Станам габрэйскіх могілках у Магілёве зацікавілася амбасада Ізраілю. 15 траўня іх наведаў кіраўнік дыпляматычнай місіі Алон Шогам. З прадстаўнікамі мясцовай улады ён агледзеў старыя пахаваньні, якім пагражае зьнішчэньне, і паабяцаў габрэйскай грамадзе паспрыяць у справе аднаўленьня занядбаных надмагільляў.
Габрэйская грамада, у сваю чаргу, мае падрыхтаваць зварот у гарвыканкам, каб распачалася працэдура наданьня магілам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. На атрыманьне ахоўнага статусу, як казалі чыноўнікі ў гутарцы з дыпляматам, адведзена два гады. За гэты час клады павінны быць упарадкаваныя. Прадстаўнікі гарвыканкаму ў гутарцы з амбасадарам сказалі, што возьмуцца хадайнічаць перад Міністэрствам культуры, каб статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці могілкам быў нададзены. Разам з амбасадарам могілкі аглядалі намесьніца старшыні гарвыканкаму Ала Галушка і старшыня гарсавету Андрэй Кіблоў.
Новая рэдакцыя закону «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», прынятая ў 2015 годзе, дае права дзяржаўным спэцыялізаваным арганізацыям дэмантаваць і ўтылізаваць надмагільлі, «калі ступень разбурэньня выключае рамонт і аднаўленьне». З 600 апісаных на габрэйскіх кладах магіл больш за сотню могуць зьнішчыць.
«Да габрэйскай прысутнасьці ў Беларусі павінен быць інтарэс беларускай дзяржавы»
Агледзеўшы могілкі, амбасадар Ізраілю даў інтэрвію Свабодзе. Ён сказаў: габрэйскія могілкі, якія ёсьць у Беларусі, — гэта спадчына ня толькі габрэйская, але і ўсяго беларускага народу.
«Беларускі народ, калі хоча паказаць сваю сапраўдную гісторыю і засьведчыць нацыянальную сьпеласьць, — казаў дыплямат, — мае прызнаць той факт, што ў некаторых мясьцінах прысутнасьць габрэяў сягала сама меней 60 працэнтаў».
«Калі беларус гаворыць пра сваю гісторыю, ня згадваючы габрэяў, то ён гаворыць пра сваю мінуўшчыну з заплюшчанымі вачыма, — працягваў амбасадар Ізраілю. — Таму зразумела, што да габрэйскай прысутнасьці ў Беларусі павінен быць інтарэс і з боку беларускай дзяржавы. Габрэі жылі ў Беларусі і далі ёй тое, што далі, але так сталася, што яны амаль зьніклі. Гэта трэба памятаць і не даваць нікому забываць».
«Стан могілак — гэта наш габрэйскі лёс»
На думку дыплямата, віна за стан габрэйскіх могілак у Беларусі ляжыць на гісторыі. Гэта віна не цяперашняя, а даўнейшая, кажа ён.
«Могілкі сталі разбурацца пасьля 1940-х гадоў. Можна сказаць, што такі наш габрэйскі лёс. Але іншым разам трэба дапамагаць лёсу, каб не было яшчэ горш. Дзеля ўратаваньня гэтых могілак патрэбныя немалыя высілкі, каб урэшце быў спынены іх кепскі лёс і распачаўся харошы», — кажа Алон Шогам.
Без падтрымкі дзяржавы, кажа дыплямат, упарадкаваць габрэйскія могілкі надта цяжка, бо габрэйскія грамады нешматлікія. Яны «ў свой час былі амаль дарэшты зьнішчаныя».
«Мы прызвычаіліся да таго, што адсутнасьць грамад прыводзіць да разбурэньня і могілак», — кажа Алон Шогам. — Мы гэта разумеем, бо гэта лёс нашага народу. Зь іншага боку, мы рады, што ёсьць узаемадзеяньне зь мясцовымі органамі ўлады, якія дапамагаюць нам іх аднавіць. Нядаўна былі адноўленыя такія могілкі ў Віцебскай вобласьці. Там была дужа цяжкая сытуацыя, бо яны амаль нікім не наведваліся ад 1940-х гадоў. Нам дапамагла мясцовая ўлада. Гэта нас цешыць, і мы разумеем, што з гэтай праблемай мы ня сам-насам«.
