Чаму нацыянальныя паркі сталі галоўнымі паляўнічымі гаспадаркамі Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Эколягі Беларусі ўздыхаюць з палёгкай. 14 траўня скончылася самае працяглае за апошні час год веснавое паляваньне. Указам прэзыдэнта ў 2018 годзе ягоны тэрмін павялічылі з 28 да 60 дзён. Ва ўсіх краінах Эўропы паляваньне ўвесну забароненае. Чаму яго не забароняць у Беларусі і як нацыянальныя паркі сталі галоўнымі лабістамі паляўнічых, высьвятляе Свабода.

  • Усе нацыянальныя паркі Беларусі знаходзяцца пад кіраўніцтвам Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, у кожным ёсьць вялікая паляўнічая гаспадарка
  • У адрозьненьне ад замежных нацыянальных паркаў, у беларускіх дазволена паляваньне. І яно актыўна рэклямуецца
  • Па просьбе нацпаркаў сёлета Указам прэзыдэнта ў два разы павялічана колькасьць дзён веснавога паляваньня, дадалі новыя паляўнічыя віды птушак
  • Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе дазволена веснавое паляваньне больш за 10 дзён
  • Нягледзячы на інвэстыцыі, паляваньне ў Беларусі стратнае. Паляўнічыя гаспадаркі больш атрымліваюць датацый зь бюджэту, чым прыносяць прыбытку


Галоўныя лабісты — дырэктары нацпаркаў

У Беларусі добра ўмеюць зарабляць на забароненым за мяжой. Калі ў 2009 годзе ў Расеі ліквідавалі ўсе казіно, іх масава пачалі адкрываць у Беларусі. Тое самае і зь веснавым паляваньнем. Цалкам забароненае ў Эўропе і моцна абмежаванае ў Расеі (там можна страляць птушак толькі 10 дзён увесну, і далёка не ва ўсіх рэгіёнах. — РС), веснавое паляваньне пашыраюць у Беларусі. Кожны сакавік і красавік сюды едуць сотні іншаземцаў.

Белавеская пушча

Яны прывозяць немалыя грошы, а таму паляўнічыя гаспадаркі ідуць ім насустрач. Сёлета, напрыклад, да 11 відаў, на якіх дазволенае паляваньне, дадалі два новыя — гэта качкі сьвіцьва і гогаль. Акурат летась за адстрэл двух гэтых качак італьянцы і расейцы атрымалі штраф у некалькі дзясяткаў тысячаў эўра. Справай займаўся Сьледчы камітэт.

Начальнік аддзелу паляўнічай гаспадаркі Мінлясгасу Сяргей Шастакоў абгрунтоўваў зьмены ў правілы тым, што паляўнічыя не заўжды могуць адрозьніць птушку і памыліцца.

​У прыродаахоўных арганізацыях гавораць, што гэта не навуковы падыход. Калі складана адрозьніць паляўнічы від ад забароненага для паляваньня, то варта забараняць паляваньне на абодва віды, а не наадварот. Але нацыянальныя паркі ў гэтым не зацікаўленыя, бо яны імкнуцца прывозіць у Беларусь замежных турыстаў.

Аляксандар Вінчэўскі

«Галоўныя лабісты — нацпаркі, — кажа Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар грамадзкай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — У Прыпяцкім яны маюць добры прыбытак з паляваньня і ня могуць ад гэтага адмовіцца».

Гаворка ідзе менавіта пра нацыянальны парк «Прыпяцкі», бо ён разьмешчаны ўздоўж ракі Прыпяці — аднаго з галоўных калідораў для пералётных птушак Эўропы. Прыярытэт да паляваньня ў нацыянальным парку ня ўтойваюць. Рыбалка і паляваньне — першае, што прапануе наведнікам галоўная старонка сайту гэтага парку.

