«Пасьля рэвалюцыі будзе балюча». Рэпартаж Свабоды зь Ерэвану

Армяне паводзяць сябе так, нібы рэвалюцыя ўжо перамагла. Футболкі з партрэтам лідэра пратэстаў Нікола Пашыньяна ўжо сталі сувэнірамі для турыстаў. Яшчэ нядаўна нябачныя паліцыянты ганяюць пешаходаў за няправільны пераход дарогі. Як зьмяняецца Армэнія і ці не баяцца тут, што нацыянальны герой Пашыньян стане чарговым дыктатарам? Рэпартаж карэспандэнта беларускай Свабоды Антона Трафімовіча зь Ерэвану.

Заўтра рэвалюцыя будзе фармальнай. Усе пытаньні вырашаныя

Палітычны стан Ерэвану можна вызначыць па гуках вуліцы. Рэвалюцыйны горад удзень — гэта песьня «Зрабі крок» (Mi Qayl Ara) гурту «Vordan Karmir» — гімн рэвалюцыі. Яна гучыць з кожнай машыны, якія блякуюць скрыжаваньне. Транспарт ня рухаецца празь перакрытыя вуліцы, а таму ўвесь дзень горад вельмі ціхі.

Ерэван вяртаецца да звычайнага жыцьця. Photo by Amos Chapple

Затое ўвечары Ерэван шалее ад мітынгаў з канцэртам на плошчы Рэспублікі. Няспынныя сыгналы машын на галоўных праспэктах не сьціхаюць да самай ночы. Рэвалюцыйны Ерэван — яшчэ і звон рондаляў, у якія грукаюць жыхары дамоў, стоячы на гаўбцах сваіх кватэраў. Гэта адзін са знакаў нязгоды з Рэспубліканскай партыяй. З пачаткам пратэстаў турысты альбо пераносяць свой адпачынак, альбо абыходзяць цэнтар бокам. А таму мова гораду ў гэтыя дні — выключна армянская.

​Пострэвалюцыйны горад гучыць абсалютна па-іншаму. Машыны ў бясконцых корках тут гудзяць ад раніцы да вечара, бо пры любым манэўры на дарозе прынята падаваць сыгнал. Увечары горад заціхае. На плошчы Рэспублікі чуваць ужо не рэвалюцыйныя заклікі да пратэстоўцаў, тут вулічныя музыкі граюць заходнія гіты. Цэнтар напоўніўся расейскай і ангельскай мовай турыстаў.

Нарэшце, у пострэвалюцыйным Ерэване зьявіліся гукі паліцэйскіх машын і сьвісткоў. Падчас пратэстаў праваахоўнікі не падавалі і знаку. А тут паліцыянты ганяюць пешаходаў, якія пераходзяць вуліцу ў забароненых месцах.

«Пытаньне вырашана», — тлумачыць кіроўца Гор, чаму армяне так хутка вярнуліся да звычайнага ладу жыцьця.

Пасьля агульнанацыянальнай забастоўкі 2 траўня Армэнія выглядае ўжо як пострэвалюцыйная краіна. Да новых выбараў прэм'ер-міністра яшчэ дзень, але настрой у грамадзтве такі, нібыта Пашыньян ужо перамог.

Заўтра, 8 траўня, тут пройдзе вялікі мітынг, на які заклікаюць прыходзіць у белым адзеньні. Акцыя называецца «белы дзень». Яна азначае пераход улады і ажыцьцяўленьне рэвалюцыі. Аднак ужо даволі фармальнае.

На армянскіх рынках ужо поўна сьвежай садавіны і гародніны. Photo by Amos Chapple

Пераломныя падзеі адбыліся цягам двух мінулых тыдняў. Спачатку гэта была адстаўка Сэржа Саргсьяна 23 красавіка. Потым — параза Рэспубліканскай партыі 2 траўня, калі агульны страйк прымусіў улады пагадзіцца на Пашыньяна ў якасьці прэмьер-міністра.

«Большага сьвята, як у дзень адстаўкі Сэржа, у Армэніі ўжо ня будзе, — кажа Лілі, перакладчыца зь Ерэвану. — Тады гэта было нечакана. Цяпер ужо ўсё прадказальна».


Калі ня браць Ерэван, Армэнія такая ж закінутая і бедная, як і ў 1990-я

У ясны дзень у Ерэване відаць гару Арарат, якая знаходзіцца на тэрыторыі Турэччыны. Photo by Amos Chapple

Гледзячы на Армэнію беларускімі вачыма, не зусім зразумела, чаму людзі тут узбунтаваліся. Выбары праходзяць даволі дэмакратычна, кіроўная партыя мае толькі 50% з гакам месцаў у парлямэнце. Краіна вельмі адкрытая. Палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі так не прэсінгуюць, як у Беларусі. У Армэніі ёсьць прыватныя і замежныя навучальныя ўстановы. Армянскія эмігранты прывозяць у краіну ня толькі грошы, але й заходнія ідэі.

Калі меркаваць па Ерэване, Армэнія нябедная краіна. Тут дагледжаны і зелянейшы за менскі цэнтар гораду. Шмат публічнай прасторы, а не бязьлюдных праспэктаў для парадаў.

Але ўсё гэта вонкавая дэмакратыя. Рэспубліканская партыя нязьменна застаецца ва ўладзе 21 год. Бальшыню ў парлямэнце яна гарантуе празь дзяржаўных супрацоўнікаў. Ад настаўнікаў і мэдыкаў патрабуюць галасаваньня за патрэбных дэпутатаў. Калі галасоў недастаткова, іх купляюць у прамым сэнсе.

