Кіроўная Лібэральная партыя Аўстраліі абвясьціла, што за пакупкі на суму больш за 10 000 аўстралійскіх даляраў (7 500 даляраў ЗША) наяўнымі грашыма плаціць будзе нельга.
Забарона пачне дзейнічаць 1 ліпеня 2019 году, і любы плацёж у памеры больш за 10 000 аўтралійскіх даляраў павінен будзе быць аплачаны чэкам або крэдытнай/дэбітнай карткай.
Па словах заканадаўцаў, гэта «заахвочваньне пераходу да лічбавага грамадзтва» і спыненьне спроб ухіленьня ад выплаты падаткаў. Мэта — на працягу наступных чатырох гадоў атрымаць новыя падатковыя паступленьні ў памеры 3 млрд даляраў.
«Гэта дрэнная навіна для злачынных груповак, тэрарыстаў і тых, хто проста спрабуе падмануць дзяржаву з выплатай падаткаў», — сказаў міністар фінансаў Аўстраліі Скот Морысан у сваім выступе, у якім анансаваўся новы бюджэт, паведамляе Gizmodo.
Як піша брытанскае выданьне The Guardian, адной з галоўных мэтаў новых абмежаваньняў стане незаконны гандаль тытунём. Аўстралія мае самы высокі падатак на цыгарэты ў сьвеце, пры гэтым пакунак у сярэднім каштуе каля 40 аўстралійскіх даляраў (30 даляраў ЗША). Але існуе велізарны чорны рынак цыгарэт, які запоўнены крадзеным таварам, а таксама кантрабандай з-за межаў краіны. Падаткі не выплачваюцца да моманту продажу, таму крадзеж з тытунёвых складоў вельмі распаўсюджаная ў Аўстраліі практыка.
Акрамя таго, у аўстралійцаў асаблівыя адносіны з гатоўкай — прыкладна 37 адсоткаў усіх камэрцыйных апэрацый у Аўстраліі праходзіць з выкарыстаньнем наяўных сродкаў. Для параўнаньня, гэтая лічба складае 32 працэнты ў ЗША і 15 працэнтаў у Швэцыі.