махляроў і не даюць навязаць нам дурныя правілы. Крытычна настроеным чытачом маніпуляваць цяжка.

Магчыма, адна з такіх ня толькі цікавых, але і вельмі важных рэчаў, якія я даведаўся менавіта з кніг: калі б мы маглі пабачыць мінулае, мы б не захацелі ў ім жыць — і на шчасьце, яно ніколі ўжо ня вернецца, як бы нам ні хацелася. Гэта думка гісторыка і пісьменьніка Ю. Н. Харары. Яна толькі на першы погляд простая, але калі бачыш настальгію сучаснага чалавека (у тым ліку беларуса) па «залатым веку», «шчасьлівай» патрыярхальнасьці, дзяржаўнай велічы і г.д., калі чуеш крыкі пра страчаныя ідэалы і загубленую духоўнасьць, якая нібыта раней квітнела, пачынаеш разумець, «што хацеў сказаць аўтар».

Людзі прагнуць простых адказаў, але іх не бывае. Кнігі заўжды ўсё ўскладняюць, хоць мы чакаем ад іх тлумачэньняў. Добрыя кнігі нязручныя, балючыя, ірацыянальныя, яны дораць нам свой неспакой. Дзякуй ім за гэта.​

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Аповесьць «Франкенштайн, або сучасны Прамэтэй» Мэры Шэлі ў перакладзе на беларускую Марыны Дзергачовай.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Кафка, Набокаў і Джойс для мяне заўжды сучасныя. Яны па-за часам. Але калі задумацца пра тых, хто жыве тут і цяпер… Вядома, гэта Архан Памук, Карл Увэ Кнаўсгар, Мішэль Уэльбэк, Салман Рушдзі, Маргарэт Этвуд, Вольга Такарчук, Юры Андруховіч, Міленка Ергавіч, Дубраўка Угрэшыч… Сяргей Дубавец, Сяргей Шупа, Вальжына Морт, Адам Глобус, Ян Максімюк, Юля Цімафеева, Павал Касьцюкевіч, Андрэй Хадановіч, Валянцін Акудовіч… І іншыя — усіх не пералічыш.

Нямецкі перакладчык Томас Вайлер і Альгерд Бахарэвіч

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Сьмех, як вядома, бывае розны. Кожная добрая, па-майстэрску напісаная і сьмелая кніга ў пэўны момант выклікае ўсьмешку: хітрую, расчуленую, задуменную або простую і шчырую. Дзёньнік Гамбровіча ўвесь сатканы з тонкай іроніі і стылёвага сарказму. Дубраўка Угрэшыч піша пра ўспрыманьне Захадам усходнеэўрапейскіх літаратараў з такой вясёлай злосьцю, што я пазнаю сябе, свой досьвед — і ўсьміхаюся. А вось да калючага і зьдзеклівага (і ня менш шчырага) сьмеху мяне даводзяць кніжкі беларускіх графаманаў, якія ў нас спрабуюць выдаць за сапраўдную літаратуру і якія, на жаль, часам трапляюць мне на вочы. Усе гэтыя глухія да слова легалізаваныя баязьліўцы зь іхнымі настальгічнымі стогнамі, Зьмітракі Аглаблёвыя і Міхасі Барадаўкіны — проста катам на сьмех.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Летась я перачытаў «Адысэю» Гамэра ў выдатным расейскім перакладзе і быў настолькі ўражаны, што ні пра што іншае доўга ня мог думаць. І яе фінал крануў мяне да сьлёз. Не перачытваў гэты твор са студэнцкіх часоў.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Часьцей за ўсё расчароўваюць бэстсэлеры (хоць бываюць і выключэньні). Калі кнігу хваляць усе без разбору — гэта кепская кніга. Скажам, нашумелы раман «Людзі сярод дрэваў» Ханьі Янагіхары расчараваў сваёй відавочнай камэрцыйнасьцю, а «The Buried Giant» Ішыгура — штучнасьцю. Калі казаць пра беларускую літаратуру, вельмі нудна чытаць усе гэтыя панылыя постсавецкія мармытаньні, бледныя няўцямныя «эўрараманчыкі» або якісьці фэйсбук маладога Вэртэра, і расчараваньня тут значна больш, чым сапраўднай злосьці. Злосьць трэба заслужыць.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Ёсьць толькі адзін жанр, які я не чытаю — гэта п’есы. Магчыма, таму, што мне не хапае ў іх словаў. Занадта мала словаў — занадта мала сховаў для таямніцы. Я ня ведаю, дзе ў тэкстах п’есаў жыве магія. Але тэатар — люблю. Тэатар мяне заварожвае. Відаць, драматургія сама па сабе — усё ж не зусім літаратура. Вядома, бываюць выключэньні. Драматургія зьмяняецца. Зьмяняецца яе мова, зьмяняецца форма. П’еса беларускага драматурга Паўла Пражко «Тры дні ў пекле», якую аднойчы ўголас прачытаў вельмі блізкі мне чалавек, перакуліла маё ўяўленьне пра гэты жанр. Але «новая драма» для мяне ўсё ж хутчэй — проста іншая проза.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чытаю некалькі кніг паралельна, як на паперы, так і з чыталкі — але апошнім часам з чыталкі ўсё больш і больш. Што да чытацкіх звычак, дык іх у мяне некалькі і яны не зьмяняюцца зь дзяцінства:

