Украінскага кіроўцу, які зь дзецьмі трапіў у аварыю ў Беларусі, затрымалі

Месца аварыі зь мікрааўтобусам з Украіны, 13 траўня 2018 году

У Беларусі распачалі крымінальную справу супраць украінскага кіроўцы мікрааўтобуса, які раніцай 13 траўня трапіў у ДТЗ каля беларускага Камянца, перавозячы дзяцей у мікрааўтобусе. У выніку аварыі адно дзіця загінула, яшчэ шасьцёра параненыя, зь іх двое — у цяжкім стане. Кіроўцу затрымалі, вырашаецца пытаньне аб меры стрыманьня.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, справу распачалі паводле артыкулу «парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека».

Да ўкраінскіх дзяцей, якія трапілі ў ДТЗ, у Беларусь прыехалі бацькі, але лекары яшчэ не адпускаюць іх дадому.

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны лекар Берасьцейскай абласной бальніцы Аляксандар Карпіцкі, цяпер у іх на лячэньні знаходзяцца шасьцёра дзяцей, якія пацярпелі ў аўтакатастрофе пад Камянцом.

«Іх стан розны. Двое знаходзяцца ў цяжкім стане, чацьвёра — у стане сярэдняй цяжкасьці. Разам зь імі знаходзяцца іх бацькі. Пакуль што размова не ідзе пра іх транспартаваньне ва Ўкраіну», — сказаў Свабодзе Карпіцкі.

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што далей высьвятляюць абставіны ДТЗ у Камянецкім раёне.

Паводле дадзеных сьледзтва, а 7-ай раніцы 13 траўня грамадзянін Украіны 1976 году нараджэньня, кіруючы аўтамабілем Renault Master, рухаўся па аўтадарозе Р-98 «Пясчатка-Камянец-Шарашова-Сьвіслач» і дапусьціў сутыкненьне з пагрузчыкам «Амкадор 332С01», які рухаўся ў спадарожным кірунку. Па вэрсіі сьледзтва, кіроўца Renault Master праявіў няўважлівасьць да дарожнай сытуацыі і не пасьпеў пазьбегнуць сутыкненьня.

Высьветлена, што гэты аўтамабіль быў у ліку чатырох мікрааўтобусаў, што перавозілі дадому ва Ўкраіну падлеткаў, якія ўдзельнічалі ў спартовых спаборніцтвах у Польшчы. Тры іншыя мікрааўтобусы абагналі гэты ж пагрузчык раней без прыгодаў, пра што сьведчаць паказаньні пасажыраў гэтых машын.