Ці можна быць шчасьлівым у Беларусі? Тлумачыць кіраўнік данскага Інстытуту шчасьця

Майк Вікінг

Майк Вікінг ведае пра шчасьце ўсё. Яго радзіма — Данія, якая неаднойчы узначальвала рэйтынг самых шчасьлівых краінаў сьвету. Майк заснаваў і ўзначальвае Інстытут дасьледаваньня шчасьця ў Капэнгагене. А яго кнігі «Hygge. Сакрэт данскага шчасьця» і «Lykke. У пошуках сакрэтаў найшчасьлівейшых людзей» сталі сусьветнымі бэстсэлерамі.

«Хюґе» літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. «Хюґе» стварае атмасфэра, прастора, асяродзьдзе, дызайн інтэр’еру, а найперш людзі. Lykke азначае пачуцьцё блізкасьці, эмоцыі, зьвязаныя з атмасфэраю цяпла ды інтымнасці.

У Даніі — hygge, у швэдаў — lagom. А якая філязофія шчасьця ў беларусаў?

Ключом для разуменьня шчасьця Майк Вікінг лічыць пачуцьцё супольнасьці і блізкасьці, грошы, здароўе, свабоду, давер і дабрыню. На што ж тады могуць разьлічваць людзі ў краіне, дзе высокі алькагалізм, узровень самагубстваў, аўтарытарызм, улада, якая 24 гады абяцае грамадзянам заробак «папіццот»?

— Майк, вы напісалі два дапаможнікі для людзей, якія шукаюць шчасьця. Яны прададзеныя мільённымі накладамі. Давайце спачатку разьбярэмся: што такое шчасьце?

— Шчасьце — гэта адчуваньне задавальненьня і пастаяннай мэты. Гэта адчуваньне сябе шчасьлівым цяпер, атрыманьне задавальненьня ад кожнай хвіліны жыцьця.

— Ці шчасьце — ідэнтычнае паняцьце для людзей у розных частках сьвету?

— Шчыра кажучы, мы вельмі падобныя — незалежна ад таго, што жывём у розных краінах і вырастаем у іншых культурах. Мы разумеем і бяром пад увагу адрозьненьні, якія могуць быць паміж, напрыклад, беларусамі або данцамі, але найперш мы людзі. І бачым тыя самыя рэчы, якія робяць нас шчасьлівымі ў адным месцы, і тыя ж самыя рэчы — у іншым. Няважна, хто ты і адкуль ты, але калі тваё дзіця хварэе, то гэта робіць цябе нешчасьлівым у любым месцы. Калі ты маеш працу, то ты будзеш шчасьлівейшы, чым нехта беспрацоўны.

Маніфэст «Хюґе»:

1. Атмасфэра. Прыглушыце сьвятло.
2. Прысутнасьць. Засяродзьцеся на тым, што адбываецца тут і цяпер. Адключыце тэлефоны.
3. Задвальненьне. Кава, шакаляд, печыва, прысмакі. І пабольш, пабольш!
4. Раўнапраўе. «Мы», а ня «я». Дзяліце пароўну абавязкі і давайце адзін аднаму выказацца.
5. Удзячнасьць. Атрымлівайце асалоду ад моманту, у кожным — свая непаўторная прыгажосьць.
6. Гармонія. Ніякіх спаборніцтваў. Вы нам ужо падабаецеся. Ня трэба імкнуцца як мага больш расказаць пра свае дасягненьні.
7. Камфорт. Уладкуйцеся ямчэй. Зрабіце глыбокі ўдых. Расcлабцеся.
8. Згода. Ніякіх спрэчак. Палітыку будзем абмяркоўваць іншым разам.
9. Блізкасьць. Наладжвайце адносіны і распавядайце гісторыі. «Памятаеце, як мы тады?..»
10. Ціхамірнасць. Гэта ваш клан. Гэта месца спакою і ціхамірнасьці.

— Вы ўзначальваеце Інстытут дасьледаваньня шчасьця. Чым займаецца ўстанова з такой экзатычнай назвай?

