Канцэрн «Беллеспаперапрам» спыніў дамову з кітайскай карпарацыяй «Сюань Юань», якая з 2012 году будавала ў Добрушы завод па вытворчасьці кардону, але гэтак і не здала яго ў эксплюатацыю.
Будавалася новая вытворчасьць на базе філіялу «Добруская папяровая фабрыка «Герой працы». Кіраўнікі прадпрыемства — яго дырэктар, ён жа першы намесьнік гендырэктара холдынгу «Беларускія шпалеры» Алег Місюраў, начальнік тэхнічнага ўпраўленьня будаванага комплексу Ігар Дзегцяроў — адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю з узьвядзеньнем новай вытворчасьці. Тлумачаць, што ня маюць на тое дазволу вышэйшага начальства.
Начальніца ўпраўленьня інфармацыйных тэхналёгій і сувязі з грамадзкасьцю канцэрну «Беллеспаперапрам» Ружана Навіцкая тлумачыць, што праект у Добрушы прыпынены. У карпарацыі «Сюань Юань» як генпадрадчыка ўзьніклі тэхнічныя праблемы.
«Вядуцца перамовы зь іншымі кітайскімі кампаніямі, якія змогуць скончыць усе пуска-наладачныя працы і здаць у Добрушы новы завод у эксплюатацыю», — кажа Ружана Навіцкая.
Стала вядома, што беларускі ўрад прапанаваў давяршыць будаўніцтва кардоннага заводу ў Добрушы кітайскай карпарацыі CITIC Group. Яна мадэрнізавала ў Беларусі цэмэнтныя заводы, Аршанскі льнокамбінат, будавала аўтамабільны завод «БелДжы», а цяпер вядзе падрыхтоўку дзеля будаўніцтва заводу «Амкадор-Маш» у Калодзішчах пад Менскам.
У Добрушы кардонны завод ставіўся на крэдыт Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю. Гэты банк выдзеліў Беларусі 350 мільёнаў даляраў на 13 гадоў. Гатовасьць заводу яшчэ летась карпарацыя «Сюань Юань» ацэньвала на ўзроўні 97 адсоткаў, хоць новую вытворчасьць плянавалася запусьціць яшчэ ў 2015 годзе.
З тлумачэньняў кіраўнікоў карпарацыі «Сюань Юань», якія яны некалі давалі на будоўлі, вынікала, што заказчык, якім выступае канцэрнаўскі холдынг «Беларускія шпалеры», пастаянна ўносіў у праект свае зьмены. Гэта аддаляла тэрмін уводу новага заводу ў эксплюатацыю. У прыватнасьці, на год перанесена здача заводу ў сувязі зь пераглядам праекту склада гатовай прадукцыі, які ўрэшце мусіў стаць двухпавярховым.
Да таго ж беларускія стандарты істотна адрозьніваюцца ад тых, якія мае Кітай. А гэта ўсё новыя ўзгадненьні, дакумэнты, сэртыфікаты. Асабліва яскрава выявілася неадпаведнасьць у пракладцы сілавога электракабэлю, праз што праца замарудзілася яшчэ на паўгоду.
У канцэрне «Беллеспаперапрам» пакуль не называюць новых тэрмінаў, калі прамысловыя гмахі ў Добрушы ажывуць, каб даць Беларусі 200 тысяч тон трохслойнага кардону ў год. Выкарыстоўваюць такі кардон для ўпакоўкі ў харчовай, фармакалягічнай, парфумэрнай вытворчасьці і шмат дзе яшчэ. Зь яго вырабляюць і тэтрапакеты — для малака, сокаў, віна. Цяпер такі кардон беларускія прадпрыемствы купляюць за мяжой.