Чытачка Кудасава: Я люблю вышукваць ціхія, незаўважныя кнігі

Наста Кудасава

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэтка Наста Кудасава.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Сяргея Дубаўца «Сіні карабель у блакітным моры плыве», Райнэра Марыі Рыльке «Кніга гадзін» у перакладзе Васіля Сёмухі, Мітрапаліта Антонія Сураскага «Проповеди, произнесённые в России», Міленкі Ергавіча «Асаг» у перакладзе Сяргея Шупы. І рукапіс новай аповесьці Андрэя Адамовіча, чаму радуюся неймаверна.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Кнігу вершаў ксяндза Яна Твардоўскага «Разам з Табою», што выйшла ў выдавецтве «Pro Christo» некалькі гадоў таму. Мабыць, акурат такія кнігі і завуцца настольнымі. Бо яна ў літаральным сэнсе ляжыць цяпер увесь час у мяне на стале, не магу яе схаваць, хоць і прачытала ўжо даўно, перачытваю і перачытваю… Гэта тая паэзія, якая будзе актуальнай ва ўсе часы, яна вяртае мір і супакой у сэрца, пасьля яе атрымліваецца любіць. А дзеля чаго яшчэ патрэбныя кнігі? Па вялікім рахунку, толькі дзеля гэтага.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Мабыць, усё пералічанае патроху ўплывае ў той ці іншай ступені.

Ёсьць пэўнае кола рэфэрэнтных для мяне людзей, чыім густам я давяраю і да чыіх парадаў прыслухоўваюся найперш. Так, напрыклад, нейкія цікавыя кнігі мне час ад часу адкрывае Вольга Бабкова, у нас ёсьць традыцыя спатканьняў зь ёю, падчас якіх мы абмяркоўваем кнігі і дзелімся кніжнымі радасьцямі. Дзякуючы Вользе я палюбіла творчасьць Марыі Вайцяшонак, і гэтая любоў зьмяніла маё жыцьцё.

А яшчэ бывае нейкае прадчуваньне, інтуітыўная цяга да пэўнай кнігі, калі бачыш яе на паліцы ў кнігарні і адчуваеш, што яна — для цябе. І гэта зазвычай якраз не зьвязанае з узнагародамі, з гучнасьцю ці яркасьцю выданьня. Хутчэй, наадварот, я люблю вышукваць ціхія, незаўважныя кнігі, якія не крычаць пра сябе, не зьяўляюцца апошнім піскам моды, а моўчкі хаваюцца на зусім не актуальных паліцах, даўно забытыя, някідкія. Мабыць, гэта спрацоўвае падсьвядомае веданьне таго, што сапраўдныя скарбы трэба ўмець адшукаць, яны не зіхцяць на паверхні. Такую кнігу зазвычай разгортваеш на любой старонцы, чытаеш пару абзацаў, і ўсё — хачу, маё!

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Нават ня ведаю, што і прыгадаць. Нешта мне ня верыцца, што можна штосьці новае і цікавае сказаць у літаратуры, усе мы вякамі пра адно й тое ж вядзём гаворку, але ж гісторыя нас, дурняў, ня вучыць, вось і даводзіцца кожнаму новаму пакаленьню прагаворваць усё тыя ж ісьціны зноў і зноў, толькі новымі словамі.

А што да фактаграфічных цікавостак, дык я чамусьці зусім не цікаўнай натуры чалавек, зазвычай роўна дыхаю да ўсяго, што здараецца ў сьвеце людзей.

