У Беларусі 8412 вэтэранаў. У іх ліку тыя, хто ліквідоўваў «нацыяналістычнае падпольле»

Ваенная рэканструкцыя ў Менску

У Беларусі, паводле зьвестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, жыве больш за 8 тысяч вэтэранаў Другой сусьветнай вайны. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра Аляксандар Румак.

«Па стане на 1 красавіка 2018 году, у краіне пражываюць 8 412 вэтэранаў, зь іх непасрэдна ўдзельнікаў вайны — 4 006 чалавек», — цытуе чыноўніка агенцтва Інтэрфакс.

Пры гэтым, па яго словах, толькі за тры апошнія гады вэтэранаў стала на 13 тысяч менш.

Сярэдні ўзрост удзельнікаў вайны сёньня складае 95-96 гадоў. Самым «маладым» — 86-87 гадоў, гэта на той час малалетнія партызаны і падпольшчыкі.

Як удакладніў Аляксандар Румак, колькасьць тых, хто пацярпеў ад наступстваў вайны, крыху большая — 17,4 тысяч чалавек, з іх 16 тысяч — былыя вязьні фашызму.

Прадстаўнік ведамства адзначыў, што беларускае заканадаўства прадугледжвае выплату вэтэранам падвышанай пэнсіі, узроставы «бонус», а таксама шэраг ільготаў.

У Беларусі да вэтэранаў адносяцца таксама асобы начальнiцкага i шараговага складу органаў унутраных спраў i дзяржаўнай бясьпекi, байцы i камандны склад зьнішчальных батальёнаў, якiя ў 1944-1951 гадах бралі ўдзел у апэрацыях па ліквідацыі «нацыяналістычнага падпольля» на тэрыторыі Украінскай ССР, Беларускай ССР і Прыбалтыйскіх рэспублік і сталі iнвалiдамi ў вынiку раненьня, кантузіі, калецтва або захворваньня.