Сястра загіблага гамельчука, які ўпаў з даху кароўніка пры аўрале да прыезду Аляксандра Лукашэнкі, абскардзіла ў судзе заключэньне аб вінаватасьці брата.
Як падае агенцтва БелаПАН, жыхарка Гомеля Тацяна Раманава абскардзіла ў судзе заключэньне абласнога ўпраўленьня дэпартамэнта дзяржаўнай інспэкцыі працы аб няшчасным выпадку са сьмяротным вынікам.
Здарэньне адбылося ў лістападзе летась.
Брат заяўніцы, 33-гадовы Кірыл Раманаў працаваў кіроўцам аўтамабіля ваенізаванага газавыратавальнага атраду Гомельскага хімзаводу. 18 лістапада 2017 года супрацоўнікаў хімзавода накіравалі наводзіць парадак на фэрму ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёну.
Там работнікі хімзаводу ў тым ліку мылі дахі. 33-гадовы Кірыл Раманаў стаў на перакрыцьце з полікарбанату — плястык трэснуў, і мужчына зваліўся з 7-мэтровай вышыні.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, аўрал для навядзеньня парадку быў зьвязаны з прыездам у раён Аляксандра Лукашэнкі 24 лістапада.
«Гэтыя працы на даху фэрмы — небясьпечныя, яны не адпавядалі службовым абавязкам Кірыла. Чаму яны выконваліся, зь якой пэрыядычнасьцю, чаму няма праекту, няма ніякай арганізацыі? Спачатку калегі Кірыла пісалі тлумачальныя, што нічога ня чулі і ня бачылі. Потым, праз пэўны прамежак часу, калі ўжо бралі паказаньні пад крымінальную адказнасьць, рабочыя сьцьвярджалі, што іх папярэджвалі, інструктавалі па бясьпецы, яны расьпісваліся... Я лічу, што гэта нядбалае стаўленьне да працы з боку службовых асобаў», — пракамэнтавала сытуацыю Раманава.
У Кірыла засталіся жонка і двое маленькіх дзяцей, а таксама непрацаздольныя бацькі — пэнсіянэры, для якіх сын быў карміцелем і памочнікам.
Інтарэсы Тацяны Раманавай у судзе прадстаўляе прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.
11 траўня адбылося папярэдняе пасяджэньне па скарзе Раманавай у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля. Наступнае пасяджэньне адбудзецца 22 мая.