Скрыншот з сайту нацпарку «Прыпяцкі»

Як нацыянальныя паркі сталі прэзыдэнцкімі і колькі яны зарабляюць

Нацыянальныя паркі арганізоўвалі паляваньне для іншаземцаў яшчэ ў савецкія часы. Белавеская пушча, напрыклад, адносіліся да Кіраўніцтва справамі Савету Міністраў. У 1990-я савецкія запаведнікі рэарганізавалі ў нацпаркі і паступова аддалі Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта. Сёньня ўсе чатыры нацыянальныя паркі — «Браслаўскія азёры», «Белавеская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», — а таксама Бярэзінскі біясфэрны запаведнік належаць Кіраўніцтву справамі. У кожным зь іх ёсьць рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі.

​Найбольш прэстыжныя лясныя гаспадаркі, як і ў савецкія часы, належаць найвышэйшай выканаўчай уладзе. Раней паляваньне ладзілі выключна для забавы гасьцей, ніхто ня ставіў задачы, каб на гэтым зарабляць. Цяпер нацыянальныя паркі разглядаюць як крыніцу даходаў. У іх інвэстуюць, каб туды ехала больш паляўнічых.

Зь дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес» вядома, што Кіраўніцтву справамі належаць паляўнічыя ўгодзьдзі плошчай 1,1 мільёна гектараў, ці 7% ад усіх паляўнічых плошчаў краіны (16,6 млн га. — РС). У 2013 годзе паляўнічая дзейнасьць прынесла Кіраўніцтву справамі 32,4 мільярда рублёў (каля 3,7 мільёна даляраў).

Такія зьвесткі агучваў на сайце wildlife.by Анатоль Малажаўскі, намесьнік старшыні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Ён прыводзіў прэзыдэнцкія гаспадаркі ў прыклад, на які варта раўняцца ягонай арганізацыі.

Паводка на Прыпяці

Насамрэч гэтая эфэктыўнасьць магчымая шмат у чым дзякуючы выключным ўмовам, якія маюць нацпаркі. Па-першае, гэта найбольш папулярныя і вядомыя месцы. Па-другое, Кіраўніцтва справамі ў іх пастаянна інвэстуе. Па-трэцяе, «Правілы вядзеньня паляўнічай гаспадаркі і паляваньня» прадугледжваюць бязвыплатнае карыстаньне паляўнічымі ўгодзьдзямі для установаў Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Гэта замацавана ўказам прэзыдэнта №551 ад 2013 года.

Ці вось яшчэ прыклад. Да 2013 году ў нацыянальных парках можна было паляваць на большую колькасьць відаў птушак, чым у любой іншай гаспадарцы краіны. Гэтае правіла было замацаванае законам.

Таксама да 2013 года веснавое паляваньне было дазволена цягам двух месяцаў, як і сёлета.


Тыднёвы тур паляваньня каштуе 2,5 тысячы эўра

Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock

Адкрытых зьвестак пра кошт паляваньня ў нацыянальных парках няма. На сайце «Прыпяцкага» ў разьдзеле пра паляваньне толькі нумары тэлефонаў і электронная пошта. У адміністрацыі пацьвярджаюць, што прайс-ліст наўмысна не публікуюць.

Як даведалася Свабода ад замежных паляўнічых, якія сёлета былі ў «Прыпяцкім», мінімальны тур на 2 дні паляваньня ў нацпарку каштуе 735 эўра. У яго ўваходзіць пражываньне ў нумары люкс, суправаджэньне на паляваньні, здабытая дзічына, а таксама трансфэр з аэрапорту і назад. 7-дзённы з тур 6 днямі паляваньня каштуе 1990 эўра. Найбольш дарагі варыянт паляваньня — 2500 эўра.

Зброю можна арэндаваць проста ў нацпарку

Дадаткова за 50 эўра на дзень можна арэндаваць зброю ў нацпарку. Тады ня трэба ехаць і афармляць сваю стрэльбу на месцы. Адзін патрон будзе каштаваць 1 эўра.