«Новыя пакаленьні павінны ведаць, што габрэі жылі ў Беларусі»
Амбасадар Ізраілю пагаджаецца зь мясцовай уладай, што габрэйскія могілкі павінны стаць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.
«Мы з гэтым згодныя, хоць і разумеем, што сьвяты статус могілак крыху нівэліруецца з набыцьцём новага гістарычнага статусу. Разам з тым новыя пакаленьні павінны памятаць, што да Другой усясьветнай вайны ў Магілёве доля габрэйскага насельніцтва была дужа вялікая, як і іхны ўнёсак у разьвіцьцё гораду. Іншым разам і кніг недастаткова для гэтага, а вось могілкі якраз дазваляюць гэта ўбачыць», — кажа ён.
Чаму дзяржава Ізраіль не ратуе габрэйскія могілкі ў Магілёве
Адказваючы на пытаньне, якім чынам Ізраіль можа дапамагчы ратаваць габрэйскія могілкі ў Беларусі, Алон Шогам падкрэсьліў: Ізраіль як дзяржава ня ўмешваецца ў справы іншых дзяржаў.
«Ёсьць габрэйскія грамады ўва ўсім сьвеце, якія займаюцца габрэйскай спадчынай, і яны недзяржаўныя. Ізраіль можа аказаць дапамогу ў пошуку гістарычных фактаў, у дасьледаваньнях, зьбіраньні інфармацыі, але ён не стварае могілак і не паляпшае іх стану. Для гэтага ёсьць фонды габрэйскага народу, якія прыходзяць туды, дзе габрэйскім грамадам патрэбная дапамога», — сказаў амбасадар Ізраілю Алон Шогам.
«Прывесьці надмагільныя збудаваньні ў належны стан» абавязвалі да 22 чэрвеня
Габрэйскія могілкі першымі трапілі пад увагу Магілёўскага спэцыялізаванага камбінату абслугоўваньня насельніцтва. Тыя, хто мае на іх пахаваньні, гаворыцца ў абвестках, абавязаныя «прывесьці надмагільныя збудаваньні ў належны стан» да 22 чэрвеня 2018 году.
На прадпрыемстве кажуць: у іх прадпісаньне Генэральнай пракуратуры. Яе прадстаўнікі аб’ехалі могілкі ў Беларусі і зрабілі выснову, што закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе» не выконваецца. Праведзеная прадпрыемствам інвэнтарызацыя выявіла занядбаныя надмагільлі. Упарадкаваць іх належала на працягу двух гадоў. Калі тое ня зроблена, то надмагільле дэмантуецца.
На магілёўскіх могілках пахаваныя сваякі цяперашняга прэзыдэнта Ізраілю
У 2015 годзе актывісты габрэйскай грамады скончылі каталягізацыю пахаваньняў на габрэйскіх могілках. Яны апісалі больш за 600 старых магілаў. Кожная шостая пад пагрозай зьнішчэньня, бо прыгледзець за імі няма каму.
Габрэйскія могілкі — адны з найстарэйшых у горадзе. Паводле архіўных зьвестак яны вядомыя з 1745 году. Нямала надмагільляў вырабленыя ў Варшаве, Вільні, Санкт-Пецярбургу. Многія з пахаваных укладалі пры жыцьці сродкі ў разьвіцьцё гораду.
Тут адшуканыя магілы сваякоў цяперашняя прэзыдэнта Ізраілю Рэўвэна Рыўліна.
Мясцовыя дасьледчыкі габрэйскай мінуўшчыны, абапіраючыся на зьвесткі з кнігі «Генэалёгія сямейства Рыўліных», а таксама энцыкляпэдычныя зьвесткі, сьцьвярджаюць: пахаваныя на кладах купцы Арон-Эліэзэр і Хаім Сімховічы — родзічы цяперашняга кіраўніка ізраільскай дзяржавы. Як і Рэўвэн Рыўлін, яны паходзяць з старажытнага роду, карані якога сягаюць XVI стагодзьдзя, калі жыў сьвяты рабін Ёсіф.
Бальшыня падпісантаў Дэклярацыі незалежнасьці Ізраілю — людзі зь Беларусі. Беларускае паходжаньне маюць чатыры прэзыдэнты Ізраілю, на беларускай зямлі жылі бацькі чатырох ізраільскіх прэм’ераў.