Прэзэнтацыя адбылася ўвечары 10 траўня ў пражскай бібліятэцы імя Вацлава Гаўла. Усе жадаючыя ня толькі маглі першымі атрымаць перакладзеную кнігу, але і дазнацца пра турэмныя і палітычныя рэаліі Беларусі.

Нягледзячы на тое, што кніга была выдадзена яшчэ ў 2013 годзе, яе пераклад на чэскую мову зусім не плянаваўся. Як распавёў сам Дашкевіч, тое, што гэты пераклад выйшаў — вялікі цуд:
— Кнігу пераклала неверагоднай дабрыні чалавек Сьвятлана Вранава, якая захапілася Беларусьсю і ёй Бог адкрыў, што Беларусь — гэта цэнтар адраджэньня. Духоўнага, нацыянальнага. Яна пачала цікавіцца краінай, хоць да гэтага ніколі ня мела дачыненьня да Беларусі. Яна перакладала розных аўтараў і вырашала папрацаваць і з маёй кнігай.


Агулам, праца над перакладам у нясьпешным тэмпе заняла каля года і стала вынікам сумеснай працы актывіста і перакладчыцы. Як прызнаўся сам аўтар, ён дапамагаў, у асноўным, зь некаторымі турэмнымі словамі і лексыкай, каб найбольш дакладна перадаць усю атмасфэру турмы і ня згубіць аніводнага слова.
Прэзэнтацыя працягвалася больш за дзьве гадзіны. Акрамя аповедаў пра беларускія рэаліі, слухачы таксама ўдзельнічалі ў размове і задавалі свае пытаньні амаль пра ўсё — ад рэлігіі ў Беларусі да мэблі, якую вырабляе Зьміцер. Пасьля гэтага шмат хто з прысутных стаў у чаргу, каб атрымаць асабісты подпіс вядомага моладзевага лідэра і падзякаваць за тое, што ён рабіў і працягвае рабіць для Беларусі.
Кніга «Чарвяк» — гэта нізка аповедаў і турэмных гісторый, якая была напісана падчас двух турэмных тэрмінаў экс-кіраўніка Маладога Фронту. За свой твор Дашкевіч неаднаразова быў у сьпісе намінантаў літаратурных прэмій, а ў 2017 годзе стаў ляўрэятам прэміі імя Францішка Аляхновіча.