Звычайна кошт паляўнічых паслуг для грамадзян Беларусі і іншаземцаў адрозьніваюцца. Але колькі будзе каштаваць беларусу папаляваць у «Прыпяцкім», невядома. Дакладней, беларусаў тут не прымаюць. У турыстычным аддзеле кажуць, што ўсе паляўнічыя туры разьлічаныя на іншаземцаў. Каб прыняць беларуса, тут параілі напісаць заяву, якую разгледзіць кіраўніцтва.

На Прыпяці

У сваю чаргу Аляксандар Вінчэўскі кажа, што замежныя турысты больш цікавыя паляўнічым гаспадаркам, бо набываюць туры з пражываньнем і харчаваньнем. Беларусам не патрэбна такое суправаджэньне. Замест дарагога туру яны могуць паехаць у лясгас па звычайнай пуцёўцы за 3-5 рублёў на дзень.


Паляваць у нацыянальным парку за мяжой немагчыма

Калі такое дзяржаўнае прадпрыемства, як нацыянальны парк, здольнае зарабіць 2,5 тысячы эўра за тыдзень з аднаго іншаземца, можа, гэта і добры вынік? З гэтых грошай ідзе заробак мясцовым егерам, кіроўцам, перакладчыкам, урэшце — самому нацпарку.

З пункту гледжаньня ўладаў гэта можа лічыцца добрым прыкладам гаспадараньня на месцы. Сьцяпан Бамбіза, дырэктар нацпарку «Прыпяцкі», дае працу жыхарам аграгарадка Ляскавічы і ваколіцаў. Калі б не паляваньне, працы і грошай тут было б нашмат менш.

Белавеская пушча

Паводле інфармацыі Сяргея Шастакова зь Міністэрства лясной гаспадаркі, ужо ў першы год пасьля ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму ў Беларусь прыехала на 30% больш замежных паляўнічых. Прыбыткі ад іх вырасьлі на 8%. Сярод 4,1 мільёна рублёў, заробленых на паляваньні лясгасамі, замежныя паляўнічыя пакінулі 975 тысячаў рублёў. Гэта без уліку грошай, якія атрымалі за іншаземцах нацыянальныя паркі.

Аднак пытаньне ў тым, чаму паляваньнем займаецца такая структура, як нацыянальны парк. За мяжой пытаньне, ці дазваляць паляваньне ў нацыянальным парку, не паўстае. Паводле азначэньня гэта важныя для прыроды тэрыторыі, якія ахоўваюцца ад узьдзеяньня чалавека. У Беларусі нацыянальныя паркі маюць не такі ўзровень абароны, як у большасьці краінаў сьвету. Найвышэйшую форму аховы маюць запаведнікі. А калі запаведнік становіцца нацпаркам, там пачынаецца паляваньне. Так гэта адбывалася з Прыпяцкім ляндшафтна-гідралягічным запаведнікам, які ў 1996 годзе стаў нацыянальным паркам.

Пра гэта Свабодзе расказала Інэса Балоціна, былая навуковая супрацоўніца нацыянальнага парку «Прыпяцкі». У 2002 годзе зь ёй не працягнулі кантракт, бо яна актыўна выступала супраць паляваньня на Прыпяці.

Нацпаркі за мяжой меншыя за беларускія. Але ўзровень аховы там іншы. На фота – нацыянальны парк «Плітвіцкія азёры», Харватыя

​Справа ў тым, што беларускія нацпаркі не адпавядаюць структураю замежным. Вось як гэта выглядае. Напрыклад, у нацыянальным парку «Прыпяцкі» ёсьць запаведная зона у 31 тысячу гекатараў. Яна складае 34% ад усёй тэрыторыі. У Белавескай пушчы гэта 60 тысяч ад 160 тысячаў гектараў усяго нацпарку. У запаведнай зоне забаронена любая дзейнасьць, у тым ліку паляваньне. А вось рэшта — гэта гаспадарчая, рэкрэацыйная і зона рэгуляванага карыстаньня. Там і праходзіць паляваньне, высечка, адкрываюцца гатэлі. Усе гэтыя зоны — частка нацыянальнага парку.

