У беларускіх лякарнях няма авастыну (бевацызумабу), супрацьпухліннага прэпарату, які выкарыстоўваецца для хіміятэрапіі. Пра гэта Свабодзе паведамілі пацыенты.
Паводле адной з пацыентак, прэпарат скончыўся яшчэ ў красавіку. З чым зьвязаны дэфіцыт гэтага лекавага сродку?
Начальнік упраўленьня фармацэўтычнай інспэкцыі і арганізацыі лекавага забесьпячэньня Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэўцкая параіла карэспандэнту Свабоды высьветліць гэтае пытаньне ў РУП «Белфармацыя».
Намесьнік гендырэктара «Белфармацыі» Алена Ганчарова паведаміла нам, што авастын, лекавы сродак вытворчасьці швайцарскай кампані «Ф.Хофман-Ля Рош», будзе пастаўлены прыблізна да 10 чэрвеня.
«Цяпер конкурс выйграла менавіта гэтая кампанія, гэта арыгінальны прэпарат. І з прычыны пераносу пляцоўкі вытворчасьці зь Нямеччыны ў Швайцарыю адбылася затрымка. Да канца траўня яны ўжо вырабляюць для нас гэты прэпарат і пастаўкай у дзясятых чыслах, я думаю, мы забясьпечым клінікі», — сказала Алена Ганчарова.
Набыць гэты лекавы сродак можна ў некаторых менскіх аптэках. У адной зь іх патлумачылі, што адзін флякон авастыну рознага дазаваньня каштуе ад 943 да 3455 рублёў.
«Ёсьць праграма падтрымкі пацыента. Павінен прыйсьці пацыент з пашпартам, мы заводзім дакумэнты, і тады адзін флякон ён набывае за поўную цану, а другі будзе ўжо каштаваць 2,5–12 рублёў. Замаўляць прэпарат лепш загадзя, каб ён дакладна быў. Бо бываюць затрымкі з пастаўкай», — патлумачылі Свабодзе ў адной зь менскіх аптэк.
Пацыенты кажуць, што на курс хіміятэрапіі (кожныя 14 дзён) чалавеку вагой 50 кг трэба тры ампулы. «Сумы непад’ёмныя», — паскардзілася Свабодзе адна з пацыентак.
Каб не спыняць працэс лячэньня, некаторыя вымушаныя былі набываць прэпарат у Расеі, дзе ён таньнейшы.
Намесьнік галоўнага лекара Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэра Сьвятлана Сірэнка запэўніла карэспандэнта Свабоды, што хіміятэрапія магчымая і без авастыну.
«Неабходна падыйсьці да хіміятэрапэўта, і яны скарэктуюць лячэньне пацыента. Пастаўка прэпарату ў Беларусь чакаецца», — сказала яна.