Жыхар Гомля Васіль за свае 60 страціў усё, што меў. Да пэнсіі ён здабыў дзьве «ходкі», тры «прафілякторыі», алькагалізм — свой і блізкіх людзей. Страціў нават навыкі маўленьня. Аднойчы ён трапіў на сустрэчу «Ананімных алькаголікаў» — і «нешта торкнула».
«Цьвярозы з 31 студзеня 2016!» — бадзёра рапартуе на парозе сваёй кватэры жыхар Гомля. Ён шырока ўсьміхаецца. Раней, на «зонах», асуджаныя так дакладна называлі тэрміны зьняволеньня. Сябры «Ананімных алькаголікаў» добра памятаюць той дзень, зь якога пачалося жыцьцё без алькаголю.
«Ананімныя алькаголікі» («АА») — супольнасьць, якая аб’ядноўвае мужчын і жанчын, што дзеляцца сваім вопытам, сіламі і надзеямі, каб дапамагчы сабе і іншым пазбавіцца ад алькагалізму. «АА» не зьвязаныя з рэлігійнымі арганізацыямі і сэктамі, іх галоўная мэта — заставацца цьвярозымі і дапамагчы іншым алькаголікам захоўваць цьвярозасьць.
У Беларусі «АА» працуюць з 1990 году. Цяпер такіх групаў больш за 70. Удзел у супольнасьці — бясплатны, ананімны і добраахвотны. Галоўнае — жаданьне кінуць піць. І быць шчырым перад сабой.
У 17 гадоў адлічылі з тэхнікуму. Піў бязбожна
Вася нарадзіўся ў палескай вёсцы. Піць там не было заганай. Мужчына ўзгадвае, што зь дзяцінства пачаў прыкладацца да бутэлькі. Хоць вучыўся добра, быў камсоргам і старастам, і дзяўчаты не пакідалі па-за ўвагай, але праз канфлікт з завучам вырашыў кінуць школу і паступіць у чыгуначны тэхнікум. У Гомлі правучыўся два гады. Але быў адлічаны пасьля таго, як трапіўся п’яны на вочы адміністрацыі.
«Піў тады бязбожна. Хоць і меў 17 гадоў», — прыгадвае ён.
Вярнуўся ў вёску, уладкаваўся на працу, за 200 савецкіх рублёў.
«Аднаўляцца на вучобе ня думаў — там была стыпэндыя 30 рублёў, а тут такі заробак! Палічыў, што буду лепш працаваць. У вёсцы ўсе ставіліся добра. Як знак павагі — прапаноўвалі чарку. Піў нават з былымі сваімі настаўнікамі. Стараўся не адставаць ад старэйшых таварышаў на працы».
Потым Вася адслужыў у войску, прыехаў у Гомель, уладкаваўся токарам на завод, знайшоў сабе там жонку.
«Выгналі за п’янку, па артыкуле. Шмат залётаў было. Але то быў савецкі час, з працай не было праблем, рабочыя былі патрэбныя паўсюль. Я перайшоў на падшыпнікавы завод, а чалавек, якога адтуль выперлі за п’янку, — на маё месца», — сьмяецца Вася.
Брала чарку і жонка.
«Навярнуўся» праз сына начальніка калёніі
Праз п’янкі жыхар Гомля трапіў першы раз у лячэбна-працоўны прафілякторый. Але піў і там.
«Ат, хіба гэта праблема была? Калі бутэлька каштавала, скажам, рубель, плаціш тры — і табе прынясуць. А пра 90-я няма чаго казаць — тады было ўсё магчыма!», — зноў сьмяецца, закрывае твар далонямі Вася.
Ён прызнаецца: ЛПП мала каму дапамог пазбавіцца ад залежнасьці, гэта хутчэй ізаляцыя «буйных», каб сваякі часова адпачылі ад бясконцых п’янак, боек.
Але «навярнуўся» Вася да цьвярозасьці... праз сына былога начальніка адной з «зон».
«Мяне вельмі зьдзівіла. Яго бацька — вельмі прыстойны чалавек быў, начальнік „зоны“. І ён, ведаючы гэтую сыстэму, якая нічога не дае, толькі „вырваныя гады“, аддаў сына ў ЛПП. Я чуў гэтую гісторыю ад асуджаных, але ня надта верыў. Але потым тое ж пачуў ад самога сына начальніка, які пайшоў у „АА“. Ён выступаў перад намі ў ЛПП. Мяне гэта моцна зачапіла».