Хаця адзін тэкст надоечы выклікаў у мяне цэлы шквал эмоцый — «Каханы горад» Сяргея Абламейкі. Гэта эсэ пра разбурэньне Менску савецкай уладай, вынішчэньне нашай архітэктурнай спадчыны. Многія падрабязнасьці проста шакавалі, я іх ня ведала раней. Не паварочваецца язык назваць тыя рэчы, пра якія аўтар піша, цікавымі, бо гэта было вельмі балюча чытаць, да роспачы.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Я ўжо ня ведаю, што цяпер лічыцца клясыкай, а што не, таму цяжка сказаць… Відаць, апошні прачытаны раман, які б можна было назваць клясычным (ці мо ў будучыні яго да такіх залічаць) — гэта «Імя мне — чырвоны» Архана Памука.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Люблю тых, да каго, чытаючы, адчуваеш давер. Галоўнае — шчырасьць. А ўжо жанр, імя, статус — справа другасная. Хаця паэтаў я чытаю найбольш і найперш, усіх і не пералічыш. Я пачынаю панікаваць ад пытаньняў, якія патрабуюць сьпісаў улюбёных аўтараў, бо ўвесь час баюся, што кагосьці сапраўды важнага забуду згадаць (а абавязкова ж забуду!) і потым буду пакутаваць ад згрызотаў сумленьня, таму няхай у гэтым адказе ня будзе імёнаў.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Макс Шчур «Ліст, знойдзены на папялішчы». Да сьмеху ў добрым сэнсе гэтага слова. Шчур заўжды вельмі дасьціпны, іранічны і самаіранічны, так што гэта быў рогат сапраўднай асалоды.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Над «Супэркнігай пра Біла з Болаю» Гунілы Бэргстрэм. Гэта вельмі важная кніга і я страшэнна ўдзячная людзям, што спрычыніліся да яе беларускага выданьня.

Адзінота

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Многае расчароўвае, таму што, бывае, чытаеш і ня верыш аўтару, ня верыш, што ён гэтую кнігу выпакутаваў, з крывёю з нутра выдраў. Кніга ж, на маю думку, гэта як роды — толькі калі час прысьпеў, калі наканаваньне было, тады кніга народзіцца і нікуды аўтару ад яе не ўцячы, хоць бы й захацелася. А проста так, дзеля забаўкі ці дзеля ўласных амбіцый пісаць ня мае сэнсу, абы толькі псаваць паперу ды інфармацыйную прастору захламляць…

Але і захапляе па-ранейшаму многае. Так што ўсё ў раўнавазе, лодка не перакульваецца.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Я прынцыпова непрынцыповы чалавек, таму ня маю ніякай адмысловай нелюбові да якіх-кольвек жанраў. Да чаго душа ляжа, тое і чытаю.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чамусьці апошнія гады я магу чытаць толькі некалькі кніг паралельна. Прычым у мяне ёсьць стос кніг, якія я чытаю цяпер, а ёсьць яшчэ асобны стос, дзе знаходзяцца кнігі, якія я пачала была чытаць, ды нешта пайшло ня так, і вось яны ляжаць недачытаныя, чакаюць, пакуль у мяне зьявіцца адпаведны настрой, каб вярнуцца да іх і пачаць чытаць нанова.

Я чытаю толькі папяровыя кнігі, люблю паперу на дотык і пах, люблю кніжныя закладкі, нічога не магу з гэтым зрабіць, электронныя кнігі чытаю толькі ў самым крайнім выпадку, калі трэба (ці карціць!) тэрмінова ведаць тэкст, а друкаваны асобнік няма дзе ўзяць.

Раніцай мне чытаецца лепей, мо таму, што я жаваранак і ранкам у мяне больш сьветлая галава, чым увечары.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць?Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

На жаль, ніяк. Паколькі ўласнага дому я дагэтуль ня маю, усе мае кнігі расьсяроджаныя па розных месцах, пазапіханыя ў шафы там-сям. І я не заўжды, бывае, памятаю, дзе якая зь іх знаходзіцца. Добра ведаю толькі тыя, што на адлегласьці выцягнутай рукі ляжаць, гэта тыя кнігі, што я ў дадзены момант чытаю ці пляную ў найбліжэйшы час прачытаць.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Тых, хто сапраўды са мной знаёмы, ня здолее зьдзівіць ужо нічога, я падазраю, ні Тора ў арыгінале, ні Камасутра.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Усе кніжныя падарункі заўжды абажаныя, бо гэта ж кнігі! З апошніх асабліва ўсьцешылі Ян Твардоўскі «Ад вуха да вуха» і Тумас Транстромэр «Пад вольным небам».

