Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая са сваёй камандай распрацавала законапраект аб выкарыстаньні і ахове бела-чырвона-белага сьцяга. Ці не бянтэжыць яе, што шматлікія спробы надаць гістарычнай сымболіцы статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці не прынесьлі дагэтуль плёну?
«Так, я цудоўна ведаю пра шматгадовую кампанію, якую праводзілі „Арт Сядзіба“, Зьміцер Дашкевіч, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, іншыя актывісты ды арганізацыі. Але яны дзейнічалі празь Міністэрства культуры. А я скарыстаюся правам заканадаўчай ініцыятывы дэпутата. І афармляю гэта як законапраект», — сказала Свабодзе Ганна Канапацкая.
Прэзэнтацыя законапраекту аб выкарыстаньні і ахове бела-чырвона-белага сьцяга, першага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь, заплянаваная на 14 траўня. Пасьля гэтага, паводле дэпутаткі, яна пойдзе праз «усе колы пекла» — так яна кажа пра ўзгадненьне дакумэнту з усімі зацікаўленымі арганізацыямі і ўстановамі. Таму яна пакуль дакладна ня ведае, калі законапраект дойдзе да Палаты прадстаўнікоў.
Што прапануе ўзаконіць Канапацкая
- Артыкул 1. «...гісторыка-культурная каштоўнасьць Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальна разьмешчаных каляровых палос аднолькавай шырыні: верхняй і ніжняй — белага, а сярэдняй — чырвонага колеру. Адносіны шырыні сьцяга да яго даўжыні — 1:2».
- Артыкул 2. Бел-чырвона-белы сьцяг можа свабодна выкарыстоўвацца на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку падчас дзяржаўных сьвятаў і сьвяточных дзён. У настольным варыянце сьцяг можа быць усталяваны ў памяшканьнях арганізацыяў.
- Артыкул 4. Мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права абавязаць дзяржаўныя ўстановы вывешваць бел-чырвона-белы сьцяг адначасова з чырвона-зялёным у вызначаныя дні ці пастаянна.
- Артыкул 5. «...выкарыстаньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь з парушэньнем гэтага Закона, стварэньне перашкод яго правамернаму выкарыстаньню і яго зьнявага цягнуць за сабой адказнасьць у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
- Артыкул 7 абавязвае Міністэрства культуры ўнесьці бел-чырвона-белы сьцяг у сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцей.
Таксама распрацоўшчыкі законапраекту прапануюць дапоўніць артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, які тычыцца незаконных дзеяньняў у адносінах да дзяржаўных сымбаляў Беларусі, пунктам пра бел-чырвона-белы сьцяг. Прапануюць увесьці штраф за такія дзеяньні — да пяці базавых велічынь.
Бела-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным сымбалем Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 год.