Суд Цэнтральнага раёну Менску 7 траўня адзначыўся рэкордам. Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, за дзень было разгледжана шэсьць адміністрацыйных спраў за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат». Усіх падсудных аштрафавалі.
Судзьдзя Вікторыя Шабуня пакарала журналістаў Любоў Лунёву і Сяргея Краўчука за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі — штраф 35 базавых велічыняў кожнаму.
Справа грунтавалася на паказаньнях супрацоўніка міліцыі Дзьмітрыя Шантыра. Ён заявіў, што бачыў, як абвінавачаныя 13 сакавіка бралі інтэрвію падчас адкрыцьця памятнага знаку братам Луцкевічам.
Сюжэт, у вырабе якога вінавацілі журналістаў, у эфір не выходзіў, але судзьдзю гэта не спыніла:
«А вас і не вінавацяць у распаўсюдзе прадукцыі СМІ, толькі ў яе вырабе», — сказала Вікторыя Шабуня.
Судзьдзя Іван Касьцян пакараў штрафамі за супрацоўніцтва зь «Белсатам» Кацярыну Андрэеву і Ірыну Арахоўскую — 35 і 20 базавых велічыняў адпаведна.
Пасьля судзьдзя Вікторыя Шабуня судзіла Марыю Арцыбашаву і зноў Сяргея Краўчука. Іх таксама аштрафавалі: Арцыбашаву — на 30 базавых велічыняў, Краўчука (другі раз за дзень) — на 35 базавых.
Агульная сума журналісцкіх штрафаў за дзень склала 190 базавых велічыняў — 4655 рублёў.
Паводле БАЖ, ад пачатку году беларускія суды ўжо 39 разоў судзілі журналістаў за працу без акрэдытацыі і аштрафавалі больш як на 32 тысячы рублёў.
Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць перасьлед паводле артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях незаконным.