КНДР з 23 па 25 траўня дэмантуе свой ядзерны палігон

Паўночная Карэя з 23 па 25 траўня дэмантуе ядзерны палігон Пхунгеры на поўначы краіны, паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

У прыватнасьці, будуць ўзарваныя ўсе падземныя тунэлі, а таксама разбураныя пабудовы, кантрольна-прапускныя і назіральныя пункты. Паведамляецца, што для асьвятленьня гэтай падзеі будуць запрошаныя замежныя журналісты, у тым ліку з ЗША і Паўднёвай Карэі.

Пра намер зачыніць палігон раней абвясьціў лідэр КНДР Кім Чэн Ын.

На 12 чэрвеня ў Сынгапуры намечана сустрэча Кім Чэн Ына з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Як чакаецца, гаворка пойдзе пра лёс ядзернай праграмы Паўночнай Карэі. ЗША настойваюць на поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.