2 чэрвеня ў Менску другі раз пройдзе Дзень Швэцыі. Натхнёныя леташнім досьведам, калі на вечаровым канцэрце каля Ратушы сабраліся 10 тысяч чалавек, сёлета арганізатары вырашылі зрабіць «яшчэ лепш».
Амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан пагадзілася распавесьці для Радыё Свабода пра падзеі сьвята.
Чаму ў чэрвені?
«6 чэрвеня — гэта дзень швэдзкага сьцяга», — кажа спадарыня Юганэсан. — Можна сказаць, нацыянальны дзень Швэцыі. У найбліжэйшую да гэтага дня суботу мы ўжо другі год запар праводзім такі дзень у Менску. Гэта наш спосаб шырока прадставіць Швэцыю і тыя кампаніі, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі».
Што беларусы цяпер ведаюць пра Швэцыю? «Ведаюць кнігі Астрыд Ліндгрэн, нашыя аўтамабілі Volvo, ведаюць „Аббу“ і хакей», — пасьміхаецца спадарыня Крыстына.
Дадуць пракаціцца на Volvo?
Ня ведаем, але аўтамабіляў на сёлетнім швэдзкім сьвяце будзе шмат. Volvo Cars — адзін з генэральных спонсараў падзеі. Апроч іх, на сьвяце зьбяруць ці ня ўсе вядомыя беларусам швэдзкія брэнды: ад Husqvarna да Oriflame.
«Для многіх буйных кампаній важна чарговым разам паказаць, што яны швэдзкія, — кажа спадарыня Юганэсан. — І мы даём плятформу, дзе яны могуць гэта рабіць. Мы рады, што яны так актыўна працуюць з намі сёлета. Гандаль паміж Беларусьсю і Швэцыяй вельмі абмежаваны. Ёсьць шмат прычын, чаму гэта так выглядае. І добра, калі мы можам паспрыяць паляпшэньню».
Паразважаем, як быць шчасьлівым татам
За тыдзень да Дня Швэцыі ў кінатэатрах пачнецца кінафэстываль швэдзкага кіно. А ў кінатэатры «Піянэр» пройдзе выстава «Швэдзкія таты» і дыскусія пра ролю бацькі і мужчын у сям’і. Прыедуць прадстаўнікі швэдзкай арганізацыі, якія даўно працуюць у Беларусі з «тата-школамі».
«Пытаньне пра ролю мужчыны і бацькі ў сям’і вельмі актуальнае, — кажа спадарыня амбасадарка. — Мы бачым, што ў нашых грамадзтвах гэта вялікі выклік, шмат якія дзеці растуць у сем’ях, дзе няма бацькі. Што гэта азначае для іх? Які старт мы ім даём, што можна было зрабіць на раньнім этапе, каб гэтая сям’я захавалася і ў ёй быў тата?»
Спадарыня Юганэсан кажа, што падчас дыскусіі «Быць бацькам: абавязак альбо шчасьце» гаворка пойдзе пра тое, як у Швэцыі праз заканадаўства і працу з грамадзкай думкай паступова мянялі стаўленьне да гэтага пытаньня.
«Мы будзем распавядаць, што ў нас "татавы месяцы" (адпачынак па доглядзе за дзіцем. — РС) абавязковыя. Сёньня, калі не памыляюся, татам належыцца 3 месяцы з 12 месяцаў водпуску па доглядзе, які даюць абаім бацькам. Многія маладыя таты бяруць 6 месяцаў, каб падзяліць з маці гэты водпуск пароўну. Нават у нашым міністэрстве, дзе людзі адданыя свайму кар’ернаму росту, мужчыны сыходзяць на паўгода ў дэкрэтны адпачынак. І працадаўца на гэта рэагуе абсалютна нармальна».