Я чытаю кожны дзень

Я заўжды чытаю гадзіну-другую ўвечары або ўначы перад сном

Калі я чытаю ўдзень, дык люблю жаваць нешта смачнае (штосьці кшталту мішак «Haribo», нарэзанага яблыка або кукурузных палачак)

Я заўжды чытаю ў дарозе

Я не прымушаю сябе дачытваць кнігу да канца, калі яна мне не даспадобы

«Я мыю дома посуд, і з тэстастэронам у мяне ўсё цудоўна»

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Калі мы з жонкай аб’ядналі нашыя бібліятэкі, знайсьці патрэбную кнігу зрабілася цяжкавата. Кнігі ў нашым доме стаяць на стэляжах, яны запаўняюць усе паліцы, чакаюць з двух бакоў каля ложка, яны захоўваюцца пад канапай і на сталах. І гэта ня лічачы тых нашых кніг, якія захоўваюцца на лецішчы маіх бацькоў. Самыя дарагія мне кнігі стаяць на асобнай паліцы. Часам Юля, якая заўжды лепш за мяне ведае, дзе жыве тая ці іншая кніжка, спрабуе навесьці ў гэтым гармідары парадак і на нейкі час знайсьці кнігу робіцца лягчэй, але потым наш кніжны сьвет вяртаецца ў свой натуральны і цудоўны стан хаосу і анархіі. Бо кнігі купляюцца, дорацца аўтарамі, пазычаюцца, дасылаюцца з-за мяжы, вяртаюцца, знаходзяцца — карацей, увесь час аднекуль матэрыялізуюцца і выходзяць з-пад кантролю… Трохі вусьцішна разумець, што некаторыя зь іх я больш ніколі не вазьму ў рукі — і не таму, што яны мне не цікавыя. Проста ня хопіць часу або так і ня знойдзецца добрай нагоды. І неяк маркотна робіцца ад таго, што ўся гэтая бібліятэка магла б зьмясьціцца на кампутары або чыталцы.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Іх шмат. Вось тры, наўскідку: слоўнік прымавак афрыканскага народу кунду, выдадзены ў Бэрліне, зборнік «Речи государственных обвинителей», выпушчаны ў 1955 годзе Пракуратурай СССР, нямецкая кніга-фотаальбом «Deutschland zwischen Tag und Nacht» сярэдзіны 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя… Дзе б ні вандравалі, мы з жонкай любім завітваць да букіністаў.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

«Pieter Bruegel. Bauern, Narren und Dämonen». Гэтую кнігу мне падаравала дачка — і менавіта тады, калі атрымаць такі падарунак было надзвычай важна.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Мае ўлюбёныя героі: Брэмэнскія музыкі, Шэрлак Голмс, Піпі Доўгая Панчоха, Грыфін (The Invisible Man), Ёзэф К., Стывэн Дэдал, Фёдар Гадуноў-Чардынцаў, Мэфістофэль, а таксама каты і коткі з самых розных казак і раманаў — муры, варгіны, бегемоты, чэшырскія і іншыя, у ботах і без.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

У дзяцінстве я чытаў столькі, што бацькі днямі не маглі выгнаць мяне на двор. Думаю, яны ўпотай ганарыліся гэтым, але і хваляваліся таксама, бо маё чытаньне хутка ператварылася ў манію. Я чытаў столькі і з такой апантанасьцю, што часам мне здаецца: усё, што здарылася са мной пасьля дзяцінства, ёсьць усяго толькі рэхам прачытаных кніг.

