FIFA аштрафавала Расейскі футбольны саюз

Поль Погба і Канстанцін Рауш на матчы Расея - Францыя ў Пецярбургу, 27 сакавіка 2018 года

Міжнародная фэдэрацыя футбола (FIFA) аштрафавала Расейскі футбольны саюз за паводзіны заўзятараў падчас матчу Расеі і Францыі 27 сакавіка 2018 года.

Сума штрафу склала 30 тысяч швэйцарскіх франкаў (каля 30 тысяч даляраў ЗША).

Са скаргай на расісцкія лёзунгі на матчы зьвярнулася арганізацыя Fare Network. Яна змагаецца з дыскрымінацыяй у эўрапейскім футболе. Нагодай стала заява фатографа агенцтва France Press, які адзначыў, што выкрыкі заўзятараў былі адрасаваныя, у прыватнасьці, футбалісту гвінэйскага паходжаньня Полю Погбэ.

Дысцыплінарная камісія FIFA правяла расьсьледаваньне, у тым ліку аналіз відэадоказаў, і адзначыла сур’ёзнасьць інцыдэнту. Пасьля гэтага было прынятае рашэньне пра штраф.

Матч Расея — Францыя адбыўся ў Санкт-Пецярбургу і завяршыўся перамогай французаў з лікам 3: 1.