У Францыі адкрываецца Канскі кінафэстываль

У Францыі адкрываецца 71-й Канскі кінафэстываль. Журы ў гэтым годзе ўзначальвае аўстралійская акторка, ляўрэат дзьвюх прэміяў Оскар Кэйт Бляншэт.

Арганізатары кінафэсту, якія праглядзелі 1906 поўнамэтражных стужак, адабралі для асноўнага конкурсу 18 рэжысёрскіх работ.

За ўзнагароду кінаагляду пазмагаюцца, між іншым, фільм францускага майстра Жан-Люка Гадара «Le livre d’image», апошняя праца іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі «Усе ведаюць». Сярод кандыдатаў і ўладальнік Пальмавай галіны Нуры Більге Джэйлян з фільмам «Дзікае грушавае дрэва», фільм «Сабачнік» італьянца Матэа Гаронэ. Польскі рэжысёр і ўладальнік прэміі «Оскар» Павэл Паўлікоўскі раскажа гісторыю каханьня ў пасьляваеннай Польшчы ў фільме «Халодная вайна».

Упершыню Канскі кінафэстываль прайшоў на Блакітным Беразе ў 1946 годзе. У гэтым годзе ён адбываецца з 8 па 19 траўня.