За новага прэм’ера Армэніі прагаласуюць увечары 8 траўня

Апазыцыйны лідэр Нікол Пашыньян

У Нацыянальным сходзе, парлямэнце Армэніі, 8 траўня адбудзецца галасаваньне за кандыдатуру апазыцыйнага лідэра Нікола Пашыньяна на пасаду прэм’ер-міністра.

1 траўня Рэспубліканская партыя Армэніі, якая мае большасьць у парлямэнце, заблякавала абраньне Пашыньяна. Гэта прывяло да новых пратэстаў у Армэніі, пасьля якіх кіроўная партыя пагадзілася дапамагчы выбраць Пашыньяна кіраўніком ураду.

Пашыньян мае атрымаць галасы ня менш як 53 дэпутатаў у парлямэнце, які складаецца з 105 месцаў. Падчас галасаваньня 1 траўня за ягоную кандыдатуру прагаласавалі 45 дэпутатаў, а 56 дэпутатаў, якія прадстаўляюць фракцыю Рэспубліканскай партыі, выступілі супраць.

Перад сёньняшнім галасаваньнем у кіроўнай партыі заявілі, што «8 траўня ў Армэніі будзе прэм’ер-міністар».

«Пасьля рэвалюцыі будзе балюча». Рэпартаж Свабоды зь Ерэвану

Кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Элк» Нікол Пашыньян зьяўляецца адзіным кандыдатам на пасаду прэм’ера.

Калі парлямэнту Армэніі і на гэты раз ня ўдасца зацьвердзіць прэм’ер-міністра, то галоўны заканадаўчы орган краіны будзе распушчаны і прызначаць датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Пры такім сцэнары Рэспубліканская партыя захавае кантроль над выканаўчай уладай сама меней на час выбараў. На думку апазыцыі, гэта непрымальна, паколькі гэта таксама будзе азначаць магчымасьць для кіроўнай партыі выкарыстоўваць існы адміністрацыйны рэсурс.

Дзясяткі тысяч грамадзян 8 траўня зноў плянуюць сабрацца на плошчы Рэспублікі ў цэнтры Ерэвану, куды іх напярэдадні запрасіў сам Нікол Пашыньян для сьвяткаваньня «эпахальнай перамогі».