Караоке са швэдзкімі песьнямі, Ace of Base і VR-шаломы
Нацыянальныя сьвяты не заўжды ўпісваюцца ў схему «дранікі — саломка — трактар „Беларусь“». На гэтым сьвяце фальклёрных матываў будзе няшмат, але Сьпеўным сходам засьпяваюць швэдзкую народную песьню ў перакладзе Андрэя Хадановіча. Фудкорт павялічаць, улічыўшы досьвед леташняга сьвята. На галоўнай сцэне ўвечары выступіць Jenny — адна зь сясьцёр знакамітага поп-гурту Ace of Base, беларускі Akute і яшчэ адзін вядомы швэдзкі выканаўца Джэй Джэй Югансан.
З дапамогай шалома віртуальнай рэальнасьці можна будзе паглядзець на Швэцыю з вышыні птушынага палёту.
«Мы хочам паказаць болей тэхналёгіяў», — кажа спадарыня Крыстына.
Дзіцячая пляцоўка не для таго, каб «здаць туды дзіця»
Тыя, каго ўсё яшчэ турбуе пытаньне «калі ў Беларусі будзе IKEA», могуць суцешыцца на дзіцячай пляцоўцы сьвята. Яе дапамагае абсталяваць мэблевы канцэрн. Сёлета пляцоўку павялічаць, забаваў для дзяцей і бацькоў будзе больш. Галоўнымі героямі стануць вядомыя па беларускамоўных перакладах швэдзкай літаратуры героі дзіцячых кніг — Мама Му і Крумчка, Пэтсан і Фундус, Малы і Мядзьведзік.
Да таго ж у пляцоўкі ёсьць свая «місія».
Крыстына Юганэсан кажа, што арганізатары хочуць даць дарослым і дзецям магчымасьць пабыць разам, а ня проста зрабіць месца, куды можна «здаць дзіця».
«У нас у Швэцыі дзеці паўсюль, — кажа спадарыня амбасадарка. — Многія замежнікі якія прыяжджаюць у Швэцыю, лічаць, што дзеці жудасна нявыхаваныя, яны паўсюль, сядзяць на галаве. Але мы даўно стараемся пабудаваць такое грамадзтва, дзе для ўсіх было б месца і ўсім было б камфортна».
«17 прычын чытаць дзіцячыя кнігі»
Такая выстава будзе арганізаваная падчас Дня Швэцыі. Асобна вылучаная прэзэнтацыя беларускіх перакладаў швэдзкай дзіцячай літаратуры. Для Швэцыі, кажа спадарыня амбасадарка, гэта важная галіна культуры.
«Дзіцячая літаратура ў Швэцыі даўно была тым інструмэнтам, празь які мы хацелі перадаваць асновы нашага грамадзтва», — кажа яна. — У нас вельмі рана вызначыліся, што дзіцячай літаратурай займаюцца зусім ня тыя пісьменьнікі, якія не былі пасьпяховыя ў «дарослай» літаратуры". Гэта, наадварот, вельмі сур’ёзны кірунак культуры".
Спадарыня Юганэсан нагадвае, што ў Швэцыі выдаецца «нобэлеўская» прэмія ў галіне дзіцячай літаратуры — прэмія Астрыд Ліндгрэн.
«Так мы хочам паказаць, што дзіцячая літаратура — гэта надзвычай сур’ёзная рэч. У тым ліку тыя кнігі, якія мы пакажам на дзіцячай пляцоўцы, павінны перадаваць нашыя каштоўнасьці».
Менск мае статус «зялёнага гораду», таму зьбіраць сьмецьце на сьвяце будуць разьдзельна
Да ўсяго, сьвята павінна адпавядаць сучасным экалягічным стандартам.
«Мы цяпер працуем з адной беларускай кампаніяй, якая займацца гэтымі пытаньнямі, — кажа Крыстына Юганэсан. — Будзе асобная выстава, якая пра гэта распавядае. Цяпер ёсьць вялікая цікавасьць да гэтых тэмаў з боку беларускага грамадзтва. Літаральна днямі Менск далучыўся да сеткі зялёных гарадоў. У сувязі з гэтым плянуюцца разнастайныя праекты, і мы з прыемнасьцю будзем дапамагаць іх рэалізоўваць».
«Мы хочам, каб Швэцыя на гэтым сьвяце была пазнавальная, але і сучасная», — кажа амбасадарка Швэцыі ў Беларусі Крыстына Юганэсан.