Калі ў лячэбна-працоўны прафілякторый прыехалі выступаць сьпікеры з супольнасьці «Ананімных алькаголікаў», Васіль хацеў трапіць на сход. Проста дзеля цікавасьці да людзей з волі. Але яго не пускалі. «Для яго гэта ня мае сэнсу, яму нічым не дапаможаш», — патлумачыла адміністрацыя сьпікерам. Але паблажліва дазволіла прысутнічаць.
Чапляўся за жыцьцё праз адказнасьць за ўнука
Апошні раз з «прафілякторыю» Вася вярнуўся ў 2015 годзе. Дома чакалі жонка з інсультам, дарослыя дзеці са сваімі праблемамі. Адзін з сыноў не чакаў, бо сам на той час быў у ЛПП. Ня першы раз. Але ў кватэру да Васі прыйшла цяжарная жанчына — сынава сяброўка. Ёй патрэбная была дапамога.
«Ня ўсё ў яе мінулым было, можа, правільна, але трэба было дапамагаць. Яна не аформілася як мае быць у дэкрэт, таму не атрымлівала ніякіх грошай. Гэта як вышэйшая сіла стварыла такія мне ўмовы, каб я ня піў — бо трэба было працаваць, зарабляць, хоць унуку дапамагчы. Гэта была адказнасьць», — кажа ён.
На працу Васіля з такой біяграфіяй ня бралі. Дапамаглі «Ананімныя алькаголікі» — прапанавалі працу з больш-менш нармальным заробкам. Тым часам вярнуўся сын з «прафілякторыю». Але... зноў нешта пайшло ня так.
Васіль паехаў на чарговае пахаваньне ў вёску — той год быў для яго цяжкі: памерла жонка ад інсульту, потым стрыечны брат, і гэтак далей — усяго пяць чалавек. Тым часам сын зь сяброўкай, нягледзячы на малое дзіця, недзе «набраліся», і кабета пырнула свайго прыяцеля нажом. Яе пасадзілі за «спробу забойства», далі сем гадоў. Малога забралі ў прытулак, потым была часовая апека, якую аформілі сваякі Васі, потым — дзіцячы дом. Ня склалася ў сваякоў з апекай, і зноў — праз алькаголь.
За дзіця больш за ўсіх перажывае цяпер Вася.
«Як ён зьявіўся ў хаце — усе зрабілася па-іншаму. Я любіў яго на руках гушкаць, клапаціцца пра яго... Але што ёсьць, тое ёсьць».
Выкараскацца можна толькі на сухі бераг
Цяпер Васіль працуе ў Расеі. Заробак ашчаджае на адваката — каб выцягнуць нявестку з турмы ці хоць неяк зьменшыць ёй пакараньне. Марыць, што некалі ўдасца вярнуць малога дахаты.
«Сёньня зноў іду да адваката. Пішам скаргі. Веру, што нешта зьменіцца».
Па вяртаньні з ЛПП Васіль пайшоў на сустрэчу групы ананімных алькаголікаў, каб «навучыцца піць як людзі». Потым зразумеў, што алькаголік ня можа «ўмерана» ўжываць, бо даўно страціў кантроль і мяжу. Выкараскацца можна толькі на сухі, а ня сьлізкі бераг. Васіля «нешта торкнула».
«Галоўнае — цьвярозасьць. Для мяне гэта многа. Каб не „Ананімныя алькаголікі“, мне была б труба. Хоць праблем хапае. Але яны ёсьць ва ўсіх», — кажа ён.
Каб акрыяць, трэба рабіць нешта для іншых
Васіль лічыць сябе хрысьціянскім вернікам, але не належыць да пэўнай канфэсіі. На працы ў Расеі наведвае пратэстанцкую супольнасьць.
«Для мяне царква — гэта сход вернікаў, а зараз для мяне „АА“ — як сход вернікаў. Гэта як радня, мне там добра, мяне цягне туды».
Ён зацікаўлены ў «праграме духоўнага пераарыентаваньня» «12 крокаў», і ведае, што каб акрыяць, трэба рабіць нешта для іншых. Гэта служэньне ў наркалёгіі, ЛПП. Алькаголіку можа дапамагчы толькі іншы алькаголік — з гэтага некалі ў Злучаных Штатах і пачаўся рух «Ананімных алькаголікаў».
