Генпракуратура Беларусі пачала справу супраць службовых асобаў украінскага інвэстара «Мотор Січ»

Завод «Мотор Січ» у Запарожжы

Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна).

Пра гэта паведамляецца на сайце Генпракуратуры.

Справа распачатая па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэньне службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы).

«Падставай паслужыла прычыненьне службовымі асобамі заводу шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама істотнай шкоды яго інтарэсам», — паведамляе Генпракуратура.

Падчас праверкі дзейнасьці акцыянэраў ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» супрацоўнікі ўпраўленьня па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генпракуратуры агледзелі памяшканьні прадстаўніцтва публічнага акцыянэрнага таварыства (ПАТ) «Мотор Січ» у Беларусі. Яны забралі дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці ўкраінскага інвэстара на тэрыторыі краіны.

Крымінальная справа накіраваная ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Працягваецца праверка выкананьня ПАТ «Мотор Січ» інвэстыцыйнай дамовы, а таксама фінансава-гаспадарчай дзейнасьці Аршанскага авіярамонтнага заводу.

Акцыянэры заявілі, што гатовыя вярнуць акцыі дзяржаве

Раней акцыянэры Аршанскага авіярамонтнага заводу — украінская «Мотор Січ» і беларускія «Сыстэмы інвэстыцый і інавацый» — заявілі, што гатовыя вярнуць дзяржаве акцыі заводу. У 2012 годзе «Мотор Січ» набыла 59,5% акцый, а «Сыстэмы інвэстыцый і інавацый» — 39,7%.

Паводле Інтэрфакса, кіраўнік украінскага прадпрыемства Вячаслаў Багуслаеў сказаў, што рашэньне вярнуць акцыі «ў асноўным выклікана канфліктнымі адносінамі паміж Украінай і Расеяй».

Прыватны самалёт Вячаслава Багуслаева, на якім прэзыдэнт «Мотор Січ» прыляцеў на сход акцыянэраў, ня змог 27 красавіка пакінуць аэрадром у пасёлку Балбасава (Віцебская вобласьць), дзе месьціцца завод.

Ці дапаможа Беларусь абысьці ўкраінскае эмбарга?

Беларуска-ўкраінскае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва: росквіт ці заняпад?

Служба бясьпекі Ўкраіны правяла 23 красавіка вобшук на «Мотор Січ» у Запарожжы.

Нядаўна Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева наклаў арышт на 56,5% акцый запароскага прадпрыемства. Гэтыя акцыі набылі кітайскія інвэстары.

Старшыня праўленьня ПАТ «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў наконт абвінавачваньня ў канцэнтрацыі пакета акцый у руках замежніка патлумачыў, што акцыі прадпрыемства знаходзяцца ў вольным продажы на біржах. Таксама ён заявіў, што супрацоўніцтва з кітайскім бізнэсам адбываецца ў законных рамках.

У ліпені 2017 году генпракурор Юры Луцэнка заявіў, што ў адносінах да прадпрыемства «Мотор Січ» расьсьледуюцца некалькі крымінальных спраў.

«Адну зь іх вядзе СБУ, і яна зводзіцца да таго, што большую частку акцый, якія былі раней выведзеныя на афшорныя кампаніі, перадалі ва ўласнасьць у не ўстаноўленым заканадаўствам парадку», — сказаў Луцэнка.

Акрамя таго, паводле ягоных слоў, Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Генпракуратуры Ўкраіны праводзіць праверку магчымага крадзяжу дзяржаўных сродкаў падчас выкананьня прадпрыемствам дзяржаўнага абароннага заказу.