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Усе героі ды антыгероі Дастаеўскага нагадваюць мне мяне, з таго ці іншага ракурсу, таму я, канечне ж, іх усіх люблю, як і належыць любой самазакаханай істоце.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Я чытала вельмі шмат, колькі сябе памятаю, і спыніць гэтую жарсьць здолеў толькі філфак, там ужо нарэшце я аб’елася чытаньнем і пасьля філфаку некалькі год запар не чытала зусім. Потым сытуацыя неяк стабілізавалася, і вось цяпер я ізноў чытаю, але ўжо без фанатызму. А ў дзяцінстве мама сварылася ўвесь час, прымушала мяне выходзіць гуляць на вуліцу, каб выцягнуць мяне з-за пісьмовага стала, таму што я ўвесь час чытала і пісала. Нават перапісвала ўлюбёныя кнігі для сябе ад рукі, тады ж ксэраксаў не было, а кнігі я брала ў бібліятэцы, іх трэба было вяртаць, і каб не расставацца з улюбёнымі тэкстамі, я іх перапісвала ў агульныя сшыткі. Дагэтуль дома навэлі Гі дэ Мапасана ляжаць, маёю рукою перапісаныя, і цэлыя рукапісныя тамы беларускай паэзіі ўсіх гатункаў.

Назаўсёды ў памяці засталася кніга «Ночевала тучка золотая» Анатолія Прыстаўкіна. Я нават пасталеўшы адмыслова перачытала яе яшчэ раз, каб пераправерыць, ці сапраўды яна настолькі моцная. І гэтак жа нясьцерпна плакала над ёй, як і ў дзяцінстве.

Наста Кудасава: «Я не магу не пісаць»

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Кніга Эклезіяста, канечне ж. Я б кожнага прымусіла час ад часу яе перачытваць, каб не расслабляліся.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Не імкнуся да знаёмства з улюбёнымі аўтарамі, хутчэй пазьбягаю яго. Таму — нікога.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Барані Божа! Страшэнна не люблю біяграфій, ня веру, што можна звонку нешта зразумець пра чалавека, пра яго стасункі зь іншымі. Пагатоў пра нейкія тонкія інтымныя рэчы, што адбываюцца ўнутры, пра якія і сам часта ня маеш адназначнага ўяўленьня. Ніхто нікога ніколі не спазнае, чужая душа — цёмны лес.

Адзіная біяграфія хіба, якую я люблю, гэта ўспаміны Арыядны Эфрон пра Марыну Цьвятаеву, таму што іх напісала звышталенавітая і звышдалікатная дачка пра сваю няпростую маму. Магчыма, калі б мае дзеці надумалі напісаць маю біяграфію, яна была б, калі й не дакладнай, то прынамсі справядлівай. А болей не хачу ніякіх біёграфаў, хай будуць толькі мае творы, яны лепшыя і большыя за мяне.

Што вы перачытваеце?

Паэзію ўвесь час перачытваю, самую розную. З прозы чамусьці хочацца як-небудзь перачытаць нашых Быкава і Караткевіча, многае ўжо забылася са школьнай і студэнцкай пары, хочацца сьвежым вокам глянуць на беларускіх клясыкаў.

Дастаеўскага магу перачытваць, Платонава, Сартра, Біблію.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Ужо напагатове ляжаць «Дзень сьвятога Патрыка» Ганны Севярынец, «Надбярэзінцы» Фларыяна Чарнышэвіча, «Мяне тут не было» Алега Мінкіна.

Літанкета Свабоды: Наста Кудасава