— У асноўным мы спрабуем адказаць наступныя пытаньні: што такое шчасьце і як мы вымяраем ягоны ўзровень, чаму адныя людзі шчасьлівейшыя за іншых, як можам палепшыць якасьць нашага жыцьця. Усе нашыя працы, дасьледаваньні і праекты — спроба адказаць на гэтыя пытаньні. Мы зьбіраем зьвесткі і доказы. Я ведаю, што назва Інстытуту можа гучаць экзатычна, я нават чуў, што ў нашым інстытуце нібыта ўсяго адзін пакой зь мілымі шчанюкамі і марозівам, але гэта ня так. Мы спрабуем знайсьці навуковы падыход да шчасьця і растлумачыць яго.

— Выкарыстоўваючы навуковы падыход, раскажыце, як можна быць шчасьлівым, зарабляючы 5 000 даляраў у год?

— Калі мы кажам пра грошы, то бачым, што людзі глядзяць ня толькі на абсалютны даход, але і на адносны прыбытак. Колькі грошай яны зарабілі ў параўнаньні зь іншымі. Заўсёды нехта зарабляе больш грошай, чым вы. Вы можаце зарабляць 5 тысяч даляраў у год, але калі вы параўнаеце гэта з кімсьці, хто зарабляе 3 тысячы, то вы будзеце шчасьлівейшым, чым яны. Але пры параўнаньні з кімсьці, хто зарабляе 10 або 100 тысяч, вы будзеце няшчасны. Мы заўсёды можам знайсьці некага багацейшага за нас, хто выглядае больш пасьпяховым, у каго шчасьлівейшы шлюб, мілейшыя дзеці. Сама лічба 5 тысяч папраўдзе можа і ня значыць нічога кепскага — пры ўмове эфэктыўнай дзяржавы, якая гарантуе якасныя паслугі. Данцы плацяць вялізныя падаткі, адны з найвышэйшых у сьвеце, але гэта ня робіць іх няшчаснымі.

— У кнізе вы напісалі, што «шчасьце можна знайсьці паўсюль, калі мы толькі ведаем, як яго шукаць». У эфэктыўных краінах, як Данія, гэта прасьцей. А як шукаць шчасьця ў аўтарытарных дыктатарскіх краінах?

— Мы бачым краіны, у якіх высокі ўзровень карупцыі, і яны менш шчасьлівыя. Гэта найвялікшы выклік для большасьці краін Усходняй Эўропы. Бо грошы, якія людзі плоцяць у падатках дзяржаве, не вяртаюцца ім у выглядзе якасных паслугаў ад дзяржавы і высокага ўзроўню жыцьця. У паўночных краінах, напрыклад, тое, што вы плоціце ў падатках, вяртаецца вам у добрай мэдыцыне, шпіталях, інфраструктуры. Таму многія ўсходнеэўрапейскія краіны здолеюць зрабіць гэты крок наперад, калі яны зьменшаць карупцыю або цалкам яе пазбудуцца. Пагатоў ёсьць пасьпяховыя прыклады. Эстонія, якая пераводзіць дзяржаўную адміністрацыю ў лічбавы фармат, здолела значна зьменшыць узровень карупцыі. Спадзяюся, што такім шляхам пойдуць і іншыя краіны вашага рэгіёну.

— А ці магчыма быць шчасьлівым чалавекам у Паўночнай Карэі?

— (доўгая паўза) Хіба што не. Мы ня маем зьвестак пра Паўночную Карэю. Але маем пра Сырыю, Аўганістан, Ірак. І гэтыя краіны самыя нешчасьлівыя ў сьвеце. Каб грамадзтва было шчасьлівым, павінны быць споўненыя пэўныя ўмовы. У КНДР ці Сырыі іх проста няма.

— Часта мяне зьдзіўляе, як людзі ў суседніх краінах могуць мець такія розныя паказьнікі індэксу шчасьця. Тая ж Паўночная Карэя і Паўднёвая. Мэксыка і Тэхас у ЗША, дзе жывуць, у сутнасьці, тыя ж людзі.