У маіх бацькоў была някепская бібліятэка, сабраная «за макулятуру». Шмат чытаць лічылася важным і правільным, кнігі ў нашай сям’і былі неаспрэчнай каштоўнасьцю. Вядома, у дзяцінстве, як і большасьць, я чытаў Конан Дойла, Дзюма, а таксама Гэрбэрта Ўэлса, Стывэнсана, братоў Грымаў, шмат фантастыкі, дэтэктываў і прыгодніцкіх раманаў, але я рана ўзяўся таксама за сур’ёзную літаратуру і яшчэ ў школе зачытваўся самымі рознымі «непраграмнымі» кніжкамі.

Каб перайсьці ад «Нязнайкі на Месяцы», кнігі, якую я і цяпер успамінаю зь дзіўнай сумесьсю захапленьня і сораму, да Азімава і «Вайны сусьветаў», а затым да «Страчаных ілюзій», «Мёртвых душаў», апавяданьняў Эдгара По, прозы Замяціна і Рыбакова, «Майстра і Маргарыты», Кафкі і Орўэла, мне спатрэбілася ўсяго некалькі гадоў. А яшчэ я вельмі любіў перачытваць «Словарь юного филолога» і розныя савецкія энцыкляпэдыі.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Калі б я мог прымусіць яго да чагосьці, наўрад ці гэта мела б дачыненьне да літаратуры.

Сабакі беларускай беспрытульнасьці

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Зь любімымі пісьменьнікамі, жывымі і мёртвымі, такая штука: іх трэба чытаць, а запрашаць у госьці ня варта, бо яны хутчэй за ўсё нас расчаруюць. Зрэшты, гэта тычыцца большасьці літаратараў. Хай за пісьменьнікаў гавораць іхныя кнігі. Дваццаць гадоў ва ўсіх інтэрвію і на ўсіх лекцыях я называю сваімі ўлюбёнымі пісьменьнікамі Джойса, Набокава і Кафку, маіх «старых майстроў». Але цягнуць іх на свае імпрэзы я ня стаў бы, мне цалкам хапае таго, што яны напісалі, каб адчуваць іхнюю жывую прысутнасьць.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Нікога.

Што вы перачытваеце?

Джэймс Джойс для мяне быў і застаецца адным з галоўных пісьменьнікаў. Настаўнікаў, геніяў, майстроў. Таму я кожны год патрохі перачытваю «Уліс», найвялікшы раман мінулага стагодзьдзя, і кожны раз гэта асалода. А яшчэ летась я перачытаў «Голад» Гамсуна і зноў уразіўся дасканаласьцю гэтай кнігі. Кніжка забытага аўстра-вугорскага паэта-мадэрніста Імрэ фон Штукара — не раман, але для мяне гэта тая клясыка, якую варта часам браць у рукі.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Новую кнігу Міленкі Ергавіча ў перакладзе Сяргея Шупы і Мойшэ Кульбака ў ягоным жа перакладзе. Раман самага знакамітага сучаснага вугорскага пісьменьніка Ласла Краснахоркаі «Д’ябальскае танга». Раман Майкла Канінгэма «Гадзіны». Яшчэ хачу знайсьці добрую, падрабязную біяграфію Вітальда Гамбровіча на якой-небудзь з моваў, на якіх змагу яе адолець (па-расейску і па-беларуску пакуль няма). А таксама зьбіраюся прачытаць кнігі, якія, я спадзяюся, неўзабаве зьявяцца, хоць аўтары наконт уласных плянаў пакуль маўчаць: сапраўдную, тоўстую «Гісторыю Менску», якую напіша Нехта, Хто Ведае і Любіць гэты Горад, новыя зборнікі вершаў Вальжыны Морт і Юлі Цімафеевай. І буду чытаць далей Кнаўсгара — наперадзе пяць агромністых тамоў: цэлае жыцьцё.

Фота Юлі Цімафеевай