16 траўня ў Маскве памерла дырэктарка маскоўскага незалежнага «Тэатра.doc», рэжысэрка і сцэнарыстка Алена Грэміна. Прычынай сьмерці стала сардэчная і ныркавая недастатковасьць. Грэмінай быў 61 год, паўтара месяца таму памер яе муж, мастацкі кіраўнік і заснавальнік «Тэатра.doc» Міхаіл Угараў.
Маскоўскі «Тэатр.doc» лічыцца тэатрам дакумэнтальнай п’есы. У 2012 ён паставіў дакумэнтальны спэктакль «Двое у тваім доме» пра хатні арышт Уладзімера Някляева.
У 2011 былы кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, паэт Уладзімер Някляеў быў вызвалены з СІЗА КДБ і зьмешчаны пад хатні арышт. Ён і ягоная жонка стала знаходзіліся пад наглядам двух супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія забаранялі ім падыходзіць да вокнаў, адказваць на тэлефонныя званкі і зачыняць дзьверы ў туалет. Гэты сюжэт стаў тэмай спэктаклю, сцэнар да якога напісала Алена Грэміна.
— Мяне больш за ўсё ўразіла, што Алена пайшла з жыцьця неўзабаве пасьля сьмерці свайго мужа, Міхаіла Ўгарава, па той самай прычыне: сардэчная недастатковасьць, — дзеліцца Ўладзімер Някляеў. — Прычым абодва былі нестарымі людзьмі. І мне ўспомнілася, як знаёмы кардыёляг неяк сказаў: абыякавыя людзі ад сардэчнай недастатковасьці амаль не паміраюць — гэта ўдзел людзей неабыякавых. Дык вось і яна, і ён былі зь неабыякавых людзей.
У Менск яны прыехалі самі, яшчэ калі я быў пад хатнім арыштам. Іх да мяне ў хату не пусьцілі, яны вярнуліся, і ўжо калі кэдэбісты пакінулі хату, прыехалі зноў. Мы зь ёй гаварылі пра тое, што можна напісаць і паставіць па той фабуле, якую прыдумалі для мяне людзі зь беларускага КДБ.
Я і сам хацеў пра гэта напісаць — бо такая незвычайная фабула лёгка становіцца мастацкім сюжэтам — і сказаў ёй пра гэта. Яна адразу адказала: калі самі дык самі, але калі дазволіце мне зрабіць паралельна працу — буду ўдзячная. Я сказаў: можаш скарыстацца тым, што я прыдумаў, але яна не скарысталася, а зрабіла сваю сцэнічную і сюжэтную распрацоўку, і быў пастаўлены ў Маскве, у «Тэатры.doc» спэктакль «Двое ў тваім доме». Вельмі пасьпяховы спэктакль, ён ішоў з аншлягамі, у тым ліку за мяжой. Я, напрыклад, глядзеў яго ў Гданьску.
Мне здалася гэтая праца вельмі ўдалай безадносна да таго, што спэктакль быў пра мяне, маю жонку, маю сям’ю. Там ёсьць такія важныя для нашага жыцьця кантрапункты як вернасьць, прынцыповасьць — вернасьць сваім перакананьням, сваёй пазыцыі ў жыцьці. Гэта ў нашым часе рэч важная, а ня толькі сам сюжэт, і таму яны паспрыялі посьпеху спэктаклю.
Алена невыпадковы ў мастацтве чалавек, яна зь літаратурнай сям’і, яе бацька Анатоль Грэбнеў — чаму яна, дарэчы, па сугуччы ўзяла псэўданім Грэміна — быў даволі вядомы драматург, кінасцэнарыст, на ягоныя вершы было напісана шмат песьняў. І гэтую сямейную літаратурную традыцыю яна працягнула дастойна. І дастойна пражыла жыцьцё.
Маскоўскі «Тэатр.doc» працуе ў дакумэнтальным жанры, беручы тэмы для новых спэктакляў з рэчаіснасьці, як і беларускі «Свабодны тэатр». Гэтыя два калектывы мелі творчае сяброўства.
«Тэатр.doc» узьнік у 2002 годзе, Алена Грэміна з мужам былі сярод заснавальнікаў. У першы ж год існаваньня тэатр паставіў рэкорд у Расеі па колькасьць прэм’ераў на працягу году — іх было дзесяць. Дакумэнтальныя спэктаклі тэатру атрымлівалі самыя розныя ўзнагароды, былі запрошаныя на прэстыжныя тэатральныя фэсты. Да някляеўскага быў спэктакль «Час 18», прысьвечаны гібелі ў турме расейскага адваката Сяргея Магніцкага.
У 2014 «Тэатр.doc», які сам зазнаў перасьлед з боку расейскіх уладаў, прыехаў у Менск на запрашэньне «Свабоднага тэатру» зь перадпаказам новага спэктаклю пра падзеі на Балотнай плошчы ў 2012 годзе.
Алена Грэміна казала тады, што рэпрэсіі супраць тэатру толькі гартуюць калектыў і тэатральную супольнасьць Расеі.
«Самая вялікая небясьпека — у самацэнзуры і ў баязьлівасьці. Страх і канфармізм — яны нашы галоўныя ворагі», — лічыла рэжысэрка і сцэнарыстка Алена Грэміна.