«Трэба абавязкова нешта рабіць для іншых. Ну хоць на сходзе гарбату запарыць, разьліць, — сьмяецца Вася. — Раней, калі было блага, трэба было выпіць, калі добра — таксама, адзначыць. А цяпер навошта мне гэта? Розум зьмяніўся трохі. На працы ў Расеі ведаюць, што я ня п’ю. На сьвяты прыношу торт, цукеркі. Начальнік пытаецца: а ў каго гэта дзень нараджэньня і колькі табе стукнула? Два гады, — адказваю. Два гады цьвярозы. Я не саромеюся, што я — ананімны алькаголік. Як ёсьць».
На пачатку шляху Васю зьдзівіла стаўленьне «спонсара». У «АА» своеасаблівая апека «старэйшых» над новенькімі. «Спонсар» — той, хто дапамагае рабіць «12 крокаў», падтрымлівае, той, каму можна тэлефанаваць сярод ночы са сваімі праблемамі.
«Ох, колькі было праблемаў па вяртаньні з ЛПП. Я патэлефанаваў спонсару, ён прыехаў. Я пачаў казаць, што лепш пайсьці і напіцца, чым гэта ўсё. Ён сказаў так: раз лічыш, што гэта табе дапаможа, што праз гэта вырашыш праблемы — пі. Мяне гэта моцна ўразіла. Я думаў, што будуць казаць: „Трымайся, трымайся, нельга піць“. Не адразу, але да мяне нешта дайшло».
Паверыў у Бога празь верніка, які не спрачаўся за месца на нарах
Што ўтрымала Васіля ў тыя моманты, калі не было, здавалася, выйсьця, апроч як зноў «заліць зрэнкі»?
«Група „АА“, Вышэйшая Сіла. Гэта ўсё складана для мяне, але чыста па-чалавечы, па-простаму — адказнасьць. Не адразу, канечне. У мяне маё жыцьцё — я рулю гэтым, як я вяду, так яно і складаецца. У Бога я веру», — кажа ён.
Мужчына настальгічна ўзгадвае 90-я, якія называе залатымі гадамі для крыміналу.
«Тады ў крымінале былі людзі прыстойныя, парадак быў. Апошні тэрмін адбываў на „Дваццатцы“ (Мазыр). Яе „глядзеў“ тады Шчаўлік (крымінальны аўтарытэт. — РС). У атрадзе я спаткаў верніка. Адразу я псыхаваў, бо лічыў, што верыць у Бога — дурасьць. Што сьвятары, якія езьдзяць у зону — гэта ім нейкі плюс проста. Той вернік ляжаў на ніжнім ярусе, а яго паклалі без тлумачэньня на верхні. Гэта прыніжальна! Я казаў яму: падыдзі да „злодзеяў“, хай яны разьбяруцца, патлумачаць, чаму цябе перасялілі! Я лічыў тады, што крымінал — гэта нармальная сыстэма. І гэта было як пакараньне, непавага — на другі паверх».
Васіль узгадвае, як казаў верніку, што гэта прыніжэньне перад атрадам, яго трэба тлумачыць, а той у адказ толькі прамовіў: «На ўсё воля Божая».
«І мяне гэта вельмі зацікавіла. Ён быў праваслаўны, вучыўся нават у нейкай духоўнай установе, завочна. І ён мне кнігі пачаў даваць, пачалі зь ім размаўляць на гэтую тэму. Мне хацелася верыць! Бо я бачыў у гэтым чалавеку моц, адчуваў, што ён нечага варты, нечага каштуе. На мой розум — прабачыць было нельга, а ў яго іншае разуменьне. Гэта моцна ўразіла».
Самы складаны крок — адзінаццаты
Васіль кажа, што цяжэй і даўжэй за ўсе крокі ён праходзіў адзінаццаты: «Імкнуліся шляхам малітвы і разважаньняў паглыбіць стасункі з Богам, як мы разумелі Яго, маліліся толькі аб веданьні Яго волі, якую нам трэба выканаць, і аб дары моцы для гэтага».
«А цяпер я раблю дванаццаты крок, — засьмяяўся Вася, праводзячы нас да дзьвярэй. — Дасягнуўшы духоўнага абуджэньня, да якога прывялі гэтыя крокі, мы імкнуліся данесьці сэнс нашых ідэй да іншых алькаголікаў і прымяняць гэтыя прынцыпы ва ўсіх нашых справах. Я мала разумею, што да чаго ў „АА“. Але гэта працуе».