Вярхоўны суд пацьвердзіў, што асуджаны японскі мастак выйдзе на волю 22 траўня 

Маці і брат Даічы Ёшыды зь яго партрэтам

Судовая калегія Вярхоўнага суду Беларусі зьмяніла прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да грамадзяніна Японіі Даічы Ёшыды з прычыны «празьмернай строгасьці прызначанага пакараньня».

Як паведамляецца на сайце Вярхоўнага суду, судовая калегія па крымінальных справах разгледзела на адкрытым паседжаньні крымінальную справу Даічы Ёшыды па пратэсьце старшыні Вярхоўнага суду.

Паводле выраку суду Кастрычніцкага раёну Менску ад 28 красавіка 2017 году грамадзянін Японіі быў асуджаны па ч.1 ст.333-1 КК на 4 гады пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці і па ч.2 арт.295 КК на 3 гады пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці. Па сукупнасьці злачынстваў шляхам частковага складаньня пакараньняў было прызначана пакараньне ў выглядзе 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.

У пратэсьце, не аспрэчваючы вінаватасьці асуджанага ва ўчыненых злачынствах і правільнасьці кваліфікацыі яго дзеяньняў, старшыня Вярхоўнага суду паставіў пытаньне аб празьмернай строгасьці прызначанага асуджанаму пакараньня.

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду вызначыла:

  • прысуд у дачыненьні да Даічы Ёшыды зьмяніць, зьнізіўшы прызначанае яму па ч.2 арт.295 КК пакараньне да 6 месяцаў пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці;
  • прымяніць арт.70 КК і зьнізіць тэрмін, прызначаны па ч.1 ст.333-1 КК асноўнага пакараньня, да 1 году 6 месяцаў пазбаўленьня волі;
  • шляхам частковага складаньня прызначаных пакараньняў прызначыць канчатковае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 1 год 9 месяцаў без канфіскацыі маёмасьці, з адбываньнем асноўнага пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Такім чынам, як паведамляла Свабода са спасылкай на сваякоў асуджанага японца, Даічы Ёшыда выйдзе на волю 22 траўня.

Даічы Ёшыда — японскі мастак. У 2016 годзе быў запрошаны на фэстываль у Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 году выпуску, каб выкарыстоўваць іх у якасьці мадэляў для малюнкаў.

15 жніўня таго ж году ён вылецеў з Кіева ў Токіё маршрутам з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менску і Абу-Дабі. Сьцьвярджае, што служба бясьпекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусьціла яго на рэйс.

У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны правоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.