Казакі, якія 5 траўня зьбівалі нагайкамі удзельнікаў антыпуцінскай акцыі «Ён нам ня цар» у Маскве, ня новы інструмэнт расейскіх уладаў для здушэньня пратэстаў. Напады на ЛГБТ-актывістаў, абліваньне зялёнкай удзельнікаў школьнага конкурсу праваабарончага таварыства «Мэмарыял», зьбіцьцё удзельніц гурту Pussy Riot у Сочы — вось толькі некаторыя эпізоды іх дзейнасьці за апошнія гады.
Аднак 5 траўня казакі ўпершыню ўступілі ў адкрытае сілавое супрацьстаяньне з удзельнікамі настолькі масавага мітынгу, якім выявілася акцыя прыхільнікаў апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Расейскія журналісты ўжо высьветлілі, што гэтыя людзі трэніраваліся разганяць пратэсты на грошы маскоўскай мэрыі.
Your browser doesn’t support HTML5
Неўзабаве пасьля жорсткага разгону паліцыяй акцыі «Ён нам ня цар» расейская грамадзкая арганізацыя «Всеказачий общественный центр» выпусьціла заяву, у якой казакі, якія зьбівалі дэманстрантаў называюцца «хунвейбинствующей группировкой» і «привластными опричниками». Кіраўнік цэнтру, патомны казак Аляксандр Дзікавіцкі, у 2012 годзе быў асуджаны на год калёніі-пасяленьня за прызнаныя экстрэмісцкімі публікацыі ў газэце «Казачий взгляд», якую ён узначальвае.
У інтэрвію Радыё Свабода Дзікавіцкі расказаў, што асноўнымі ўдзельнікамі нападаў на пратэстоўцаў у Маскве 5 траўня былі людзі з так званага Цэнтральнага казачага войска (ЦКВ):
«Недзе ў лютым 2014 году кіраваць ЦКВ быў прызначаны цяперашні атаман Іван Кузьміч Міронаў. І вось тут пачынаецца новая эпоха існаваньня таго войска. Новы атаман быў генэрал-лейтэнантам ФСБ у запасе. Раней ён быў начальнікам Апэратыўна-вышуковага ўпраўленьня ФСБ, намесьнікам кіраўніка Дэпартамэнту па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам ФСБ да 2007 году. А з 2007 года ён знаходзіўся ва ўрадзе Самарскай вобласьці, дзе курыраваў працу па ўзаемадзеяньні з усімі праваахоўнымі органамі, рэгіянальнымі і фэдэральнымі.
Пасьля таго як ён стаў на чале ЦВК, натуральна, пачалося яго перафарматаваньне... І на чале Маскоўскага абласнога казацкага аддзелу ЦКВ, які ўключае горад Маскву і Маскоўскую вобласьць, быў пастаўлены Шустроў Андрэй Яўгенавіч, таксама былы палкоўнік ФСБ, які служыў у спэцпадразьдзяленьні ФСБ "Вымпел". Ён і быў тэхнічным арганізатарам казакоў 5 мая.
Структура ЦКВ стала фактычна эфэсбэшнай, гэта ўжо не казачая структура. І задачы яны сталі выконваць, натуральна, фармаваныя ня на нейкіх там гіпатэтычных казачых колах, дзе казакі нешта вырашаюць. Яны сталі выконваць проста інструкцыі ФСБ».
Цалкам інтэрвію з Аляксандрам Дзікавіцкім можна прачытаць тут.