У Падмаскоўі людзі, якія заплацілі, але не атрымалі кватэраў у жылым комплексе «Спартыўны квартал», правялі мітынг, падчас якога зьвярнуліся па дапамогу да прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Свой зварот яны падпісалі крывёю. Відэазапіс акцыі зьявіўся ў сацыяльных сетках.
На ім відаць, як адзін з удзельнікаў пратэсту рэжа сабе руку нажом, а потым пакідае адбітак на плякаце. «Пралітая кроў, як сымбаль гераічнага подзьвігу бацькоў і дзядоў, павінна паказаць уладзе, што ашуканыя ёю людзі ў сваёй барацьбе пойдуць да канца, да апошняга квадратнага мэтра», — гаворыцца ў апісаньні відэа.
Зварот прымеркаваны да інаўгурацыі Ўладзіміра Пуціна на чацверты прэзыдэнцкі тэрмін. Яго аўтары заўважаюць, што «сыты галоднага не разумее», і нагадваюць аб палацах і сядзібах, якімі валодаюць чыноўнікі.
Кватэры ў жылым комплексе «Спартыўны квартал» у Новай Маскве людзі павінны быў атрымаць яшчэ ў 2015 годзе, але будоўля зацягнулася. Цяпер, паводле іх зьвестак, прададзена 90 адсоткаў кватэр, але ні грошай, ні жыльля яны так і ня ўбачылі. Ад чыноўнікаў за ўсе гэтыя гады яны атрымліваюць толькі адпіскі.
Паводле афіцыйных дадзеных, у Расеі амаль 47 тысяч падманутых дольнікаў у будаўніцтве. Паводле ацэнак Агульнарасейскага аб’яднаньня падманутых дольнікаў, колькасьць пацярпелых даходзіць да двух мільёнаў чалавек.