Дыега Марадона стане старшынём праўленьня футбольнага клюбу «Дынама» зь Берасьця. І гэта ня жарт. Сам слынны футбаліст і прэсавая служба «Дынама» ўжо пацьвердзілі гэты факт. Свабода пісала ўжо пра Марадону як сябра Уга Чавеса і фаната Пуціна. Цяпер тлумачым, што трэба ведаць пра берасьцейскае «Дынама».
1. У 2015 годзе клюб ледзь ня стаў банкрутам. Дынама катастрафічна бракавала грошай. Даходзіла да таго, што заўзятары скідваліся на форму для гульцоў.
2. У 2016 годзе ў клюбу зьявіўся новы спонсар — Sohra Overseas, кампанія, зарэгістраваная ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, якая спэцыялізуецца на продажы беларускай аўтамабільнай тэхнікі ў краінах Пэрсыдзкага заліву і Афрыкі.
3. Імя сапраўднага ўладальніка клюбу трымаецца ў таямніцы. Меркаваны ўладальнік Sohra Overseas, шэйх Поль Даэр, нібыта прадаў свой пакет акцый у канцы 2017 году. Каму — дагэтуль няясна. Вядома толькі, што з «Дынама-Берасьце» цесна зьвязаны берасьцейскі прадпрымальнік Аляксандар Зайцаў — адзін з уладальнікаў буйной лягістычнай кампаніі «Брэміна Груп». Ён уваходзіць у лік 100 самых пасьпяховых беларускіх бізнэсаў (паводле «Ежедневника»). Шэраг спартовых СМІ паведамлялі, што менавіта Зайцаў вылятаў у Эміраты на перамовы з Дыега Марадонам.
4. У «Дынама-Берасьце» працуе Віктар Радзькоў, былы адказны за разьвіцьцё і прасоўваньне «Крумкачоў». Зь ягоным прыходам у 2016 годзе клюб займеў у якасьці галоўнага спонсара кампанію «Audi», гімн у выкананьні гурту «Крама», а фан-зону на хатнім стадыёне называюць ці не найлепшай у краіне.
5. Клюб існуе з 1960 году. Галоўныя дасягненьні каманды за ўвесь час — трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі ў 1992 годзе, у першым розыгрышы першынства пасьля атрыманьня незалежнасьці. У 2007 і 2017 годзе берасьцейскае Дынама выйгравала Кубак Беларусі, а ў 2018-м — Супэркубак.
6. У чэмпіянаце 2018 году «Дынама-Берасьце» пакуль змагло выйграць толькі 2 гульні з 7. Каманда ідзе на 8 месцы сярод 16.
7. У мінулым годзе кантракт з «Дынама-Берасьце» падпісаў скандальна вядомы футбаліст беларускага паходжаньня Арцём Мілеўскі, які адмовіўся выступаць за беларускую зборную і прыняў украінскае грамадзянства.
8. «Дынама-Берасьце» ня мае галоўнага трэнэра. Пасьля сыходу з каманды чэха Радаслава Латала ягоныя абавязкі выконвае былы спартовы дырэктар клюбу.
9. Кіраўніцтва клюбу заяўляе, што ў 2020 годзе «Дынама-Берасьце» будзе выступаць у Лізе Чэмпіёнаў і прадаваць сваіх футбалістаў топ-камандам. Пакуль што адзінае дасягненьне «Дынама-Берасьце» на міжнароднай арэне — выхад у другі кваліфікацыйны раўнд Лігі Эўропы. Але ў абодвух матчах берасьцейскі клюб прайграў аўстрыйскаму «Альтаху» з агульным лікам 1:4.
10. Прэс-сакратар клюбу — былая міс Беларусь Вольга Хіжанкова.