Да таго ж побач з нацпаркамі ёсьць лесапаляўнічыя гаспадаркі, якія пры гэтым кіруюцца адміністрацыямі нацыянальных паркаў. Напрыклад, «Шэрэшаўскае» каля Белавескай пушчы, «Ляскавічы» каля «Прыпяцкага». А каля Бярэзінскага запаведніка месьціцца экспэрымэнтальная паляўнічая гаспадарка «Барсукі». Яе плошча – 29 тысячаў гектараў. Для сувымернасьці, паляўнічая гаспадарка – гэта трэцяя частка самога запаведніка.


Нацпарк — гэта як калгас, які абавязалі вырошчваць розныя культуры

У краінах Эўразьвязу ўлады не разглядаюць паляваньне як крыніцу даходу. Да паляўнічых зьвяртаюцца, калі ёсьць патрэба даць рады з пэўным відам, які ператвараецца ў шкодны. У Нідэрляндах на просьбу ўладаў адстрэльваюць шэрых гусей, бо стала шмат выпадкаў іх сутыкненьня з самалётам. Агулам там дазволена паляваньне на 4 віды птушкі. У Беларусі — на 27.

Белавеская пушча

Нацпаркі пастаўленыя ва ўмовы ЖРЭУ ці калгасаў, якія абавязваюць вырошчваць розныя культуры. Гэта ня толькі прыродаахоўная арганізацыя, але вялікая шматфункцыянальная гаспадарка. З аднаго боку, гэта дзяржаўная ўласнасьць, а з другога, яна павінна зарабляць сабе на жыцьцё. Замест таго, каб ствараць асобныя запаведнікі, куды б прыяжджалі назіраць за прыродай, і асобныя прыватныя паляўнічыя гаспадаркі, нацпаркі ператварылі ў прадпрыемства з перакрыжаваным субсыдаваньнем. Гэта значыць, заробленыя грошы ў адной сфэры ідуць на фінансаваньне стратнай другой сфэры. Хаця, па вялікім рахунку, гэта дзяржаўнае прадпрыемства і мэты зарабляць грошы ў яго быць не павінна.

Але зарабіць на паляваньні дагэтуль не ўдаецца. Гэтая сфэра стратная. Напрыклад, за 2016 год выдаткі на вядзеньне паляўнічай гаспадаркі склалі за 5 мільёнаў рублёў, а прыбытак — 4 мільёны рублёў, на 20% меней.

Міхал Залескі

Паводле эканаміста Міхала Залескага, карыстальніцкі падыход да прыроды пачаўся ў канцы 1980-х гадоў. У той час у СССР уводзілася практыка гаспадарчага разьліку — эканоміка заставалася дзяржаўнай і плянавай, але прадпрыемствы і арганізацыі імкнуліся, каб зарабіць дадатковыя грошы.

«Прычына ляжыць не ў эканамічнай сфэры, — кажа Залескі. — Праблема ў тым, што савецкія камсамольцы дарваліся да ўлады, разглядаюць яе як халяву, якая дасталася ім. Хапаюць, як перад апошнім днём, дзе могуць. Паляваньне ў нацпарку, забудова цэнтру Менску — гэта ўсё зьявы аднаго парадку».

Белавеская пушча

Эканаміст лічыць, што ладзіць паляваньне ў Беларусі мусіла б адна спэцыялізаваная арганізацыя — Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

«Гэтая спэцыялізаваная арганізацыя склалася ў часы СССР. Яны выдатна вядуць сваю справу. Хай бы яны гэтым займаліся. Але ўсё застаецца пад гэтымі камсамольцамі — Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта», — кажа Залескі.