Цэны на нафту падняліся да самых высокіх за тры гады ўзроўняў пасьля рашэньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа выйсьці зь «ядзернай» угоды з Іранам і зноў увесьці супраць яго санкцыі.
Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб вяртаньні праз паўгода санкцыяў, якія тычацца нафтавага сэктару Ірану і міжнародных фінансавых трансакцыяў зь ім.
Цана нафты маркі «Брэнт» раніцай у сераду дасягала 77,20 даляра за барэль — самага высокага паказьніка зь лістапада 2014 году.
Іран — трэці найбольшы вытворца нафты ў OPEC, і пагроза рэзкага скарачэньня паставак іранскай нафты на ўсясьветны рынак з прычыны ўвядзеньня санкцыяў штурхае цэны ўгару. Яны расьлі ўсе апошнія тыдні ў чаканьні рашэньня Трампа, аднак у аўторак ненадоўга паваліліся праз паведамленьне ў прэсе, што прэзыдэнт ЗША можа перадумаць і не выходзіць з угоды з Іранам. Пасьля заявы прэзыдэнта цэны рэзка пайшлі ўгару.
Пэрспэктывы далейшага росту цэнаў
Увядзеньне Злучанымі Штатамі санкцыяў можа не азначаць поўнага спыненьня экспарту нафты з Ірану, бо іншыя ўдзельнікі «ядзернай» угоды, улучна з эўрапейскімі краінамі, выказваюцца за яе захаваньне. Аналітыкі рынку таксама зьвяртаюць увагу на сыгналы Саудаўскай Арабіі — яна гатовая папоўніць магчымы недахоп нафты на рынку з прычыны санкцыяў супраць Ірану.
Тым ня менш, агенцтва AFP піша пра здагадкі, што цэны на нафту могуць дасягнуць узроўню 80 даляраў за барэль, бо акрамя рашэньня Трампа існуюць і іншыя фактары: нявызначанасьць вакол Вэнэсуэлы, паляпшэньне глябальнага попыту, зьвесткі пра падзеньне запасаў нафты ў ЗША.
Павышэньне цэнаў на нафту выгаднае яе найбуйнейшым вытворцам, у тым ліку Расеі, аднак яно таксама спрыяе імкліваму разьвіцьцю здабычы амэрыканскай лупняковай нафты, якая займае ўсё большае месца на рынках. Многія краіны такім чынам зьніжаюць залежнасьць ад «традыцыйных» пастаўнікоў нафты.