— Нешта, вядома, залежыць ад нас самых, а штосьці і не. За нешта адказвае генэтыка. Некаторыя проста нараджаюцца шчасьлівейшымі. А потым на нас уплываюць іншыя фактары: краіна, дзе мы жывем, або інакш кажучы, палітыка. Але вельмі важны і наш штодзённы выбар, які залежыць толькі ад нас і за які адказныя мы самі. Вядома, ЗША пераўзыходзіць у індэксе шчасьця Мэксыку па многіх паказьніках. Але і ў Амэрыцы ёсьць падзеньне ўзроўню шчасьця.

Слоўнік «Хюґе»:

Фрэйдасхюґе пасьля доўгага тыдня — гэта калі сям’я ўладкоўваецца на канапе перад тэлевізарам. Сюндасхюґе — ціхі дзень з гарбатай, кнігай, музыкай, пледам і, магчыма, нават такой шалёнай авантурай, як шпацыр.

Хюґебуксэр — самыя любімыя і зручныя штаны, якія, аднак, выглядаюць так, што вы ніколі ня выйдзеце ў іх на вуліцу.

Хюґекроў — зацішнае месца ў кухні ці гасьцінай, дзе можна ўтульна бавіць час.

Хюґеонкель — чалавек, які ахвотна гуляе зь дзецьмі і, можа быць, нават занадта іх песьціць.

Хюґеснак — прыемная, нязмушаная размова, у якой не закранаюцца ніякія вострыя тэмы.

— Прычына — іхны прэзыдэнт і ягоная палітыка?

— Цяжка сказаць, бо Дональд Трамп — зусім нядаўняя рэч. У Амэрыцы назіраецца падзеньне даверу да ЗША, да грамадзянскай супольнасьці. Амэрыка перад абліччам не эканамічнага, а сацыяльнага крызісу.

— Як можна быць шчасьлівым у краіне, дзе пануе дыктатура, дзе кепска працуе судовая сыстэма, дзе вялікі ўзровень алькагалізму, карупцыі, самагубстваў?

— Найперш трэба адрозьніваць тое, што можна зрабіць у доўгатэрміновай і кароткатэрміновай пэрспэктывах. Відавочна, што ў доўгатэрміновай гульні мы, усе грамадзяне, павінны ствараць лепшыя ўмовы для добрага жыцьця — напрыклад, празь зьмяншэньне карупцыі, усталяваньне добрага ўраду, праз ініцыятывы, якія зьмяншаюць алькагалізм і ўзровень самагубстваў. Сёньня цяжка ў гэта паверыць, але ў Даніі калісьці быў вельмі высокі паказьнік самагубстваў. У 1980 годзе на 100 тысячаў чалавек у нас прыходзілася 32 самагубствы. А сёньня на 100 тысячаў прыходзіцца толькі 9 самагубстваў у год.

— Як данцам гэта ўдалося?

— Шмат рэчаў на гэта паўплывала. Мы перасталі стыгматызаваць псыхічныя хваробы. Дыскусія пра гэтыя хваробы нармалізавалася. Людзі сталі больш адкрытымі да сваёй адрознасьці, праблемаў, да свайго здароўя і хваробаў. Зьвярніце ўвагу, што ў даволі багатай Паўднёвай Карэі паводле EOCD (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця) вельмі высокі паказьнік самагубстваў. Там няма ніякай дыскусіі пра псыхічнае здароўе, пытаньне ўсё яшчэ стыгматызаванае.

