Асуджаны летась на 8 гадоў топ-мэнэджар «Беларусбанку» выйшаў на волю, — Tut.by

Архіўнае фота. Падчас суду над Анатолем Багавіком

Былы выканаўчы дырэктар «Беларусбанку» Анатоль Багавік, асуджаны мінулай восеньню на 8 гадоў калёніі, выйшаў на волю, верагодна, па памілаваньні прэзыдэнта. Пра гэта паведамляе Tut.by.

Паводле некалькіх не зьвязаных паміж сабой крыніц парталу, Багавіка вызвалілі каля тыдня таму.

Свабода паспрабавала спраўдзіць інфармацыю ў афіцыйных крыніц. Аднак у Вярхоўным судзе нашаму карэспандэнту параілі зьвярнуцца ў Дэпартамэнт па выкананьні пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў, а ў ДВП параілі напісаць пісьмовы зварот, каб атрымаць інфармацыю адносна Багавіка.

Анатоль Багавік знаходзіўся пад вартай з 4 жніўня 2016 году. Былы выканаўчы дырэктар банку, а да таго кіраўнік цэнтру банкаўскіх картак Беларусбанку быў прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Паводле сьледзтва, Багавік атрымаў 94 тысячы даляраў хабару ад былога гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Генадзя Зубарава. Пры гэтым ён абяцаў Зубараву паспрыяць, каб Банкаўскі працэсінгавы цэнтар перамог у конкурсе на закуп банкаматаў для «Беларусбанку».

Архіўнае фота. Бацька Анатоля Багавіка падчас суду над сынам.

Анатоль Багавік — сын вядомага беларускага футбаліста Анатоля Багавіка, які выступаў у чэмпіянаце СССР за менскае «Дынама».

8 гадоў зьняволеньня са штрафам і канфіскацыяй. Вынесены прысуд былому выканаўчаму дырэктару Беларусбанку Анатолю Багавіку

13 кастрычніка 2017 году Багавіка асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і аштрафавалі на 500 базавых велічынь.

Абарона Анатоля Багавіка прасіла суд даць яму мінімальнае пакараньне, якое прадугледжвае закон за хабар, улічваючы ягонае раскаяньне.

9 лютага былы кіраўнік Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Генадзь Зубараў таксама быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Ён прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару памерам 260 тысяч даляраў і незаконным завалоданьні больш як 400 тысячамі рублёў, якія належалі БПЦ.

Раней, восеньню 2017 году, за хабар асудзілі іншых топ-мэнэджараў «Беларусбанку» — экс-першага намесьніка старшыні Генадзя Гаспадарыка, які атрымаў 7,5 года зьняволеньня, і начальніка дэпартамэнту банку Мікалая Цырто, якога пакаралі 9 гадамі зьняволеньня.