Дагледжаны Ерэван заканчваецца за цэнтрам горада. Photo by Amos Chapple

​«Улады арганізоўваюць „каруселі“, дзе выбарнікам плацяць па 20-50 даляраў за голас, — расказвае палітоляг Гарут’юн Васаньян. — Яны ня ўпэўненыя, што ім будзе дастаткова палітычных рычагоў».

Усе папярэднія пратэсты і міні-рэвалюцыі ў Армэніі разганялі. У 2008 годзе на плошчы перад будынкам опэры расстралялі 10 чалавек. Некаторыя арганізатары і ўдзельнікі пратэстаў дагэтуль сядзяць у турме.

Дабрабыт у Армэніі таксама вонкавы. Дагледжаны горад заканчваецца за цэнтрам Ерэвану. А калі выехаць за межы сталіцы, уражаньне, што трапляеш у 1990-я. Тут не рамантаваныя гадамі дарогі і дамы, людзі езьдзяць на старых савецкіх машынах, літаральна на кожным кроку ржавеюць старыя аўтобусы і трактары. У некаторых гарадах, як у 20-тысячным Сэване на беразе аднайменнага возера, не пакідае думка, што тут толькі што скончылася вайна. Настолькі ўсё там занядбанае.

Заробак у 150-200 даляраў лічыцца высокім. Photo by Amos Chapple

Зарабіць на жыцьцё ў Армэніі цяжка. Напрыклад, у папулярным сярод турыстаў горадзе Гарыс на поўдні краіны заробак у 150-200 даляраў лічыцца высокім. Сярэдні даход у прынцыпе сувымерны таму, што людзі атрымліваюць у шараговым беларускім райцэнтры. Але побытавыя выдаткі ў армян большыя — камунальная плата і электрычнасьць, асабліва ўзімку, непад’ёмныя пры такіх заробках. Таму многія едуць працаваць у Расею альбо жывуць з таго, што ім пераводзяць сваякі з Францыі ці ЗША.

«Горш ужо няма куды, — кажа Тыгран, пэнсіянэр зь Ерэвану. — Раней мы не былі за Пашыньяна, але хоць хтосьці павінен зьмяніць уладу».​


«Чаму разумнымі людзьмі кіруюць дурныя?»

рэвалюцыйныя эўфарыя ў краіне паступова адыходзіць. Photo by Segei Gapon, AFP

На пытаньне пра рэвалюцыю большасьць армянаў адказвае патаснымі словамі: што гэта дзеля свабоды, годнасьці, сьветлай будучыні, супраць улады алігархаў і карупцыі.

«У нас будзе лепшая краіна, — кажа студэнт Давід, які разам зь сябрамі ўдзельнічаў у блякаваньні вуліц Ерэвану ўвесь месяц, — Мы заслужылі яе».

Аднак выглядае, што рэвалюцыйныя эўфарыя ў краіне паступова адыходзіць. Хаця яшчэ на многіх гаўбцах і машынах вывешваюць армянскія сьцягі. У начных барах выключаюць музыку, і ўсе тады падымаюць рукі дагары і пляскаюць у рэвалюцыйным рытме.

У нас будзе лепшая краіна. Мы заслужылі яе

Пашыньян яшчэ ня стаў прэмьер-міністрам і рэвалюцыя фармальна не адбылася, бо ўлада не зьмянілася. Але красавіцкія пратэсты ўжо сталі гісторыяй. Футболкі з барадатым рэвалюцыянэрам і кепкі зь лёзунгам «Моцны духам» прадаюць турыстам на рынку ў цэнтры гораду.

За месяц пратэстаў у Ерэване наступілі першыя выходныя бязь мітынгаў. У нядзелю ідзе дождж і горад незвычайна пусты. Тут нібыта рыхтуюцца да цяжкіх пераходных часоў. Ламаць палітычную сыстэму, якая існавала 21 год, будзе балюча.

«Рэвалюцыя добрая, каб зьмяніць каштоўнасьці і стары рэжым. Але натуральныя наступствы рэвалюцыі — гэта эканамічны крызіс. Існуюць вялікія рызыкі, што Пашыньян будзе страчваць папулярнасьць і падтрымку», — кажа палітоляг Армэн Мазманьян.

Абсалютная падтрымка Пашыньяна можа быць небясьпечнай. Photo by Gleb Garanich, Reuters

Мазманьян папярэджвае, што абсалютная падтрымка Пашыньяна можа быць небясьпечнай. Ягоная рыторыка простая і зразумелая для розных слаёў грамадзтва. Але гэта яшчэ ня значыць, што такімі ж правільнымі будуць ягоныя палітычныя рашэньні ў крэсьле прэмьер-міністра.

«Нельга выключаць і таго, што ён можа ператварыцца ў дыктатара, — кажа Мазманьян. — Але факт, што ён папуліст, бясспрэчны».

Аднак людзі, якія перакрывалі вуліцы і прыводзілі Пашыньяна да ўлады, пакуль далёка не загадваюць. Для армянаў важна, каб у краіне зьнікла нязьменная ўлада.

Для армянаў важна, каб у краіне зьнікла нязьменная ўлада. Photo by Amos Chapple

Мірам, маладая маці, выходзіла адна на вуліцу з малой дачкой у сьлінгу.

«Я больш не хачу, каб мая дачка жыла ў краіне алігархаў, дзе людзям забараняюць гаварыць, што яны думаюць, — кажа Мірам. — Армяне — вельмі разумныя людзі. Але чаму разумнымі людзьмі кіруюць дурныя?»