Вырашэньне любой праблемы пачынаецца з размоваў і дыскусіяў. Ёсьць таксама пэўныя палітычныя мэханізмы, якія значна ўскладняюць учыненьне самагубства. Вы можаце пайсьці ў аптэку і купіць 300 таблетак. Уявіце, што вы маеце іх дома, усе ўжывяце і потым ізноў ідзяце ў аптэку. Шанец, што вы ўчыніце самагубства, вышэйшы. Данскі максымум 40-гадовай даўніны — гэта акурат 250 таблетак. А цяпер уявіце, што вы зможаце за раз набыць толькі 60 таблетак, як у нас цяпер. Натуральна, вы можаце хадзіць у аптэку часьцей, але колькасьць таблетак дома меншая. Такая палітыка абмежаваньня скараціла імавернасьць суіцыдаў. Я думаю, што нам удалося шмат дзякуючы лячэньню, псыхатэрапіі, антыдэпрэсантам, прафіляктыцы, гарачым лініям. Усе гэтыя фактары паўплывалі на тое, што ў Даніі колькасьць самагубстваў упала. У Фінляндыі 20-30 гадоў таму паказьнік самагубстваў зашкальваў, але ім удаецца таксама. Гэта пытаньне 20-30 гадоў, хутка такія рэчы не вырашаюцца.

«Шчасьце фінаў — у дыктатуры». Тады чаму нешчасьлівыя беларусы — тлумачыць фінскі беларус

— Гэта ўзрост цэлага пакаленьня. Людзі сёньня сьпяшаюцца жыць і ўсё хочуць мець хутка.

— Тады трэба пачынаць з таго, што проста быць побач зь іншым чалавекам. Нават супольны абед зь сябрамі або сям’ёй вельмі моцна дапамагае. Нашыя адносіны зь іншымі — адзін з ключавых чыньнікаў. Незалежна ад культурных адрозьненьняў, супольны час зь іншым чалавекам — гэта ўнівэрсальны рэцэпт.

— Ці іміграцыя ў Данію — гэта адзіны спосаб паспытаць данскага шчасьця? Мо ёсьць нейкі сакрэт, якім вы можаце падзяліцца зь беларусамі?

— Галоўны сакрэт — малы ўзровень карупцыі. Яго зьмяншэньне трансфармуецца ў дабрабыт, у якасьць жыцьця людзей.

З чым у данцаў асацыюцце «Хюґе»:

Гарачыя напоі
Сьвечкі
Грубка
Каляды
Настольныя гульні
Музыка
Сьвяты, канікулы
Салодкія ласункі
Гатаваньне
Кнігі
Нядзеля
Дні нараджэньня
Тэлевізія
Кепскае надвор’е
Сьпіртовыя напоі
Хатнія жывёлы
Імпрэзы
Расьліны
Кампутарныя гульні
Спорт
Фэйсбук​

— Многія людзі ва Ўсходняй Эўропе перакананыя, што прасьцей камусьці заплаціць, каб атрымаць якасную і хуткую паслугу. А пра кантроль над дзяржавай увогуле няма гаворкі.

— Гэта доўгі шлях. Першы крок, магчыма, — гэта свабодная прэса. Безь яе проста немагчыма выкрываць паталёгію ўва ўладзе і дзяржаве, няма як паказваць памылковае выкарыстаньне магутнага ўплыву палітыкаў, іх злоўжываньні. Зьмяншэньне карупцыі і кантроль за тым, каб дзяржаўныя сродкі ішлі на слушныя мэты, — ключавыя першыя крокі для Ўсходняй Эўропы.

— А можа пачынаць з hygge? Ці яно не працуе па-за Даніяй?

— Не, акурат hygge працуе паўсюль. Мне людзі з розных краін пішуць, што жывуць паводле hygge усё жыцьцё, але ня ведалі такога слова. Данцы проста прыдумалі слова для апісаньня гэтай зьявы. Hygge —добры рэцэпт, каб жыць шчасьлівым у гэты момант, але яно не працуе ўвесь час.

— А вы сам шчасьлівы чалавек?

— Я ў добрым месцы і часе свайго жыцьця. Раблю тое, што мне падабаецца, мая сям’я здаровая. Часам я злы або сумны. Мы страцілі сямейніка летась. Гэта, вядома, уплывае на маё пачуцьцё шчасьця. Але гэта частка жыцьця, частка чалавечага існаваньня. Ды я і не магу быць нешчасьлівым, бо ў адваротным выпадку мяне проста звольняць з працы (сьмяецца).