Фатальнымі для Льюіса сталі яго капітулянцкія заявы пра вылет у «першы дывізыён», — Беражкоў

Дэйв Льюіс (у цэнтры) падчас трэніроўкі зборнай Беларусі па хакеі. 9 лютага 2016 году

Канадзкі спэцыяліст Дэйв Льюіс пакінуў пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі ў хакеі. Да канца чэмпіянату сьвету гэтыя абавязкі будзе выконваць ягоны расейскі асыстэнт Сяргей Пушкоў.

Падставай для такога рашэньня сталі тры запар паразы на чэмпіянаце сьвету ў Даніі. Спачатку выхаванцы Дэйва Льюіса прайгралі Швэцыі (0:5), потым Францыі (2:6), а 7 траўня — Расеі (0:6).

«Пасьля няўдалага старту на чэмпіянаце сьвету, а таксама з улікам сытуацыі, у якой апынулася зборная Беларусі, фэдэрацыя і галоўны трэнэр прынялі сумеснае рашэньне аб тым, што ўзначаліць каманду павінен іншы спэцыяліст. Дэйв Льюіс лічыць, што зьмены ў трэнэрскім штабе могуць даць камандзе неабходны імпульс для паляпшэньня гульні, таму пакідае месца разьмяшчэньня зборнай», — адзначаецца ў паведамленьні Фэдэрацыі хакею.

Сяргей Пушкоў, наступнік Дэйва Льюіса, працуе галоўным трэнэрам горадзенскага «Нёмана». З камандай расейскі спэцыяліст два гады запар станавіўся чэмпіёнам Беларусі, летась прызнаны найлепшым трэнэрам краіны.

Мэдальныя амбіцыі зьмяніліся пагрозай вылету з эліты

Колішні віцэ-прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Беларусі і генэральны мэнэджэр менскага клюбу «Дынама» Ўладзімер Беражкоў у інтэрвію Свабодзе згадаў, што лёс Дэйва Льюіса вісеў на валаску яшчэ пасьля леташняга чэмпіянату сьвету, калі зборная, як і цяпер, рызыкавала вылецець з элітнага дывізіёну.

Уладзімер Беражкоў

«Гэта чакана — ведаючы нораў старшыні фэдэрацыі Шапіры і характар Льюіса, — гаворыць Беражкоў. — Асабіста для мяне нічога новага не адбылося. На жаль, у зборнай Беларусі апошнім часам усё часьцей здараюцца экстраардынарныя сытуацыі, якія нэрвуюць усіх, хто за гэтым назірае: пачынаючы ад таго, што з чэмпіянату зьбягае асноўны брамнік, і да таго, што пасярод першынства пакідае каманду галоўны трэнэр. Такія рэчы абуральныя і недапушчальныя. Што тычыцца перастановак, мне гэта нагадвае футбольны мундыяль 1982 году, калі са зборнай СССР паехалі тры раўназначныя фігуры — Бескаў, Лабаноўскі і Ахалкацы. Ну нельга запрэгчы разам каня і лань! Так і тут: Льюіс, Пушкоў, Захараў. Як яны мусілі кіраваць камандай, незразумела».

Пасьля паразы ад каманды Францыі (2:6) Дэйв Льюіс ня выключыў, што зборная Беларусі можа вылецець з топ-дывізіёну. Зрэшты, задача-мінімум перад спаборніцтвамі ставілася сьціплая: перамагчы французаў ды аўстрыйцаў і фінішаваць шостымі з васьмі камандаў. Гэта давала магчымасьць не хвалявацца за будучыню. Аднак калі пасьля Францыі саступіць яшчэ і Аўстрыі, беларусам давядзецца пакінуць найвышэйшы дывізіён.

Дэйв Льюіс на трэніроўцы зборнай Беларусі па хакеі. 9 лютага 2016 году

​Паводле ацэнак экспэртаў, у выпадку паніжэньня ў клясе беларусам вярнуцца ў кампанію 16 наймацнейшых будзе праблематычна. Уладзімер Беражкоў кажа, што ў гэтым сэзоне ня выканалі пастаўленую задачу фаварыты — Казахстан і Славенія. Яшчэ раней спусьцілася на самае дно Ўкраіна.

Затое зьдзівіла Вялікая Брытанія, якая не была ў эліце чвэрць стагодзьдзя, і Італія. На наступны год яны будуць гуляць у найвышэйшым дывізіёне, дзе сёлета дэбютавала Паўднёвая Карэя. З трэцяга па сіле эшалёну ў другі падцягнулася Літва. Добра гуляць у хакей пачынаюць і іншыя каманды.

«Вярнуцца назад надзвычай складана — хакей разьвіваюць усё больш краінаў, — адзначае Беражкоў. — Пацьверджаньнем таму — турнір у першым дывізіёне, адкуль выйшлі Брытанія і Італія. Калі кожны матч да апошняга, пароўну ачкоў, „усплыць“ будзе праблематычна. Таму трэнэр, які правёў толькі два матчы і заяўляе, што ня выключаны вылет у „першы дывізіён“, робіць памылку. Мне здаецца, менавіта гэтыя словы сталі вырашальнымі ў лёсе Льюіса. Як увогуле можна такое дапускаць, калі ўсё яшчэ наперадзе? То мы выйдзем у паўфінал, як абяцалася летась, то раптам першы дывізыён — маўляў, няма крамы, дзе можна купіць майстроў».

Напярэдадні чэмпіянату сьвету разгарэўся канфлікт Дэйва Люіса з Андрэем Сьцяпанавым, якога трэнэр двойчы запар — летась і сёлета — ня ўзяў у каманду насуперак добрым статыстычным паказьнікам форварда. Рашэньне выклікала крытыку з боку гульца, які абвінаваціў трэнэра ў асабістай непрыязнасьці да яго і ўдакладніў, што канадзец уявіў сябе «бажком».

Хакейную інфраструктуру ўзводзяць у «футбольных рэгіёнах»

Хакейны спэцыяліст Уладзімер Жабінскі шмат гадоў адпрацаваў у сыстэме горадзенскага «Нёмана», дзе цяпер на камандным мастку Сяргей Пушкоў. Нейкі час таму ён вярнуўся ў родныя Смаргоні падымаць дзіцячы хакей.

Кажа, што вынікі нацыянальнай зборнай шмат у чым заканамерныя: пакуль ня будзе створана база пад дзіцячы хакей, зь якога вырастаюць дарослыя майстры, чакаць міжнароднага прарыву немагчыма. Сёньня ж патрэбная інфраструктура ня тое што кульгае, яна адсутнічае. Сам Жабінскі нядаўна абвясьціў збор сродкаў, каб экіпіраваць сваіх выхаванцаў, пра ўласны каток застаецца толькі марыць.

Уладзімер Жабінскі

«У нас няма рэсурсаў, — кажа ён. — Каб такія нетры, як у Расеі — нафта, газ, залатыя руднікі — усё было б прасьцей. Там рэалізуюць праграму Трацяка — за 2-3 гады з 540 каткоў выйсьці на 700-800 (у Канадзе, для параўнаньня, 3000). Зьбіраюцца пабудаваць некалькі сотняў! Дык у іх ёсьць за што. У нас гэта можна зрабіць, калі толькі аб’яднацца разам, талакой: пачынаючы ад рэспубліканскага бюджэту, можа і прэзыдэнцкі фонд нешта даў бы, і да мясцовага. Але павінна быць праграма. Мы з колішнім кіраўніком фэдэрацыі Рачкоўскім думалі паставіць каток на паях — падключыць вобласьць, горад, спонсараў. І на гэтым прыкладзе будаваць далей, у маленькіх гарадах, дзе ёсьць традыцыі».

Летась, пасьля правалу на чэмпіянаце сьвету ў Парыжы, Ігара Рачкоўскага адправілі ў адстаўку, і хакейная экспансія на рэгіёны спынілася. Новапрызначаны старшыня Фэдэрацыі хакею, «моцны гаспадарнік» Сямён Шапіра чымсьці рэвалюцыйным пакуль не адзначыўся.

Паводле Ўладзімера Жабінскага, не зусім правільна, што культывацыя хакею ў Беларусі ідзе загадным парадкам, ня ўлічваючы адметнасьці рэгіёну. У выніку адбываецца перакос: трэцяя частка лядовых палацаў узьведзеная на Берасьцейшчыне, дзе хакею не было спакон веку.

«15 раёнаў Горадзенскай вобласьці прадстаўляюць свае каманды на „Залатой шайбе“, — гаворыць ён. — Вядома, рознага ўзроўню, але 5-6 — аб’екты для сэлекцыянэраў. Астравец, Ашмяны, Смаргоні, Наваградак, Дзятлава, нават вёска Орля са Шчучыншыны! Хакей у вобласьці на ўзроўні, дык яго і варта разьвіваць. Нічога ня будзе, калі пашыраць штучна. Лічу ў корані няправільным, што 8 каткоў пабудавалі на Берасьцейшчыне, дзе заўсёды быў футбол. Яны паўднёвыя, раней пачынаецца вясна, спрыяльныя ўмовы. Тады як Віцебская, Горадзенская вобласьці абсалютна хакейныя. Магчыма, нават Магілёўская — ім бліжэй да Расеі, маглі б езьдзіць гуляць у нейкіх турнірах».

Канадзец ​Дэйв Льюіс быў прызначаны галоўным трэнэрам зборнай Беларусі ў канцы 2014 году. Да гэтага ён працаваў асыстэнтам свайго земляка Глена Хэнлана ў зборнай Беларусі, а потым у менскім «Дынама». У 2010 годзе быў памочнікам галоўнага трэнэра зборнай Міхаіла Захарава на Алімпіядзе.

На чэмпіянаце сьвету 2015 году ў Чэхіі беларускія хакеісты занялі 7-е месца, але два наступныя першынствы былі няўдалымі — 12-е і 13-е месцы адпаведна.

Беларускія хакеісты стартуюць на чэмпіянаце сьвету. Што варта ведаць і чаго чакаць